04.04.2003 / 13:00

Суд над дысыдэнткай

У тое, што гэтая невысокая абаяльная 29-гадовая жанчына ледзь не дзяржаўная злачынца, проста ня верыцца. Яна трымаецца спакойна і годна — так, мабыць, чакалі судоў савецкія дысыдэнты: дайце нам трыбуну, і мы скажам усю праўду пра вашу ўладу. А.Новікава гатовая гэтаксама ахвярна стаць перад судом, хоць мае яшчэ адзін абавязак — гадуе дзіця.

У Цэнтральным судзе Менску 3 красавіка пачаўся судовы працэс у справе Аксаны Новікавай, абвінавачванай у паклёпе на прэзыдэнта. 17 кастрычніка 2002 г. яе затрымалі каля рэзыдэнцыі падчас раздачы ўлётак, у якіх яна вінаваціла А.Лукашэнку ў захопе ўлады пасьля рэфэрэндуму 1996 г. і крымінальных злачынствах («НН» распавядала пра гэты выпадак у №40 за 2002 г.).

Сьведкамі зь ейнага боку на працэсе пагадзіліся быць Анатоль Лябедзька і Аляксандар Дабравольскі. Юрыдычную падтрымку А.Новікавай аказвае Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Спн.Аксана не спадзяецца на апраўдальны прысуд. У сваім звароце да прэсы яна напісала: «Тэарэтычна суд, апраўдаўшы Новікаву, павінен абвінаваціць прэзыдэнта». У размове яна зазначыла, што ўжо адчула ціск: «Суд мусіў пачацца 20 сакавіка, а ў мяне якраз захварэла дзіця. Судзьдзя асабіста затэлефанаваў мне дадому і запатрабаваў, каб я прыехала, іначай мяне арыштуюць. Расповед пра хворае дзіця ня дзейнічаў... Але, відаць, не было яшчэ замовы на арышт — хацелі толькі папалохаць. Пра нейкае аб’ектыўнае разьбіральніцтва няма чаго і казаць: мяне спрабавалі пакараць яшчэ да таго, як пайшоў працэс».

Папярэднія абвінавачваныя ў паклёпе на прэзыдэнта — Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка, Віктар Івашкевіч — былі асуджаныя на «хімію». А.Новікава кажа, што ёй такі прысуд не пагражае: «Нават паводле нашых урэзаных законаў мяне ня могуць адправіць на «хімію», бо я маю дзіця да 14 гадоў. Тут можа быць толькі пазбаўленьне волі — альбо рэальнае, альбо з адтэрміноўкай, альбо ўмоўнае».

На думку намесьніка старшыні АГП А.Дабравольскага, суд мусіць стаць унікальнай зьявай у найноўшай гісторыі Беларусі: «Паколькі А.Новікава, як і кожны грамадзянін, карыстаецца прэзумпцыяй невінаватасьці, суду давядзецца даводзіць, што А.Лукашэнка ня мае дачыненьня да тых злачынстваў, пра якія кажа А.Новікава. Я думаю, гэта будзе немагчыма. Ёсьць жа мноства публікацыяў у беларускай і замежнай прэсе, дзе абнародавана багата фактаў».

І А.Новікава, і А.Дабравольскі кажуць, што суд могуць абвясьціць закрытым. Аднак, паводле словаў Дабравольскага, гэта станецца прызнаньнем таго, «што ўладзе ёсьць чаго баяцца».

Аркадзь Шанскі

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру