28 Сакавіка

Адзінай валюты не прадбачыцца

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з старшынём Нацбанку Пятром Пракаповічам. І запатрабаваў дабіцца максымальнага патаньненьня крэдытаў для «рэальнага сэктару эканомікі». Таксама была гаворка пра супольную валюту. Мяркуючы па інфармацыі БелТА, кіраўнік дзяржавы паставіў задачу не ісьці на саступкі Расеі ў гэтым пытаньні.

Крэдыт для МАЗу

МАЗ атрымаў падатковы крэдыт на 38 млрд. 388 млн. рублёў i субсыдыi на 18 млрд. 605 млн. рублёў. Летась завод пачаў рабіць грузавiкі паводле экалягiчных стандартаў Эўра-1 i Эўра-2, якія вызначаюць узровень шкодных выкідаў рухавіка. 80% прадукцыi МАЗу экспартуецца ў Расею, дзе ўжо не дазваляюць рэгістраваць машыны старога стандарту Эўра-0. Грошы спатрэбiлiся, каб утрымаць цэны на старым узроўнi i захаваць сваю долю на расейскім рынку, бо новыя грузавікі маюць вышэйшы сабекошт. МАЗ мусiць аддаць крэдыт да 2005 г.

Страйкоўцаў пазбаўляюць ліцэнзіяў

16 індывідуальных прадпрымальнікаў з Салігорску пазбавілі ліцэнзіяў. Афіцыйная фармулёўка — «паводле вынікаў праверак санэпідэмстанцыі». Самі бізнэсоўцы лічаць, што гэта пакараньне за ўдзел у страйку 12 сакавіка. Іншых прадпрымальнікаў Салігорскі гарвыканкам прымушае здаваць грошы на набыцьцё сыстэмы відэанагляду за горадам.

«Наруцянка» насьвінячыла

Пракуратура зацікавілася дзейнасьцю сумеснага беларуска-чэскага прадпрыемства «Наруцянка». Тры гады таму яно ўзяло ў арэнду сьвінагадоўчы комплекс калгасу «Савецкі», што на Пружаншчыне. Парсюкоў гадавалі, эканомячы на ачышчальных сыстэмах, адкіды зьлівалі ў навакольныя вадаёмы. Уладальнікам сьвінакомплексу загадалі навесьці парадак, але штрафаў ня выпісалі.

Ільняныя круцялі

Частка кіраўніцтва Полацкага льнозаводу трапіла пад суд за службовы падлог. Паводле бухгальтарскіх справаздачаў, працаўнікі заводу атрымлівалі заробак ільновалакном. Насамрэч плацілі грашыма, а лён сьпісвалі і прадавалі камэрсантам па вышэйшых цэнах.

Стаўка рэфінансаваньня зьніжаная

З 21 сакавіка Нацбанк зьнiзiў стаўку рэфiнансаваньня да 37% гадавых. Да гэтага яна была роўнай 38%, што крыху перавышала рост спажывецкiх цэнаў. Ад зьнiжэньня стаўкi згубяць тыя, хто трымае ўклады ў беларускiх рублях, а выйграюць тыя, хто атрымаў рублёвыя крэдыты, працэнт па якiх роўны стаўцы рэфiнансаваньня.

Адлоў аграрнікаў

Як і штовесну, 26 сакавіка Міністэрства ўнутраных справаў пачало спэцапэрацыю «Аграрнік». «Мэта апэрацыі — папярэджаньне і спыненьне парушэньняў закону ў аграпрамысловасьці, забесьпячэньне захаванасьці насеннага фонду, сельскагаспадарчай тэхнікі, паліўна-змазачных матэрыялаў, атрутаў, хімікатаў і ўгнаеньняў», — паведамляе МУС.

АК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0