З тэлевізара і радыё ў мову пакрыху праточваецца трасянка. У нейкі момант заўважаеш, што кажаш «па запрашэньню» замест «на запрашэньне», «па зьвесткам» замест «паводле зьвестак». А там і да «трапкі» з «карандашом» недалёка. Як і на пачатку кожнага году, у «НН» сабраныя тыповыя памылкі, заўважаныя ў артыкулах нашых аўтараў і лістах чытачоў за год мінулы.

Ня мае сэнсу

Вельмі часта мы ўжываем вінавальны склон замест роднага і кажам ‘не лічылі галасы’, ‘не падаў руку’ замест не лічылі галасоў, не падаў рукі. У гэтым выпадку мы ігнаруем правіла, паводле якога дзеяслоў з адмаўленьнем вымагае роднага склону залежнага ад яго назоўніка: ня ўзяў вышыні, ня мае сэнсу.

Былі чуваць словы

Другая частая памылка — неапраўданае ўжываньне безасабовых сказаў: ‘Праз туман было відаць дарогу’, ‘Скрозь шум было чуваць словы’. Такая лексычная канструкцыя перанятая з расейскай мовы. Беларус можа сказаць: ‘Нам было весела’, ‘Ёй стала сорамна’. Але, між тым, ён гаворыць: ‘Праз туман была відаць дарога’, ‘Праз шум былі чуваць словы’. Трэба запомніць: назоўнікі (прыметнікі, займеньнікі) пры лексэмах відаць, чуваць ставяцца ў форме назоўнага склону (дарога, словы).

Незагойная рана

Калькуючы расейскую мову, беларусы прызвычайваюцца да ўжываньня дзеепрыметнікаў з суфіксам -уч (-юч): ‘дамінуючая плынь’, ‘кіруючыя кадры’, ‘Тамаш няверуючы’, ‘абслугоўваючы пэрсанал’, ‘незажываючая рана’. Хоць суфікс -уч (-юч) можа сустракацца ў беларускіх назоўніках (‘будучыня’) і дзеепрыслоўях (‘махаючы рукамі’), наконт дзеепрыметнікаў існуе пэўнае правіла: калі дзеепрыметнік не нясе прыкметаў зьмяненьня ў часе, ён замяняецца прыметнікам — правільна будзе дамінантная плынь / плынь, што дамінуе, кіроўныя / кіраўнічыя кадры, Тамаш няверны, абслуговы пэрсанал, незагойная рана.

Увогуле, падчас утварэньня прыметнікаў мы часта робім памылкі: пішам ‘фірменны’ замест фірмавы або фірмовы, ‘дарэформенны’ замест дарэформавы, ‘бясформенны’ замест бясформавы, ‘язьвенны’ замест язвавы і г.д. А прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў з асноваю на -цыя (дысыміляцыя, фікцыя), пад уплывам расейскай мовы пішам зь фінальлю -тыўны, тым часам як аснова дазваляе пісаць і з -цыйны: дысыміляцыйны, камунікацыйны, фікцыйны і да т.п.

Дырэктарка, камандзірка

І не забываймася, што ў беларускай мове шырока ўжываюцца назоўнікі жаночага роду, якія абазначаюць жанок паводле прафэсіі, пасады: дэпутатка, камандзірка, аўтарка, касірка. Ня трэба баяцца такіх словаў — яны цалкам адпавядаюць законам нашай мовы.

Запазычаньні ‘санаторый’, ‘сцэнарый’, ‘камэнтарый’, ‘Юрый’, ‘Георгій’, ‘аграрый’ таксама часьцяком пішуцца на расейскі ўзор — з канчаткамі -ій, -ый. Унікаючы названых фіналяў, аддаём перавагу старым беларускім формам санаторыя, сцэнар, камэнтар, Юры / Юр, Георг, аграрнік. Як бачым, звычайна -ый проста адсякаецца. У некаторых выпадках такія словы пераходзяць у жаночы род, набываючы канчатак -ыя, як гэта адбылося з ‘санаторыяй’.

Мамчын сынок

Калі мы маем справу з прыналежным прыметнікам, утвораным ад назоўніка жаночага роду, тады ўжываем суфіксы -ін, -ын: лісіны хвост, мамчын сынок, але ніяк ня ‘лісі(й) хвост’.

І, калі мы ўжо зачапілі фіналі, хочацца згадаць дапушчальныя ў тарашкевіцы, але скасаваныя дэкрэтам 1933 г. множналікавыя канчаткі назоўнікаў мужчынскага і ніякага родаў: у месным склоне -ох і -ёх — у вачох, у лясох, у палёх; у давальным склоне -ом, -ём — чытачом, сябром.

На свой густ

Часта трапляецца ў нашай сёньняшняй гаворцы і няправільнае кіраваньне. Прыкладам, значэньні і ўжывальнасьць прыназоўніка ‘па’ ў беларускай мове адрозьніваюцца ад значэньняў і ўжывальнасьці прыназоўніка «по» ў расейскай. «Па» часта значыць ‘пасьля’: па вайне — гэта ‘пасьля вайны’, а па пятніцах — ‘пасьля пятніц’. Каротка пазначым, як даваць рады кіраваньню: пайсьці па грошы (не ‘за грашыма’), згодна з дамоваю (не ‘дамовы’), наведаць па запрашэньні / на запрашэньне (не ‘па запрашэньню’), паведаміць пад сакрэтам (не ‘па сакрэце’), выбіраць на свой густ (не ‘па свайму густу’), відаць з усяго / па ўсім (не ‘па ўсяму’), стварыць на ўзор / паводле ўзору (не ‘па ўзору’), паляваць на зайца (не ‘за зайцам’), знаходзіцца за дваццаць кілямэтраў ад гораду (не ‘ў дваццаці кілямэтрах’), даглядаць хворага (не ‘за хворым’).

Раз ужо трапілася слова «даглядаць», зьвярну ўвагу, што хворага, бабулю даглядаюць, а вось на мытні нас надглядаюць, мы праходзім мытны надгляд.

Трапляецца й няслушнае ўжываньне прыназоўнікаў. Так, для азначэньня прычыны многія ўжываюць выключна прыназоўнік з-за, забываючыся, што ў беларускай мове прычына паказваецца таксама пры дапамозе прыназоўнікаў праз, дзеля, ад ці проста з: дзеля марозу, празь пярэчаньні, ад хваробы, зь перашкоды.

Ясьце, дасьцё, п’яце

Бывае, мы пачынаем, як расейцы, казаць: ‘ідзёце’, ‘вядзёце’, ‘п’ёце’, ‘стрыжоце’. Але ж у такіх дзеяслоўных формах націск падае на апошні галосны канчатку: ідзяцй / ідзяцё, маўчыцй / маўчыцё, ясьцй / ясьцё, дасьцй / дасьцё, ведзяцй / ведзяцё, п’яцй / п’яцё, стрыжацй / стрыжацё. Каб дакладна вызначыць месца націску, можна паставіць слова ў першай асобе множнага ліку: ‘мы ідзём’, ‘мы маўчым’ — націск падае на апошні склад. Значыць, і ў другой асобе ён будзе тамсама.

Аплачваць

Здараецца й адваротнае, калі мы штучна множым памылкі, намагаючыся гаварыць «ня так, як расейцы». Самы пашыраны прыклад — слова аплачваць. Аднакаранёвыя да яго — аплата, сплата, плацеж, плаціць, платны, платнік. А нас цягне аплочваць праз аналёгію з тымі словамі, у якіх пад націскам выяўляецца этымалягічны [о] (выкопваць, саскокваць). У слове аплачваць –– этымалягічны [а], дык не зьмяняйма яго.

На самай справе

Яшчэ любім мы ўжываць словазлучэньне ‘на самой справе’. А правільней было б ‘на сбмай справе’. А калі яшчэ лепей паразважаць, дык гэтая канструкцыя цалкам скапіяваная з расейскай, а па-нашаму лепей сказаць насамрэч, напраўду, дапраўды, папраўдзе, у рэальнасьці.

Цяпер і зараз

Слова зараз мы таксама часта ўжываем на ўзор расейскага сейчас. Апошняе ў нашых суседзяў мае тры сэнсы: 1) хутка, зараз; 2) цяпер; 3) адразу, зразу. У беларускай мове на кожнае значэньне ёсьць асобнае слова. Аднак мы ўжо нават не заўважаем сваёй памылкі, калі кажам ‘зараз’ замест цяпер. Трэба памятаць: зараз будзе тое, што яшчэ не адбылося, але вось-вось адбудзецца (зараз прыйду). Калі ж гаворка йдзе пра тое, што ёсьць, — мусім сказаць цяпер.

Ні ў якай, ні ў кога

І пры канцы нашага ўроку роднай мовы паўторым лёгкае правіла: калі мы разьбіваем прыназоўнікам адмоўныя займеньнікі ніякая, нікога і да іх падобныя, напісаньне гэтых займеньнікаў захоўваецца — ні ў якай, ні ў кога.

Галіна Рабянкова

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0