Скарынаўскі цэнтар перажывае цяжкія часы. Супрацоўнікаў звальняюць, выпраўляюць у бясплатныя адпачынкі. Намесьнікам дырэктара ўстановы паставілі адстаўнога падпалкоўніка, які не гаворыць па-беларуску.

Ужо некалькі гадоў Скарынаўскі цэнтар ня мае нармалёвага фінансаваньня. Бюджэтныя грошы выдаткоўваюцца толькі на навуковыя дасьледаваньні, але не на ўтрыманьне будынку ды іншыя адміністрацыйныя выдаткі. Дырэктарку Цэнтру Любоў Уладыкоўскую-Канаплянік не палохае адсутнасьць фінансаваньня з боку Мінадукацыі, якому падпарадкоўваецца ўстанова: «У нас сытуацыя ня горшая, чым 5—8 гадоў таму. Мы на гаспадарчым разьліку і павінны самі зарабляць на сябе. Гэта дае нам і вялікую свабоду».

Праўда, зь лета 2002 г. бальшыня навуковых работнікаў працуе на 0,25 стаўкі. Многіх выправілі ў адпачынак за свой кошт ці звольнілі. Сытуацыю ў Скарынаўскім цэнтры яны ацэньваюць як катастрафічную. Вінаватай у праблемах установы называюць Л.Уладыкоўскую. Маўляў, не займаецца справамі Цэнтру належным чынам.

Былы навуковы сакратар установы Баляслаў Харкевіч, звольнены ў пачатку 2003 г., кажа, што яшчэ ўлетку 2002 г. калектыў выказаў Л.Уладыкоўскай на прафсаюзным сходзе недавер. Вынікам гэтага сталася звальненьне «завадатараў» — «мальдзісаўскае гвардыі»: Тацяны Махнач, Марыі Плаксы, Тамары Шкурко, Алесі Белавусавай.

Пры канцы 2002 г. Міністэрства адукацыі зладзіла рэвізію. Яе вынікі былі несуцяшальнымі для дырэктаркі: працоўнага кантракту з Л.Уладыкоўскай вырашылі не працягваць. Калі тэрмін кантракту выйшаў, кіраўнічка сабрала калектыў і разьвіталася. Пасьля гэтага, аднак, пачаліся загадкавыя зьявы.

Перш-наперш, Л.Уладыкоўская засталася на сваім месцы. Як — ня ведае ніхто. Адны кажуць, што ў Мінадукацыі было тэлефанаваньне з Адміністрацыі прэзыдэнта, іншыя называюць прозьвішча дэпутата Ігара Катлярова, кіраўніка камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе палаты прадстаўнікоў. Сама дырэктарка гаворыць, што ёй прапанавалі працягнуць кантракт: «Калі б я не пагадзілася на падпісаньне новага кантракту, сюды б прызначылі часовага выканаўцу абавязкаў і Цэнтар сам паступова сканаў бы».

Пасьля таго ў Л.Уладыкоўскай зьявіўся новы намесьнік (на грамадзкіх пачатках, бо сродкі не дазваляюць узяць штатнага) — падпалкоўнік у адстаўцы Ігар Захаранка, кандыдат геаграфічных навук. Зьяўленьне «шэрага кардынала» супрацоўнікі схільныя зьвязваць з тым таямнічым званком з Адміністрацыі. Новы намесьнік не гаворыць па-беларуску. Адным зь першых ягоных новаўвядзеньняў стаў кантроль за тым, каб супрацоўнікі Цэнтру… не знаходзіліся ва ўстанове ў свой непрацоўны час. Так, Вольга Мазурава была выстаўленая за дзьверы з тлумачэньнем: вы цяпер ходзіце сюды, а потым будзеце ў нас патрабаваць грошы як за працоўны час. Журналісту «НН» І.Захаранка заявіў, што наконт працоўнага распарадку ёсьць загад начальства: «Абмеркаваньню гэта не падлягае». Л.Уладыкоўская кажа, што прыходзіць могуць тыя людзі, якія сапраўды працуюць. «Чакаюцца вялікія скарачэньні. У Цэнтры сёньня вялікі баляст. Калісьці тут было выгадна працаваць: ніякага кантролю, заробак стабільны, хоць і маленькі… Каб Цэнтар быў саліднай установай, тут павінны працаваць прафэсіяналы».

Свае патрабаваньні да супрацоўнікаў дырэктарка выкладае ў некалькіх словах: «Я бяру новых людзей толькі з навуковымі ступенямі. Па-першае, мэнэджэраў і арганізатараў, якія б «прабівалі» праекты. Па-другое, знакамітых беларусістаў, якія б ведалі дасканала нашую культуру і беларускі кантэкст, а таксама мелі тэарэтычны склад розуму».

Праўда, адразу ж узьнікае сустрэчнае пытаньне: ці можна лічыць прафэсіяналам беларускае навукі падпалкоўніка І.Захаранку? «Гэты чалавек мае навуковую ступень і выдатныя арганізатарскія здольнасьці, а таксама — сьмеласьць заступацца за Цэнтар», — цьвердзіць спн.Уладыкоўская.

Аркадзь Шанскі