28 Сакавіка

Сьвятлане П. з Кастрыцы. Дасланыя Вамі «Сабачыя гісторыі» для газэты не падыходзяць, бо абстрактныя, бесканфліктныя. Кранайце балючыя праблемы нашага жыцьця.

Андрэю А. з Гомелю. Напісана гладка. Але сюжэты нераспрацаваныя. Не стае інтрыгі, нечаканых паваротаў. Часам злоўжываеце апавядальнай манерай — тэкст перагружаны «размоўнымі» канструкцыямі. За формай губляецца зьмест.

Міколу Б. з Дубровы. Памкненьні пэўнага беларускага палітыка кіраваць суседняй дзяржавай — «барадаты» сюжэт. Пра гэта ўсе ўжо даўно напісалі. Таму фэльетон «НН» не падыходзіць.

Зьмітру К. з Воршы. Захад — найперш радзіма дэмакратычных каштоўнасьцяў, а не «заробку ў 1000 даляраў».

Усеваладу С. зь Менску. З паведамленьня пра выставу чытач атрымае слабое ўяўленьне пра тое, што ж там канкрэтна выстаўляецца і ці варта туды ісьці. Не пазначана таксама, колькі каштуе квіток у музэй і ці трэба купляць асобны на батлейку.

Ірэне Х. Як водгук на матэрыял «Аголеная Беларусь» Ваш ліст пайсьці ня можа, бо прысьвечаны іншай тэматыцы. У друк не бяром яго яшчэ й таму, што ў ім няма нічога новага проці вашых ранейшых допісаў. Нічога не зьмянілася ў Вашым натурыстычным жыцьці!

Пятруку К. зь Вялікага Сяла. Мо запішэце свае згадкі — як служылася беларусу на флёце? Зь цікавымі рэальнымі выпадкамі і старымі, забытымі показкамі.

Янушу Л. зь Віцебску. Дасланае Вамі інтэрвію з нэпальцам пра ўсё і ні пра што. Большасьць сказанага рэспандэнтам пра сваю краіну можна знайсьці ў падручніку па краіназнаўстве. Ягоныя развагі пра Беларусь мала розьняцца ад меркаваньняў іншых замежнікаў. Лепей будаваць гутарку вакол якойсьці канкрэтнай праблемы.

Віктару Д. зь Менску. На Вашых разважаньнях пра беларускі этнас ляжыць адбітак каляніяльных стэрэатыпаў. Манархічная тэорыя — блытаная. Што такое «манархія, якая ёсьць рэспублікай»? Манарх, запрошаны «з-за мора», не гарантуе зьяднаньня нацыі.

Зьмітру К. зь Віцебску. Віншуем з нараджэньнем дачкі!

Андрэю А. з Гомелю. Апавяданьні не для «НН».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0