28 Сакавіка

Цыганкі заваражылі

Раніцай у дом жыхаркі вёскі Кляпчаны, што за два кілямэтры ад Слуцку, зайшлі тры цыганкі й прапанавалі купіць у іх пакрывала. Жанчына «павялася» на такі сэрвіс і пачала разглядаць тавар. А калі госьці пакінулі дом, яна не знайшла ў сваёй сумцы 340 даляраў і 90 тыс. рублёў. Затрымаць махлярак пакуль не ўдалося.

Міхась Кутнявецкі, Слуцак

«NRM» у Мазыры

13 сакавіка мазырчукі мелі магчымасьць наведаць доўгачаканы канцэрт улюбёнага гурту. Музыкі выступалі ў Мазыры ўпершыню і таму прапанавалі прысутным, паводле Вольскага, «своеасаблівае асарці» — праграму гітоў з розных альбомаў. Гурт наўсуцэль задаволіў чаканьні фанатаў, якія, не зважаючы на нядобразычлівых міліцыянтаў, адрываліся напоўніцу, выклікалі музыкаў на біс, а пасьля канцэрту доўгі час не разыходзіліся, жадаючы атрымаць аўтографы і сфатаграфавацца зь міністрамі Незалежнае Рэспублікі Мроі. Да квітка дадаваўся невялікі сюрпрыз — паштоўкі беларускіх гуртоў і каляндарык з выявай герба Мазыру.

Усяслаў Церашковіч, Мазыр

Дым для Іраку

Крычаўскі паэт і былы карэспандэнт раённай газэты «Ленінскі кліч» Міхаіл Розанаў зьвярнуўся ў амбасаду Іраку з прапановамі па супрацьдзеяньні войску ЗША. Ён прадставіў дэталёвы плян па абароне буйных гарадоў Іраку ад абстрэлу ракетамі з лазэрным навядзеньнем. Асноўная ідэя — вырабленьне вялікай колькасьці дыму і шчыльнае задымленьне неба над гарадамі, што не дазволіць ракетам трапіць у цэлі.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

Атрутны рамонт

Не па сваёй волі сталі таксыкаманамі на некалькі дзён вучні барысаўскай СШ №2. У школе рабілі рамонт напярэдадні сэмінару для музычна-пэдагагічных работнікаў. Санстанцыя дала згоду пры ўмове, што школьнікаў у будынку ня будзе. Але заняткі ўсё ж ладзіліся, і дзеці прыходзілі дадому з чырвонымі вачыма і з галаўным болем. Сэмінар прайшоў удала, але ці павінны дзеці рабіцца закладнікамі начальніцкай «паказухі»?

Зьміцер Панкавец, Кастрыца

Грошы на Касьцюшкаву сядзібу

Як ушанаваць памяць Тадэвуша Касьцюшкі на яго радзіме, у Косаве? Аб гэтым ішла гаворка ў Берасьцейскім аблвыканкаме. Палітычны дарадца амбасады ЗША ў Беларусі Тэд Контак і аташэ па пытаньнях інфармацыі, адукацыі і культуры Даян МакДональд, якія прысутнічалі на паседжаньні, прапанавалі сваю дапамогу — 20 тысяч даляраў на аднаўленьне сядзібы Т.Касьцюшкі. Дыпляматы паабяцалі, што грошы будуць пералічаныя, як толькі аблвыканкам дасьць канкрэтны плян будаўнічых работаў.

У Івацэвіцкім філіяле «Беларусбанку» адчыненыя два рахункі (валютны і рублёвы) для ахвяраваньняў на аднаўленьне сядзібы. Першы ўнёсак у памеры 10 тыс. рублёў паступіў ад пэнсіянэра Георгія Шасталы. Пералічылі грошы таксама калгас «Зара» і Косаўскі псыханэўралягічны дом-інтэрнат.

Алесь Лаўранюк, Івацэвічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0