Рэдакцыйны артыкул аўторкавага нумару газэты «Беларусь сегодня» пачынаецца з фразы: «Увесь сьвет хоча … каб амэрыканцам дасталася цяжкая перамога». Загалоўкі расейскай прэсы ў той жа дзень: «Сьмертаносныя памылкі амэрыканцаў», «Амэрыканцы нясуць калясальныя страты», «Ваенныя няўдачы ЗША», «Міт пра дасканалую зброю амэрыканцаў», «Амэрыканскія танкі гараць ад расейскіх ракетаў».

Іракцы сапраўды змаглі затрымаць амэрыканскія войскі на Эўфраце. Хоць пакуль пра няўдачы можна гаварыць толькі зь вялікай нацяжкай. Вайна яшчэ не набыла татальнага характару, і амэрыканцы самі выбіраюць, дзе і як уступаць у баі.

Калі ў Эўропе проста пануюць антыамэрыканскія настроі, Расея гарыць сапраўдным жаданьнем рэваншу. Гэта тым дзіўнейшае жаданьне, што Расея ніколі не ваявала з Амэрыкай, акрамя як «халоднай вайной». Няздольная зраўнавацца з Амэрыкай па эканамічным ці навуковым патэнцыяле, пабытовай уладкаванасьці, Расея ўсё ж па-ранейшаму бачыць сябе канкурэнткаю ЗША.

Мы назіраем фактычнае адраджэньне рыторыкі часоў «халоднае вайны». Рашэньне пра гэта магло быць прынятае толькі на самым высокім узроўні. Бяз волі Пуціна ў Маскве цяпер нічога ня робіцца.

Крытыка з амэрыканскага боку таксама распаляецца. Спачатку ў пастаўках Багдаду радыёэлектронікі і прылад начнога бачаньня Пэнтагон зьвінаваціў асобныя расейскія кампаніі. А празь некалькі дзён уплывовая «Wall Street Journal» зьмясьціла артыкул, які вінаваціць Расею ў падтрымцы ірацкае праграмы па стварэньні хімічнае і бактэрыялягічнае зброі. «Ніхто іншы не зрабіў для ўзнаўленьня садамаўскага арсэналу больш і ніхто так актыўна не спрыяў хаваньню праўды, як Расея, — робіць выснову газэта. — Калі гэтую зброю ўжывуць супраць нашых войскаў ці яна трапіць у рукі тэрарыстаў, Уладзімеру Пуціну, магчыма, ніколі больш не давядзецца атрымаць запрашэньне на тэхаскае ранча спадара Буша-малодшага».

Амэрыканцы не разумеюць: адкуль у Іраку столькі сучаснае зброі ў такім добрым стане пасьля 12 гадоў міжнароднага эмбарга? Яны лічаць, што ўзбраеньні маглі трапіць да Садама з былога СССР праз Сырыю.

На гэтым жа тыдні стала вядома, што Кангрэс ЗША мае апублікаваць інфармацыю пра гэтак званы «прэзыдэнцкі фонд» прэзыдэнта Беларусі, найбліжэйшай саюзьніцы Масквы. Цікава, што сам Лукашэнка гэтым разам імкнецца ўнікнуць сутыкненьня з Вашынгтонам. Нягледзячы на вострую крытыку вайны, ён не аднойчы за апошні месяц адкрыта ці ўскосна заклікаў з павагаю ставіцца да інтарэсаў і вымогаў «такой магутнай дзяржавы, як ЗША», а беларускай дыпляматыі загадана нармалізаваць з імі адносіны. Гэты піетэт — яўнае пабойваньне «дактрыны Буша» і імкненьне не дапусьціць прыняцьця «Акту аб дэмакратыі» ў Беларусі, які прывёў бы да новага вітку барацьбы за зьмену рэжыму ў Менску.

Падтрымкаю садамаўскага Іраку праціўнікі Злучаных Штатаў разьлічваюць зьнякровіць ЗША. Але зьнякроўленая Амэрыка можа і ў нос даць. Ня выключана, што Аляксандар Лукашэнка зразумеў гэта першым. «Беларусь сегодня» гаворыць пра «моду на антыамэрыканізм», немагчымасьць адкрытае падтрымкі Амэрыкі з унутрыпалітычных меркаваньняў, рэзка крытыкуе атамную праграму Іраку і Францыю, што дапамагла ў яе рэалізацыі. І заклікае амэрыканскую дыпляматыю «перагледзець свае «базавыя» падыходы ў дачыненьні да іншых краінаў». Ніколі раней афіцыйная прэса не выказвала такое гатоўнасьці адгарнуць новую старонку ў беларуска-амэрыканскіх дачыненьнях.

Барыс Тумар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0