Пятро Пракаповіч прапанаваў Расеі заведама непрымальны кампраміс.

Кіраўніцтва Расеі працягвае настойваць на ўвядзеньня супольнай валюты ў якасьці перадумовы міждзяржаўнае інтэграцыі. Для Беларусі такі варыянт непрымальны.

На сустрэчы з кіраўніцтвам Цэнтрабанку Расеі Пятро Пракаповіч запрапанаваў кампраміс: Беларусь адмаўляецца ад права на эмісію наяўных грошай, аднак Расея мусіць цалкам пакрыць «страты» ад такой адмовы. Расея павінна даць Беларусі «тэхнічны крэдыт», які тую (пакуль не названую) суму цалкам пакрые. Слова «крэдыт» ужытае для зьмякчэньня фармулёўкі: вяртаць яго Беларусь ня будзе. Пракаповіч спаслаўся на досьвед новых чальцоў Эўразьвязу, што патрабуюць ад Цэнтральнага эўрапэйскага банку кампэнсацыі за страту манэтарнага сувэрэнітэту. Паводле пагадненьняў, што былі заключаныя раней, Цэнтрабанк ужо абавязаўся даць Беларусі ў 200 млн. даляраў ды 4,5 млрд. расейскіх рублёў (каля 150 млн. даляраў) крэдыту на стабілізацыю курсу нашага рубля.

Між тым, эмісія наяўнага рубля ня ёсьць вызначальнай для грашовай сыстэмы. Галоўнае – эмісія безнаяўнага рубля, ад якой Беларусь ня мае намеру адмаўляцца.

Расейскае інтэрнэт-выданьне «Газета.ru» ад прапановы Пракаповіча ў лёгкім трансе: «Пра якія страты Беларусі размова, не зусім зразумела. Беларусь, наадварот, можа нямала зэканоміць на друку банкнотаў».

Калі Расея адмовіцца «плаціць за чарговы крок да аб’яднаньня», дык прызначаны на 1 студзеня 2005 г. увод адзінай валюты не адбудзецца. Зрэшты, Пятро Пракаповіч пасьля вяртаньня з Масквы назваў яшчэ тузін прычынаў, чаму супольная валюта немагчымая: няма супольнай гаспадарскай прасторы, адзінага Падатковага кодэксу, мытнай прасторы, пэўнасьці зь беларускай запазычанасьцю за газ і расейскімі цэнамі на яго, адзінага рынку каштоўных папераў і г.д.

Расейскі бок папрасіў месяц на роздум.

МБ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0