«Фальксваген» будзе зьбіраць машыны не ў Абчаку, а ў Закарпацьці

Пашанцавала людцам, што жывуць ва ўкраінскім мястэчку Саламонава, што пад Ужгарадам. Замест таго, каб падавацца за блізкі сьвет на заробкі, яны зьбіраюць «шкоды» ды «аўдзі» на тамтэйшым заводзе «Эўракар». Летам працы паболее: з канвэеру сыйдуць першыя ўкраінскія «фальксвагены».

Кіраўніцтва канцэрну «Фальксваген» у роспачы: заходні спажывец, напужаны войнамі, тэрактамі ды эканамічнай нестабільнасьцю, набывае менш легкавікоў. Найгорш ідуць справы ў ЗША — там продажы канцэрну зьменшыліся на 17% у параўнаньні зь леташнім узроўнем. Адна надзея на ўсходнеэўрапейцаў, звыклых да катаклізмаў і прагных да добрых, але недарагіх аўто.

Ужо ў ліпені на заводзе, што належыць украінскаму ЗАТ «Эўракар», пачнуць зьбіраць легкавікі мадэлі «пасат». Калі справа пойдзе гладка, да іх далучацца «гольф», «бора» ды «пола». Зборку наладзяць па тэхналёгіі SKD: зь Нямеччыны будуць везьці пафарбаваныя кузавы і дэталі, а рабочыя «Эўракару» будуць іх скручваць.

Кажуць, што немцам насамрэч патрэбны не завод ва Ўкраіне, а мытныя ільготы. Везьці празь мяжу гатовыя машыны з заводу ў Вольфсбургу дорага, а разабраныя легкавікі мытай не абкладаюцца.

Аднак кіраўніцтва «Фальксвагену» не разгладае «Эўракар» як гурток «зрабі сам». Саламонава пойдзе па шляху польскага заводу «Шкода-Фальксваген» у Познані. У 1991 г. там наладзілі буйнавузлавую зборку (як цяпер у Саламонаве). Пасьля пакрысе перайшлі да глыбокай канвэернай зборкі — акурат, як у Нямеччыне. Украінцы будуць выкарыстоўваць ня толькі экспартаваныя, але і айчынныя дэталі. «Фальксваген» ужо падпісаў дамовы з 23 заводамі краіны на вытворчасьць запчастак да сваіх легкавікоў.

Аўтаінтэграцыя

Экспансію на ўкраінскі рынак «Фальксваген» пачаў праз «Шкоду» — сваё даччынае прадпрыемства. Першыя «шкоды» на «Эўракары» пачалі зьбіраць у сьнежні 2001 г. Летась вырабілі 2010 легкавікоў. Чэхам так спадабалася якасьць, што акрамя «фабіяў» ды «актавіяў», прызначаных для паспалітых людзей, заводу даручылі выпускаць прэстыжныя «шкоды супэрб». У канцэрне «Аўдзі» прыгледзеліся да канкурэнтаў ды таксама замовілі заводу ў Саламонаве зборку мадэляў «А4» ды «А6».

Вабіць замежнікаў і тое, што завод знаходзіцца ў вольнай эканамічнай зоне «Закарпацьце» з адпаведнымі падатковымі ільготамі. Украінскія ўрадоўцы нездарма кажуць, што разглядаюць «Эўракар» у кантэксьце эўрапейскай інтэграцыі: да яго нават праклалі ад славацкай мяжы чыгунку з эўрапейскімі «вузкімі» рэйкамі.

У гіт-парадзе — «украінцы»

Цяпер «Фальксваген» прадае ва Ўкраіне каля 3 тыс. новых легкавікоў у год. З дапамогай заводу ў Саламонаве, які можа вырабляць іх штогод 15 тыс., гэтую лічбу зьбіраюцца падвоіць. У плянах — падвысіць вытворчыя магутнасьці заводу да 45 тыс. машынаў у год.

Аднак пакуль ва Ўкраіне «фальксвагены» саступаюць больш папулярным «шкодам» і «дэў». Гэтая тройка лідэраў цалкам складаецца з «айчынных» аўто, бо «дэў» зьбіраюць на Запароскім аўтазаводзе, а «шкоды» — на «Эўракары». Папулярнасьць залежыць ад цаны. Саламонаўскія «фальксвагены» будуць купляць лепей: замежны легкавік каштуе на 15—20% даражэй за аналяг украінскай зборкі. А якасьцю яны ня дужа будуць розьніцца ад закардонных: усе рабочыя «Эўракару» цягам некалькіх месяцаў праходзяць падрыхтоўку за кошт канцэрну на заводах «Шкода» ў Чэхіі.

Ім — грошы, нам — чуткі

«Фальксваген» зьбіраецца будаваць і сэрвісныя станцыі. Ва ўкраінскіх гарадах актыўна ствараюць сетку сэрвіс-цэнтраў «Шкода». Нам застаецца толькі глынаць сьлінкі, думаючы пра добра аплочаныя працоўныя месцы, што чакаюць украінцаў.

Ці азначае гэта, што «Фальксваген» больш ня мае патрэбы будаваць завод у Беларусі? Зусім не. «Эўракар» перш за ўсё мусіць задавальняць патрэбы ўкраінскага рынку. Аб’ёмы выпуску легквікоў будуць вызначаць запросы тамтэйшых аўтадылераў. Нават у Расею танныя «фальксвагены» на экспарт ня пойдуць. Таму чуткі пра тое, што немцы выкупяць былы завод «Форд» у Абчаку, працягваюць лунаць у паветры. Іншая справа, ці застануцца яны чуткамі назаўжды.

Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0