04.04.2003 / 13:00

Твар беларускай інтэлігенцыі

17 студзеня, калі я вяртаўся з пасяджэньня Аргкамітэту па падрыхтоўцы сьвяткаваньня 85-х угодкаў БНР, ля пад’езду майго дому мяне чакаў сіні «Опэль», зь якога непрыкметна выйшлі бандыты і так моцна зьбілі мяне, што я на тры гадзіны страціў прытомнасьць і трапіў у нэўрахірургічнае аддзяленьне бальніцы.

Празь некалькі дзён Анатоль Кляшчук рабіў маё фота, якое было зьмешчана ў «НН» з надпісам «Твар беларускай інтэлігенцыі». Мой пабіты твар з сумнымі прыпухлымі вачыма стаў як бы сымбалем беларускай інтэлігенцыі. Я ляжаў у больніцы і думаў: «Дык які ж сапраўдны твар беларускай інтэлігенцыі?»

Пасьля стварэньня прэзыдэнцкай дзяржавы да большасьці насельніцтва Беларусі, у тым ліку і інтэлігенцыі, пачалі вяртацца тыя якасьці, якія былі тыповымі для бальшавіцка-савецкага часу і ад якіх яшчэ не пасьпелі як мае быць адвучыцца. Гэта перш за ўсё пачуцьцё страху — найбольш пашыранае ва ўсім жывёльным сьвеце. А яно вядзе за сабой такія адмоўныя зьявы, як рабскае паслухмянства, халуйства, падхалімства, дэмагогія, дзьвюхдушша і інш.

Як прыклад такога паслухмянства, прывяду нядаўнюю сэсію Агульнага сходу НАН, на якой зацьвярджаўся новы Статут. Кіраўнік дзяржавы вырашыў стварыць у Акадэміі чыноўніцкую вэртыкаль і выдаў загад, якім поўнасьцю ліквідаваў выбарнасьць кіроўных пасад прэзыдэнта НАНБ, віцэ-прэзыдэнтаў, галоўнага вучонага сакратара, Прэзыдыюму, людзей на якія ён цяпер прызначае сам. Сяброў Агульнага сходу зацьвярджае таксама ён, а кіраўнікоў устаноў НАНБ на кантрактнай аснове прызначае Прэзыдэнт акадэміі. Нават пры Сталіну ў АН не адмянялі выбараў. Камісія па падрыхтоўцы Статуту поўнасьцю ўключыла загад у яго праект. Галасаваньне было ня тайным, а адкрытым, і таму ўсе 394 сябры Агульнага сходу, які, праўда, быў на траціну разбаўлены прадстаўнікамі неакадэмічных устаноў, прагаласавалі «за». Я вельмі зьдзівіўся, калі ўбачыў, што «супраць» толькі я адзін, хоць я добра ведаў, што многія сябры Акадэміі не падтрымліваюць адмены выбараў сваіх кіраўнікоў. Цяпер, паводле Статуту, кіраўніком у Акадэміі можа стаць любы чыноўнік, нават не вучоны.

На жаль, апазыцыйная частка беларускай інтэлігенцыі вылучаецца, асабліва ў апошні час, многімі хістаньнямі, няпэўнасьцю, вялізнай асабістай ці калектыўнай амбіцыйнасьцю, што прыводзіць да сварак. Яшчэ ў час адраджэньня 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя мой дзядзька Максім Гарэцкі сказаў: «Ахвярую сваім «Я» ва ймя сьвятога ўсім нам адраджэньня». Зьмены існага цяпер сумна-трагічнага твару беларускай інтэлігенцыі можна дабіцца толькі тады, калі кожны нацыянальна сьвядомы жыхар Беларусі (асабліва зь ліку кіраўнікоў беларускіх партый і рухаў) будзе кіравацца запаветамі нашых адраджэнцаў-папярэднікаў. Толькі аб’яднаньне беларускай інтэлігенцыі можа прывесьці да пабудовы сапраўднай незалежнай дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавы, і тады кожны жыхар бяз злога ўдару ў твар падтрымае покліч: «Жыве Беларусь!»

Радзім Гарэцкі

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру