Калі зірнуць у не такую далёкую гісторыю, дык можна ўбачыць, як цягам не аднаго стагодзьдзя хрысьціянская Эўропа не магла згуртавацца дзеля абароны ад напору ісламскае цывілізацыі. Іншы раз малады манарх-рамантык мог пачуць заклік Рыму ды пайсьці бараніць братоў-хрысьціянаў. І скласьці сваю галаву пад далёкай Варнаю, як Уладзіслаў ІІІ, сын Уладзіслава ІІ Ягайлы. Амаль праз сто гадоў загіне і праўнук Ягайлаў — кароль чэскі й вугорскі.

А пад той час іншых каталікоў і пасьлядоўнікаў Марціна Лютэра ў Апостальскую Сталіцу прывядзе Карл V. Рым зьведае такое разбурэньне, якога ня ведаў тысячу год.

Частка Эўропы (ня ўся Эўропа) нешта зразумела, калі турэцкае войска рушыла на Аўстрыю, на Вену. Нават Масковія нарэшце ўступіла ў кааліцыю хрысьціянскіх дзяржаваў. А асноўны цяжар выпаў на Рэч Паспалітую, зьнясіленую маскоўскімі ды швэдзкімі агрэсарамі, унутранай барацьбою адных хрысьціянаў супраць другіх і турэцкаю навалаю. Выдатны палкаводзец, наш вялікі князь і кароль Ян Сабескі здолеў уратаваць Эўропу і хрысьціянскую цывілізацыю.

Ці адзначыць Эўропа 325-я ўгодкі перамогі пад Венаю празь пяць гадоў?

Паказальна, што Злучаныя Штаты ў сваіх антысадамаўскіх намерах знайшлі падтрымку Гішпаніі, гістарычнае разьвіцьцё якой было запаволена панаваньнем Халіфату.

У гэтыя дні я ўспамінаю Вену. І ўспамінаю, што было з гішпанцамі, партугальцамі, грэкамі, баўгарамі, сэрбамі, македонцамі, румынамі, што цярпелі беларусы і ўкраінцы толькі дзеля таго, што хрысьціяне Поўдню і Ўсходу, Захаду і Поўначы Эўропы не маглі паяднацца.

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0