У суботу ўзяў піва і пайшоў да бэрлінскай сядзібы Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу, дзе пацыфісты ладзілі свой тусач. Ішоў на акцыю як на сустрэчу з старымі карашамі.

Думаў пабачыць усіх ганаровых сяброў бэрлінскага левага клюбу: саўкоў з ПДС — партыі нашчадкаў Хонэкера, фанатыкаў двух варожых трацкісцкіх ордэнаў, якія не падзялілі тэарэтычнай спадчыну Лява Давідавіча, курдзкіх мааістаў з бубнамі, багатых левых інтэлектуалаў і, нарэшце, гурток агрэсіўных панкаў з сабакамі-вэгетарыянцамі.

Дабраўшыся да месца збору, заўважыў, што ў нашай пясочніцы зьявіліся новыя твары. Тынэйджэры. Мора падлеткаў. Гэта была нейкая новая левая шыза, якой я яшчэ ніколі ня бачыў.

Адна з удзельніц дэма трымае плякат: «Бамбіць дзеля міру — тое самае, што трахацца дзеля самотнасьці». Палітызаваную Лаліту завуць Ганна, ёй 14 гадоў. Кажа, што ўзначальвае школьны камітэт супраць вайны, які сёньня дзейнічае пры кожнай школе. Колькі іх? Толькі ў Бэрліне каля 70000 чалавек. Чаго жадае — каб не было вайны. Вайна — гэта дрэнна. Капіталізм — гэта дрэнна. Сацыялізм — гут.

З размовы так і не дапёр, чаго патрабуе Ганна: мікс паміж Талстоем і Карлам Марксам.

Але хіба гэта галоўнае? Галоўнае, што быць сёньня на Захадзе пацыфістам — гэта крута. Крута насіць майку з Чэ Геварам і значкам Гандзі, нягледзячы на тое, што ў свой час кангрэс Камінтэрну засудзіў Гандзі як дробнабуржуазнага халуя. Крута хадзіць на пацыфісцкія дэма і байкатаваць «Макдональдзы». А хто так ня робіць, той адстойны лох, у якога відавочна будуць праблемы з пошукам сэксуальнага партнэра.

Такія ж «наіўныя палаючыя вочы», як у Ганны, апошнім разам я бачыў у 1997-м на сядзібе МФ. Севярынец марыў стварыць з падлеткаў моладзевую субкультуру.

У Бэрліне я бачыў мару Севярынца: 20000 тынэйджэраў беглі, як па Тыргартэне, равучы «Не вайне!», «Сьвету мір!», «Хай будзе сонца!». Крутое відовішча!

Нават калі Буш будзе кожны тыдзень скідаць па аднаму дыктатару, гэта не пераканае Ганну і яе сяброў кінуць бегаць на дэманстрацыі. Гэта кшталту прынцыпу самаідэнтыфікацыі. За апошнія паўгоду на Захадзе нарадзілася новая моладзевая субкультура — пацыфісты. Яна мае структуры, матэрыяльныя магчымасьці (майка «No war» каштуе 20 эўра, калі бярэш тры — чацьвертая бясплатна) і падлеткавы кураж, каб дамінаваць на глябальным рынку моладзевай моды. Яна дасьць наступную генэрацыю палітычных актывістаў, у тым ліку і ў Беларусі.

Вельмі важным днём для фармаваньня мітаў новай субкультуры стане 1 траўня, калі большасьць з гэтых тынэйджэраў першы раз у сваім жыцьці выйдуць на Першамай. Першамай на Захадзе — дзень рытуалізаванай агрэсіі супраць паліцыі. Прыкольна было б даведацца, што скажа Ганна пра праблемы міру і вайны, запусьціўшы «кактэйль Молатава» ў паліцэйскі браневічок.

Лёлік Ушкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0