Прапаганда ўбіла нам у галовы купу савецкіх мітаў. Прыкладам, беларусы і сёньня вераць, што краіна — высокаадукаваная.

Між тым, калі рабіць разьлік на ўсё насельніцтва краіны, дык ВНУ скончылі толькі 11,28% грамадзянаў. А ўрад моладзь па навуку на Захад ён не пасылае. Наадварот: выціскае сваёй палітыкай адмыслоўцаў за мяжу і зьніжае працэнт адукаваных у краіне.

Гэта пра колькасныя паказьнікі. Цяпер наконт якасных. У лютым 1929 г. адзін функцыянэр паведаміў ХІІ зьезду КП(б)Б, што 66% настаўнікаў ня маюць пэдагагічнае адукацыі. А 5 жніўня 1932 г. была апублікаваная пастанова СНК БССР аб увядзеньні ўсеагульнага 7-гадовага навучаньня. Ня думайце, што за тры гады зь неба ўпалі высокакваліфікаваныя пэдагогі. Усё прасьцей: сьвету дэманстравалі «заваёвы» «дыктатуры пралетарыяту».

Яшчэ ў 1955 г. мяне ў 1-й клясе вучыла настаўніца зь сямігодкай за плячыма, а ў 1958 г. была ўведзеная ўсеагульная васьмігадовая адукацыя. Празь дзесяць гадоў абавязковай стала адукацыя сярэдняя. Перад школай і ня ставілася задача даваць вучням веды, патрэбныя для навучаньня ў ВНУ. Задача была прасьцейшая: даць усім школьнікам атэстат і арыентаваць іх на «рабочыя прафэсіі», хоць самі чыноўнікі цынічна прызнаваліся, што ўзровень тэхналёгіяў у СССР не патрабуе такой колькасьці работнікаў з атэстатамі.

Вынікам валюнтарысцкага падыходу да праблемаў адукацыі і бальшавіцкае паказухі сталася масавая квазіпісьменнасьць: у чалавека атэстат, а веды — на сем клясаў. А незапатрабаваныя веды ня толькі не ўзнаўляюцца, але й губляюцца. Таму ня дзіва, што дзядзькі і цёткі з 10-цю клясамі ня могуць разьвязаць простае задачкі й пішуць з процьмаю памылак.

У СССР добра выкладалі навукі, патрэбныя вайскова-прамысловаму комплексу, а гуманістыку і грамадзянскую адукацыю замяніла прапаганда. Адсюль яшчэ адзін вынік: у нас ня кожны чалавек з вышэйшай адукацыяй ведае свае правы і кампэтэнцыю паасобных дзяржаўных органаў. Дык што ж дзівіцца, што гэтага ня ведаюць людзі зь сярэдняй ці сямігадовай адукацыяй? А ўжо такія «складаныя рэчы», як падзел уладаў, палітычныя ідэалёгіі, выбарчыя сыстэмы...

Электарат Лукашэнкі складаецца не зь непісьменных, а з квазіпісьменных людзей: як правіла, усе 65-гадовыя і ў горадзе, і ў вёсцы скончылі савецкія сямігодкі, але ня кожны зь іх здолее прачытаць газэту і выкласьці сэнс прачытанага.

У вёсках выпускнікоў ВНУ значна менш, чым у гарадох (4,97% супраць 14,08%). А з гарадоў найбольшая канцэнтрацыя іх у сталіцы. Ні бальшавікі, ні іх наступнікі ня здольныя вырашыць сацыяльныя і культурныя праблемы вёскі. Сваё бясьсільле нэабальшавікі даводзяць тым, што ўводзяць асобны конкурс для абітурыентаў зь вёскі. Але ці падвысіцца ад гэтага якасьць вышэйшае адукацыі? Яна й так падае.

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0