На ідэалягічнай нарадзе Аляксандар Лукашэнка нечакана згадаў Пятра Краўчанку. Маўляў, дыплямат «такое ўтварыў, што ад імпэратара да бамжа ў Японіі ўсе здрыгануліся». Прэзыдэнт актуалізаваў падзабыты ўжо леташні скандал. У адказ Пятро Краўчанка на радыё «Свабода» назваў Аляксандра Лукашэнку «палітычным бамжом Эўропы».

«НН» даўно зьвярталася да экс-міністра замежных справаў з просьбай пра інтэрвію. На мінулым тыдні ён нарэшце адказаў згодай. Ад сьнежня 2002 г., калі ён заявіў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі і неабходнасьць стварэньня «новай апазыцыі», былы пасол маўчаў. І вось, нарэшце, загаварыў. У інтэрвію «НН» ён распавядае аб правакацыях супраць яго, пра агентаў КДБ, пра свае сувязі з расейскімі палітычнымі элітамі й пра тое, чаму ён упэўнены ў перамозе на прэзыдэнцкіх выбарах.

«НН»: Спадару Краўчанка, чаму менавіта цяпер Лукашэнка выступіў з нападкамі на Вас?

П.К.: Лукашэнка лічыць мяне канкурэнтам. Пасьля зьнікненьня вядомых палітыкаў, разгрому апазыцыі, я сапраўды магу скласьці яму канкурэнцыю. Гэта чарговая палітычная правакацыя. Словы Лукашэнкі — абсалютная хлусьня.

«НН»: У інтэрвію радыё «Свабода» Вы згадвалі нейкую дамову між Вамі і беларускімі ўладамі...

П.К.: Дамовы афіцыйна не існуе. Гэта ў нейкім сэнсе джэнтэльмэнскае пагадненьне, якое яны парушылі.

«НН»: Лукашэнкаўцы распаўсюджваюць чуткі, што прычынай японскага скандалу была нерухомасьць беларускага пасольства, якую Вы нібыта выкарыстоўвалі не паводле прызначэньня...

П.К.: Абсалютнае глупства. Я вяду судовы працэс з МЗС Беларусі і агенцтвам «Інтэрфакс-Захад». Спачатку прэс-сакратар МЗС Латушка сьцьвярджаў, што Краўчанка зьнік у Токіё з чэкавай кніжкай, афіцыйнымі дакумэнтамі і пячаткай пасольства. Але ў судзе высьветлілася, што ніякай чэкавай кніжкі не існавала. Стала ясна, што гэтыя абвінавачаньні не праходзяць. Вось тады і выступіў Лукашэнка. Ён ужо не сьцьвярджае, што Краўчанка зьнік з чэкавай кніжкай і дакумэнтамі (дарэчы, у пасольстве не было ніводнага дакумэнта з грыфам «сакрэтна»), а гаворыць толькі пра пячатку. Але ім трэба даказаць, што пячатка ў той час не знаходзілася ў сэйфе і што я зьнік на адлегласьць у 200 кілямэтраў. Гэта чарговая хлусьня. Была праведзеная перадача матэрыяльных каштоўнасьцяў, і ўсё сышлося даляр у даляр. Пасол жа ня мае дачыненьня да грашовых сродкаў. Картка ад банкамата, паводле інструкцыі, знаходзіцца ў загадчыцы канцылярыі.

Я вінавачу Лукашэнку ў хлусьні і гатовы вытрымаць яшчэ адзін судовы працэс. Дзякуючы яго заяве стала ясна, хто арганізаваў гэтыя правакацыі супраць мяне. Ці ня дасьць ён яшчэ адно даручэньне спэцслужбам? Тое, што за мной ходзяць віжы, што яны «прывялі» мяне сюды, у рэдакцыю, — гэта факт. Праслухоўваюцца мае тэлефоны, мне пагражаюць. Калі са мной штосьці здарыцца, будзем лічыць, што Лукашэнка даў такое даручэньне.

«НН»: І калі Вам пачалі пагражаць?

П.К.: Адразу пасьля вяртаньня на Радзіму.

«НН»: Вы робіце сьмелыя заявы.

П.К.: Калі ідзеш у палітыку, няма чаго баяцца. Я ўсё жыцьцё рыхтаваўся да гэтых падзеяў. Калі будуць пагрозы, буду інфармаваць прэсу. Ёсьць людзі, якія могуць мяне абараніць.

«НН»: Ці можна сказаць, што прычынай усяму была кніга, якую Вы пісалі і якая зьнікла ў Токіё?

П.К.: Магчыма. Гэта ня кніга, а дзёньнік. Але асноўная прычына — у Токіё я пачаў аднаўляць палітычныя сувязі. Была сустрэча зь Білам Клінтанам. Лукашэнка папросту зайздросьціць. З кім ён сустракаецца? А я перапісваюся з Шымонам Пэрэсам, Джэймзам Бэйкерам, Гансам-Дзітрыхам Геншарам, былым міністрам замежных спраў СССР Аляксандрам Бясьсьмертных. У Японіі я жыў насычаным палітычным жыцьцём, палітычна ўмацоўваўся. Я не паддаваўся на правакацыі, якія былі ў 1998 і 2000 г. У Токіё тады прыяжджалі эмісары-правакатары, што хацелі мяне падбухторыць да ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2001 г.

«НН»: Можна назваць прозьвішчы гэтых людзей?

П.К.: Гэта прадпрымальнікі Б. і С. Пасьля адзін зь іх вылучаўся ў прэзыдэнты Беларусі. Ён былы кадравы афіцэр КДБ. Акрамя гэтай правакацыі, была іншая, зьвязаная зь перапіскай, з маім апавяданьнем «Грошы Купалы», якое, я не выключаю, першым прачытаў Лукашэнка. Я перадаваў яго праз аднаго з названых эмісараў на рэцэнзію Максіму Лужаніну. Але мая пасылка «зьнікла» ў Маскве — быццам бы таго чалавека абрабавалі ў гатэлі. А потым, праз тыдзень, яе «вярнулі». Апавяданьне надрукавала газэта «Звязда» 12 жніўня 2000 году.

«НН»: Чаму Вы не пайшлі на выбары-2001?

П.К.: Тады яшчэ рана было мне вылучацца. Народ быў не падрыхтаваны, як, дарэчы, і цяпер. Але пачынаць раскручвацца трэба за 3—4 гады да выбараў, Ганчарыку не хапіла часу. Таму мяне і правакавалі на фальстарт.

«НН»: Вас спрабавалі «выціснуць» на Захад?

П.К.: Вядома. Уся гісторыя з зьнікненьнем у Токіё — гэта правакацыя з мэтай прымусіць мяне застацца на Захадзе. Я не спужаўся, прыстойна давёў да канца сваю місію і вярнуўся. А ім вельмі хацелася, каб я затрымаўся яшчэ на некалькі месяцаў, а пасьля зьехаў у ЗША.

«НН»: У амэрыканскай амбасадзе ў Токіё Вы не былі?

П.К.: Быў, 3 ліпеня 2002 году, на афіцыйным прыёме з нагоды Дня незалежнасьці ЗША.

«НН»: Калі Вы зьбіраецеся балятавацца ў прэзыдэнты, мусіце мець нейкую каманду. Ці ёсьць ужо яна ў Вас?

П.К.: Над гэтым цяпер працую. Але я думаю, значная частка нашай нацыянальнай інтэлігенцыі, нашых настаўнікаў, мастакоў, пісьменьнікаў, якія добра ведаюць мяне на працягу амаль чвэрці стагодзьдзя, будуць маёй неафіцыйнай камандай. У кожным раёне, кожнай беларускай школцы, музэі, клюбе. Прафэсійна ж каманду буду афармляць, калі прыйдзе час.

«НН»: Ці прыме Вас апазыцыя?

П.К.: А мне гэтага ня трэба. Я адношу сябе да новай хвалі апазыцыі. Больш зьмястоўнай і памяркоўнай, больш канструктыўнай.

«НН»: Ужо цяпер гавораць, што за Вамі стаяць нейкія расейскія сілы...

П.К.: Для мяне Расея зьяўляецца прыярытэтам. Я буду гуляць менавіта на гэтым полі. Як дзяржаўнік, чалавек, які цэніць незалежнасьць Беларусі. Але, разам з тым, я — рэаліст. І я спрабую цяпер аднавіць свае ранейшыя адносіны з палітычнай элітай Расеі. Сустракаюся зь яе прадстаўнікамі. Напрыклад, на чэмпіянаце сьвету па футболе ў Японіі была ўся расейская палітычная эліта: ад Жырыноўскага да Хакамады. У гэтай краіне быў і прэзыдэнт Расеі, і практычна ўсе лідэры заходніх краінаў. Я аднавіў свае кантакты на Захадзе і на Ўсходзе.

«НН»: Улады, напэўна, шкадуюць, што паслалі Вас у Японію?

П.К.: Думаю, так. Яны хацелі б, каб я ператварыўся ў палітычнага маргінала. Ім было б мяне прасьцей вінаваціць у тым, што я «агент Захаду», што атрымліваю гранты. Я ня даў ім для гэтага ніякіх падставаў. Змог сябе палітычна захаваць.

«НН»: Як Вам удалося паехаць паслом у Японію?

П.К.: Лукашэнка не хацеў мяне туды пасылаць. Але ўсё вырашылі мае добрыя стасункі з расейскімі палітыкамі — Строевым, Селязьнёвым, Прымаковым. Я ў той час быў старшынём камісіі па міжнародных справах беларускага парлямэнту 13-га скліканьня, старшынём камітэту па міжнародных справах парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі. Меў кабінэт у Дзяржаўнай Думе Расеі. І да красавіка 1997 г. пастаянна бываў у Маскве, сустракаўся з палітыкамі, якія і прымусілі Лукашэнку адправіць мяне паслом у Японію.

«НН»: Што добрага і кепскага зрабіў Лукашэнка для нашай краіны за час свайго кіраваньня?

П.К.: Закладзена значнае палітычнае і эканамічнае адставаньне краіны. Мы ня проста не разьвіваемся, мы пачынаем загніваць. Гэта клясычны застой. Лукашэнка скампрамэтаваў ідэю дзяржаўнасьці. Калі ты сапраўдны дзяржаўнік, ніколі не дазволіш, каб твайго міністра арыштоўвалі перад тэлекамэрамі. Пасьля людзі ня будуць давяраць ніводнаму з тваіх чыноўнікаў. Нельга забыцца і пра сымболіку, мову. У краіне пануе таталітарны, панічны страх. Не хацеў бы адзначаць нейкія станоўчыя рысы праўленьня Лукашэнкі, бо іх я практычна ня бачу.

«НН»: Ці ёсьць у Вас спадзяваньне, што прэзыдэнцкія выбары будуць справядлівыя і аб’ектыўныя?

П.К.: Няма.

«НН»: Значыць, Вы гатовыя да паразы?

П.К.: Абсалютна не. Сцэнар падзей можа быць неспадзяваным і нечаканым. Пасьля выбараў 2004 г., калі зноў будуць вялікія парушэньні, на Лукашэнку будзе большы палітычны ціск і з боку Захаду, і з боку Расеі.

«НН»: Якія Вашыя бліжэйшыя пляны? Ці думаеце ўладкоўвацца на працу?

П.К.: Думаю. Паспрабую ўладкавацца на працу ў бліжэйшы час, хаця гэта зрабіць у Беларусі, як Вы добра разумееце, неверагодна цяжка. Хоць, магчыма, удасца знайсьці яе і тут. Яшчэ адзін варыянт — буду займацца навуковай дзейнасьцю, сканчаць працу над доктарскай дысэртацыяй.

Гутарыў Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0