Ідэалёгія нацыяналістычнага папулізму

Лукашэнка загаварыў пра сваю новую амбіцыю, гэткі вянок сваёй палітычнай кар’еры. Цяпер ён хоча быць ня проста выбраным хай сабе на дзесяць тэрмінаў прэзыдэнтам. Цяпер ён разглядае сваё прэзыдэнцтва найперш як спосаб закласьці доўгатрывалыя палітычныя традыцыі, якія перажывуць яго. А каб увекавечыць сваё імя на стагодзьдзі, трэба даць неперасягальныя ўзоры рэальнай палітыкі і палітычнага мысьленьня.

У пошуку «ідэалягічных асноваў сувэрэннай незалежнай дзяржавы» Аляксандар Лукашэнка зрабіў экскурс у гісторыю, да Вялікага Княства Літоўскага, Беларускай Народнай Рэспублікі і, нарэшце, да БССР, ад якой, паводле ягоных словаў, і пачынаецца традыцыя нашай дзяржаўнасьці. Ён доўга і падрабязна крытыкаваў беларускі нацыяналізм і нацыяналістаў за тое, што яны праводзяць падзелы ў грамадзтве паводле нацыянальнай і моўнай адзнакі, каб пасьля перайсьці да маштабу ўсяго сьвету й разгледзець тры глябальныя ідэалёгіі — марксізм, кансэрватызм і лібэралізм (марксізм і кансэрватызм у яго разуменьні блізкія беларускай душы, а лібэралізм — бясконца далёкі).

Расія, на думку Лукашэнкі, перастае быць культурным і духоўным узорам, а таксама тэхналягічнай і эканамічнай магутнасьцю. Вінаватымі ў гэтым прызнаюцца эканамічныя рэформы апошняга дзясятка гадоў, калі зьявіліся сыравінавыя алігархі, што несправядліва выкарысталі нацыянальныя расійскія багацьці. Рэзкая ацэнка даецца Расіі і ў сувязі зь яе падрыўной інфармацыйнай актыўнасьцю, якая перашкаджае дасягненьню палітычнай стабільнасьці ў краіне.

Нацыяналізму адраджэнцаў першай паловы 90-х гадоў XX ст. Лукашэнка супрацьстаўляе ўласны нацыяналізм. Праўда, у Лукашэнкавай прамове шмат палітычнае балбатні, якая надае ёй эклектычнасьці і засланяе гэты нацыяналістычны патас. Да таго ж, яна вельмі неаднародная. Частку, нашпіганаваную сухімі навуковымі фармулёўкамі, відаць, пісаў нехта накшталт акадэміка Бабосава, у разьдзеле пра СМІ адчуваецца рука рэдактара Якубовіча, а ў фармулёўках пра Беларусь як духоўную лідэрку ўсходнеэўрапейскай цывілізацыі ўгадваецца стыль Эдуарда Скобелева.

Пэўную частку прамовы складаюць спантанныя выказваньні самога Лукашэнкі, якія руйнуюць стэрэатып пра яго як «ваабшчэ ненармальнага калхозьніка». Лукашэнка, па ўласным прызнаньні, глядзіць «CNN», «Euronews» і «BBC», чытае «Рухнаму» Сапармурата Ніязава ў перакладзе на беларускую мову, слухае скандальную расійскую поп-групу «Тату» і высока ацэньвае ваяцкія здольнасьці чачэнскіх сэпаратыстаў.

Сам факт рэвізіі дзяржаўнай ідэалёгіі паказвае, што на самым палітычным версе зразумелі: ідэалёгія сацыяльнага папулізму, пад сьцягам якой Лукашэнка прамаршаваў першую пяцігодку сваёй прэзыдэнтуры, адпрацавала сваё. Але на зьмену сацыяльнаму папулізму ідзе ідэалёгія, трываласьць якой будзіць ня меншыя пытаньні, — яе можна вызначыць як нацыяналістычны папулізм. Ён будуецца з крутой сумесі асобных элемэнтаў клясычнай нацыяналістычнай дактрыны, каляніяльных культурных комплексаў і традыцыйных вартасьцяў патрыярхальнага грамадзтва. Колькі часу ў галовах вышэйшых урадоўцаў зможа мірна суіснаваць нацыяналістычны міт пра гістарычную абранасьць беларускай нацыі з публічнымі кпінамі зь беларускай мовы, сказаць цяпер ня ў стане ніхто. Але няма сумневу, што й гэтую пачварную мяшанку раней ці пазьней чакае перагляд.

Галоўнае ж, асучасьніваньне дзяржаўнай ідэалёгіі — выразны знак, што пакуль Лукашэнка ні з кім не зьбіраецца дзяліцца сваёй уладай.

Сьпіс частаты ўжываньня словаў у дакладзе А.Лукашэнкі «Моцная і квітнеючая Беларусь мусіць мець ідэалягічны фундамэнт».

ідэалёгія 195, дзяржава 157, праца 93, беларус~ы (наз.)/~кі (прым.) 90, я 76, народ 52, Беларусь 39, за 39, краіна 32, грамадз~тва/~дзкі 30, прэзыдэнт 24, саюз 24, моладзь/малады 24, культура 22, сьвет 21, эканоміка 19, палітыка 18, Захад 18, рэспубліка 17, Расея 17, лібэралізм 16, нацыянальны 15, падтрымка 13, Ірак 13, Амэрыка 12, супраць 10, незалежнасьць, незалежны 11, камунізм 9, апазыцыя 9, нацыяналізм 8, кансэрватызм 8, усход 8, сьветапогляд 7, урад 6, выбары 6, марксізм-ленінізм 5, кіраўнік дзяржавы 5, ЗША 5, расеец 4, сябар 4, мінулае 4, Эўропа 3, Лукашэнка 3, Масква 2, Буш 2, будучыня 2, рэфэрэндум 2, марксізм 2, рынкавы 1, адзінства 1, вораг 1.

Артыкул Валера Булгакава «Новая рэдакцыя лукашэнкаўскай ідэалёгіі» цалкам будзе надрукаваны ў красавіцкім нумары часопісу «Arche»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0