Сукупны гадавы тыраж гістарычных пэрыёдыкаў у 2002 г. скараціўся ў параўнаньні з 1997 г. больш чым у 6 разоў. Мінулы год быў небагаты і на новыя кніжныя выданьні. Нават унікальная праца Захара Шыбекі «Гісторыя Беларусі ад канца ХVIII ст. да нашых дзён», польскі пераклад якой уганараваны прэстыжнай прэміяй часопісу «Przegl№d Wschodni», дасюль ня выдадзеная па-беларуску. Пра гэта гаварылася на «круглым стале» гісторыкаў і выдаўцоў, што сабраліся ў ПЭН-цэнтры з ініцыятывы «НН» і часопісу «Arche».

Тэма паседжаньня гучала як «Беларуская гістарыяграфія на шляху да эўрапейскасьці», а ўзьніманыя пытаньні можна падзяліць на дзьве групы: беларуская гістарыяграфія і чаканьні заходніх калегаў, яна ж і чаканьні айчынных спажыўцоў.

На думку дасьледчыка ВКЛ Вячаслава Насевіча, між гэтымі чаканьнямі — прорва. Гістарычныя міты і навукова-папулярныя публікацыі дзеля нацыятворчых патрэбаў заходнія навукоўцы цяпер інтэрпрэтуюць як «нацыяналістычную гісторыю». Яна нікога не цікавіць за межамі Беларусі, бо іншыя нацыянальныя гістарыяграфіі даўно прайшлі гэты этап. Этноляг Павал Церашковіч расказаў, як немцы зь беларусамі супольна рыхтавалі нямецкі «Handbuch» па гісторыі Беларусі. Немцы не адразу прынялі канцэпцыі беларускіх удзельнікаў праекту. На думку П.Церашковіча, без папулярызацыі нацыянальных мітаў не абышлася ніводная нацыя. Тыя ж народы, якія ня мелі ў мінулым ні магутных дзяржаваў, ні вялікіх правадыроў, мусілі прыдумаць сабе легенды — як Лачплесіс у латышоў. І гэта спрацоўвала.

Да адкрыцьця памылак і драмаў нацыянальнага руху беларуская гістарыяграфія не заўжды гатовая. Для самога П.Церашковіча адкрыцьцём была кніга польскай дасьледчыцы Гелены Брадоўскай пра паўстаньне 1863 г., дзе на падставе дакумэнтаў раскрываецца трагедыя паўстанцаў. Іх выдавалі ўладам — і нават дабівалі параненых — польскія ж сяляне. Па-беларуску такую працу ўявіць сабе цяжка.

На думку рэдактара «Беларускага гістарычнага агляду» Генадзя Сагановіча, нашым навукоўцам яшчэ бракуе нацыянальнага духу, і гэта кепска. Захар Шыбека, куратар аддзяленьня гісторыі Беларускага калегіюму, наадварот, мяркуе, што гісторыя ўжо стала даволі нацыяналістычнай, і ацэньвае гэты факт станоўча. Бо безь беларусацэнтрычнага погляду на ўласную гісторыю нельга пабудаваць трывалую дзяржаўнасьць.

Узьнімаліся і больш прыватныя праблемы. Пісьменьнік Уладзімер Арлоў заклікаў да перавыданьня творчага даробку Лява Акіншэвіча. Аляксей Хадыка і Юры Голубеў пазнаёмілі з новай канцэпцыяй часопісу «Спадчына». Алесь Смалянчук з Гарадзенскага ўнівэрсытэту расказаў пра літоўскі ўзор: у Літоўскай акадэміі навук выдаюць гістарычны гадавік па-ангельску, які прадстаўляе навукоўцам усяго сьвету працы літоўскіх гісторыкаў. Такое патрэбна і нам. Але без падтрымкі дзяржавы гэткага ня выдасі, а на дзяржаўныя датацыі пакуль не выпадае разьлічваць.

Падрыхтоўка энцыкляпэдыі ВКЛ — не праява пэўнай палітыкі ўраду, а выключна адказ на рынкавы попыт, мяркуюць гісторыкі. Што яна прадасца, сумневу няма. Дарэчы, і беларускамоўны бэстсэлер №1 апошняе пяцігодкі — кніга гістарычная, «10 вякоў беларускай гісторыі» У.Арлова і Г.Сагановіча, якая вытрымала тры перавыданьні.

Яшчэ ўдзельнікі дыскусіі меркавалі, як зрабіць, каб гістарычная літаратура трапляла ў кнігарні, калі кнігараспаўсюдніцкая сыстэма «Белкнігі» «ляжыць у руінах» (выраз У.Арлова). Як зрабіць, каб у краіне рэгулярна выходзіў хоць адзін незалежны гістарычны часопіс. Ці ня варта аб’яднаць дзеля гэтага высілкі некалькіх выдавецкіх асяродкаў? На гэтыя практычныя выклікі рашэньняў пакуль не прапанавана. Да наступнага паседжаньня?

Мікола Бугай

Поўная стэнаграма гутаркі будзе надрукаваная ў красавіцкім нумары часопісу «Arche».