Калі гаварыць коратка і канкрэтна, дык варта зазначыць, што перад намі, як заўжды, два праклятыя пытаньні: хто вінаваты і што нам рабіць?

Зрэшты, на першае пытаньне адказ быццам бы знойдзены, і праблема, такім чынам, напалову зьнята, засталася другая яе палова. Але ў гэтай другой сабралася столькі праблемаў, што яны складаюць болей за палову, — ці ня ўсе самыя праклятыя праблемы засяродзіліся ў драконавым чэраве тае паловы.

Сапраўды, рабіць што?

Што ня ў сэнсе пустапарожняга дыскутаваньня ці шызафрэнічнай гістэрыкі пустазвонаў. Не ў майстэрскай імітацыі чыннасьці прафэсійных дэмакратаў ці нямоглых на справу нацыяналістых. А ў сэнсе практычнай прагматыкі, якая была б здольная на пэўны рацыянальны вынік. Найперш — вынік у галіне свабоды і незалежнасьці.

І тут узьнікае пытаньне: а ці сумяшчальныя між сабой тыя пастуляты — свабода і незалежнасьць? Прынята лічыць, што так. Толькі свабода, у тым ліку і свабода выбару, можа даць незалежнасьць, а незалежнасьць забясьпечыць свабоду. Але на практыцы мы ўбачылі, што тое — не зусім так, што ў той формуле яўна бракуе рацыянальнага сэнсу. Бо калі б ён там быў, дык быў бы вынік. А ў нас выніку — нуль.

Дык што ж нам рабіць?

Мяняць тактыку змаганьня? Але тактыка мае межы, і, мабыць, уся яна вычарпаная. Мяняць кіраўніцтва? Але якое на якое? Ці ня здарыцца так, што на месца кепскага старога прыйдзе яшчэ горшае новае? Рэвізаваць нашу старую нацыянальную ідэю, але ў якіх кшталтах? Можа, мяняцца самім (калі мець на ўвазе нашу нацыянальную эліту), але як і куды? Намагацца зьмяніць мэнталітэт электарату? Але тое ці ў нашай сіле? Калі таго мэнталітэту не зьмянілі стагодзьдзі яго паднявольнага існаваньня, ці магчыма тое за дзясятак гадоў тыраніі? Кажуць, што калі нацыя ня склалася за сто год, дык яна ўжо не складзецца ніколі. Ну а калі мы самі ў гэтым сэнсе ня надта ўдалыя, тады якое маральнае права мы маем патрабаваць зьменаў ад іншых? Хоць бы і ад тае субстанцыі, якую мы глыбакадумна называем электаратам?

Скрозь пытаньні і праблемы. А як вядома з Гегеля, найбольшая праблема ўзьнікае зусім не з канфлікту правага зь няправым, а менавіта з канфлікту правага з правым.

Ужо зразумела, што наш шаноўны электарат няздольны разьвязаць тыя заклятыя праблемы, іх прыйдзецца разьвязваць ягонай эліце. Правай і левай. Нацыянальнай і дэмакратычнай. Радыкальнай і лібэральнай.

З таго вынікае першая перадумова — аб’яднаньне.

Мы занадта слабыя, каб дзейнічаць паасобку, каб доўга вагацца — выбіраць і перабіраць, з кожнае нагоды круціць носам. Тым болей самаеднічаць, цягнуць да халоднай вайны ва ўласным стане.

Ня можам таго дазволіць сабе, бо інакш нас хутка ня стане. Ні правых, ні левых. Ні пэсымістых, ні аптымістых. Ні праведнікаў, ні вінаватых.

Ужо відавочна, што сьвет ідзе зусім не туды, куды яго скіроўваюць нашыя ўладары. Хоць бы Садам ці Лукашэнка. Ці нават Пуцін. Сьвет павярнуў у напрамку Буша. Але і ў тым кірунку месца для нас няма. Бо мы іншыя — занадта падлеглыя і талерантныя, з надта прыкметным бракам нацыянальнага эгаізму.

А там — панаваньне вялікай і магутнай сілы, якая, на жаль, не заўсёды ёсьць праўдай і справядлівасьцю. Хоць у шмат якіх выпадках менавіта так. Але сьвет зьменлівы, гісторыя парадаксальная. Нават ужо Бог у ёй не гарант. Што там можа наша зьнявераная, здушаная эліта і яе клясычны спакутаваны «цёмны крот», цяпер эфэктна званы электаратам.

Горш за ўсё тое, што час бясплённа мінае, а нашыя праблемы — ні зь месца. Дык што ж нам рабіць? Давайце раіцца.

Васіль Быкаў, Прага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0