Сёньняшняя тактыка нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі трохі падобная да савецкіх дысыдэнцкіх практыкаў 70-х гадоў ХХ ст. Але для дысыдэнтаў колькасны паказьнік быў неістотны: важны быў сам факт, што хтосьці выступае супраць сыстэмы. Дысыдэнты не маглі ствараць партыі, легальна выдаваць газэты, браць удзел у выбарах. Сёньня ж аднаго ўсьведамленьня сваёй маральнай перавагі над рэжымам мала.

На мітынг, што ладзіўся 23 сакавіка ля Паштамту, як паведаміла пасьля афіцыйная рассылка КХП-БНФ, сабраліся «сотні людзей». Відавочна выпала слова «паўтары». Акцыя была шэрая і пахмурная, як той нядзельны дзянёк. Людзі стаялі ціха, бяз кветак, амаль безь сьцягоў. Вакол — процьма журналістаў. Ды міліцэйскі «мацюкальнік» пэрыядычна нагадваў, што гэта мітынг і прысьвечаны ён 85-й гадавіне ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Найбольшаму нацыянальнаму сьвяту — дадамо ад сябе.

Разгон таксама быў тыповы, адпрацаваны на дзясятках падобных акцыяў. Арганізатары павялі людзей у заплянаваным кірунку, наперад ведаючы, што іх нікуды ня пусьцяць. Вынік — пад 50 затрыманых. Многія выпалі з працы на паўмесяца. Словам, усё як заўсёды. Але калі ўладам такая схематызацыя толькі на руку, бо спрашчае задачу, дык для нацыянальнага руху яна — сьмяротная. На мітынгах амаль не відаць новых твараў. Гэта не таму, што людзі змаргіналізаваліся, здрадзілі або баяцца. Папросту ў акцыях няма драйву, няма сьвежай жывой думкі, «творчага падыходу». На іх ідуць як на Галгофу.

Тым больш што на аўтаматычную кананізацыю кожнага апазыцыянэра, як гэта было за саветамі, можна не разьлічваць. Чым далей цягнуцца расколы, дробныя ўзаемныя прэтэнзіі, няўменьне дамовіцца ў элемэнтарных пытаньнях, тым меней людзі атаясамліваюць патрыятычны абавязак з наведваньнем мітынгаў.

Андрэй Скурко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0