Аляксандар Дабравольскі — адзін з самых дасьведчаных беларускіх палітыкаў. Сваю палітычную кар’еру ён распачаў яшчэ як дэпутат Вярхоўнага Савету СССР, цяпер зьяўляецца намесьнікам старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

У інтэрвію «НН» А.Дабравольскі распавядае пра стратэгію апазыцыі на будучых парлямэнцкіх выбарах, пра канкурэнтаў Лукашэнкі і скандалы вакол АГП, а таксама пра свае ўражаньні ад судовага працэсу над дысыдэнткай Аксанай Новікавай, на якім ён выступаў у якасьці сьведкі.

«НН»: Як Вы ставіцеся да дэпутацкай групы «Рэспубліка» і яе ініцыятывы па зборы подпісаў за зьмены ў Выбарчым кодэксе?

А.Д.: Наша партыя ладзіць кансультацыі з групай «Рэспубліка», хоць я і не лічу законным дзяржаўным органам палату прадстаўнікоў. Асноўная праблема ня ў тым, што ў краіне кепскія законы, а ў тым, што іх ніхто не выконвае, паколькі яны нявыгадныя ўладзе. Таму трэба ня толькі прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць міжнародным абавя-зацельствам Беларусі, але і забясьпечыць яго выкананьне. Дый для зьмены заканадаўства мала ўнесьці праект на разгляд у палату. Трэба арганізаваць унутраны і вонкавы ціск на ўлады, каб яны яго прынялі.

У Беларусі законнасьць бароняць ня тыя людзі, якія павінны гэта рабіць паводле сваіх службовых абавязкаў, а такія, як Новікава. Яна не юрыст, але яна сумленны чалавек, таму і выступіла супраць парушэньня закону ва ўсіх сфэрах. Паводле фармальных прыкметаў, не спрабуючы нават разабрацца (бо ім страшна гэта рабіць), пракурор Пазьняк і судзьдзя Есьман гатовыя судзіць жанчыну, маці малога дзіцяці. Гэта проста жудасна.

/b>«НН»: Ці паўплывала прызнаньне палаты прадстаўнікоў эўрапейскімі структурамі на міжнародную дзейнасьць АГП?

А.Д.: Мы бачым галоўную праблему ня ў тым, каб паказаць, што Лукашэнка дрэнны, а ў тым, каб вярнуць давер да нашай краіны, зрабіць так, каб міжнародная сытуацыя ўплывала на перамены ў Беларусі. За апошні год-паўтара адбыліся вельмі сур’ёзныя зьмены ў грамадзкай думцы. Людзі хочуць пераменаў, але яшчэ ня ведаюць, што іх ужо большасьць.

«НН»: Як вы ацэньваеце сёньняшні ўплыў ЗША на сытуацыю ў Беларусі?

А.Д.: ЗША заўсёды былі заклапочаныя сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, заўсёды цьвёрда выказвалі сваю пазыцыю, вельмі прынцыпова яе адстойвалі. Не дэманстравалі дзіўнай гнуткасьці, як гэта часам робяць эўрапейскія структуры, якія быццам бы і хочуць, каб нешта палепшала, але могуць пагадзіцца, каб было і горш… Цяпер у Кангрэсе ЗША абмяркоўваецца «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі». Гэта можа вельмі станоўча паўплываць на сытуацыю. Але ключ ад нашых праблемаў знаходзіцца тут, у Беларусі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. адзінства апазыцыі ператварылася ў неадзінства. Прычына тут ня толькі ў прэзыдэнцкіх амбіцыях партыйных лідэраў. Даволі пасьпяхова працуе ўлада, высілкі якой накіраваныя на раскол апазыцыі. Таксама адсутнічае давер паміж лідэрамі. І прычыны ня толькі псыхалягічныя: часам ёсьць маральныя падставы, якія дазваляюць сумнявацца, ці можна гаварыць з гэтым чалавекам, дамаўляцца. Калі мы ня вырашым гэтых праблем, бессэнсоўна спадзявацца на дапамогу звонку.

«НН»: У апошнія паўгоду адбылося некалькі гучных скандалаў, зьвязаных з АГП.

А.Д.: У нас былі праблемы. Двое сяброў нашай партыі рабілі некаторым людзям дакумэнты на выезд за мяжу і бралі за гэта грошы. Іх мы выключылі з партыі. Былі выпадкі, калі падрабляліся сяброўскія білеты АГП. Летась падраблялі нашы партыйныя білеты нейкія ўкраінцы. У Бэльгію ці Галяндыю прыехалі аж пяць такіх «партыйцаў»...

У Менску выйшлі з партыі два чалавекі, прычым адзін зь іх — кіраўнік раённай арганізацыі, а другі — сябар рады менскай гарадзкой арганізацыі. Няўрадавыя арганізацыі перакупляюць партыйных людзей, запрашаюць да сябе на працу, але ставяць умову, што чалавек павінен быць беспартыйным. Трое сяброў АГП выйшлі з партыі, бо ім паставілі такія ўмовы. Зараз яны будуць працаваць у т.зв. «новай сыстэме назіраньня». Гэта вельмі цынічныя праекты.

«НН»: Якая будзе стратэгія АГП на хуткіх парлямэнцкіх выбарах?

А.Д.: Ёсьць тры варыянты. Першы — ісьці на выбары паасобку і нічога не ўзгадняць. Так можна было рабіць на мясцовых выбарах, але на парлямэнцкія гэтая тактыка ўжо ня пройдзе. Другі — узгадніць усе акругі. Гэты варыянт вельмі рэальны, і нават з тымі партыямі, зь якімі ў нас звычайна дыялёг не ўдаецца, мы маглі б гэта зрабіць і падтрымалі б некаторых беспартыйных кандыдатаў. Трэці — зрабіць супольны блёк, з супольнай праграмай, паліттэхналёгіямі. Тэарэтычна гэта быў бы найлепшы варыянт, але практычна нас чакаюць цяжкія перамовы, узгадненьне праграмы, мэтаў, прынцыпаў... Выйсьце — зрабіць кароткую праграму: незалежнасьць, дэмакратыя, рынкавая эканоміка.

Ёсьць і такі аспэкт. Калі мы схілімся да трэцяга варыянту, а нашых кандыдатаў проста паздымаюць з дыстанцыі? Калі будзе толькі адзін кандыдат у адной акрузе і ніякай падстрахоўкі? Трэба рэалізаваць больш хітрую тактыку...

«НН»: Ці мае АГП свайго кандыдата альбо кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі?

А.Д.: Ён мусіць быць вядомы, папулярны, а з гэтым якраз цяжкасьці. Хтосьці з такіх людзей ужо перастаў працаваць, баючыся за сваё жыцьцё. Таму трэба зрабіць так, каб людзі ведалі, хто можа быць альтэрнатывай, але адначасова і не падставіць кандыдата раней часу.

Цяпер мы абмяркоўваем гэтае пытаньне. Зь некалькіх кандыдатаў у прэзыдэнты пасьля будзе абраны адзін, але ня так, як перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 г., калі выбіралі самі кандыдаты.

«НН»: А якім чынам?

А.Д.: У шмат якіх краінах ладзяцца т.зв. «папярэднія выбары». Гэты варыянт можа вырашыць большасьць праблемаў.

«НН»: Вы ня думаеце выставіць на прэзыдэнцкія выбары сваю кандыдатуру?

А.Д.: Не хачу! Мне падабаецца быць свабодным чалавекам, а быць прэзыдэнтам азначае, што давядзецца ў значнай ступені страціць свабоду. Да таго ж, я даволі крытычна стаўлюся да сябе і не лічу, што я ідэальны кандыдат.

«НН»: Ці падтрымліваеце Вы Лукашэнку ў ягоным курсе на незалежнасьць?

А.Д.: Я наагул Лукашэнку ня веру, ніводнаму яго слову. Лукашэнка хоча ўлады — гэта адказ на ўсе пытаньні. Гэта адзіная яго стратэгія, адзіная ідэалёгія. Усе астатнія існуюць толькі для таго, каб прыкрыць сапраўдную. Калі Лукашэнка зразумее, што Расея пагражае яго ўладзе, ён будзе змагацца за незалежнасьць. Але яго нельга назваць сапраўдным яе абаронцам.

«НН»: Як бы дзейнічала АГП, калі б узьнікла рэальная небясьпека страты незалежнасьці ў выніку міждзяржаўных дамоў ці рэфэрэндумаў?

А.Д.: Ня думаю, што АГП можа заклікаць да ўзброенага супраціву. Мы ведаем склад нашай партыі, настроі сярэдняга беларуса. Але, думаю, знойдуцца і такія людзі. І спробы анэксаваць Беларусь не дадуць станоўчага выніку. Гэта мы якраз і тлумачым расейскім палітыкам. Кажам, што гэта можа стаць новым фактарам разбурэньня Расеі. Цяпер нікому ня трэба новыя канфлікты. А гэта будзе менавіта новы канфлікт. І тыя, хто выступае сёньня за нерадыкальныя сродкі палітычных дзеяньняў, могуць ператварыцца ў радыкалаў.

Гутарыў Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0