15 красавіка быў зацьверджаны сьпіс намінантаў на сёлетнюю «Рок-карону» і створаны Статут Каранацыі — правілы адбору кандыдатаў на прызы.

Паводле іх, галоўную карону цяпер ня можа атрымаць супольны праект ці кампіляцыя — ні зборнікі БМА, ні «Personal Depeche» пераможцамі ў намінацыі «Выканаўца году» ня стануць. Нават «Баляды» Зьмітра Вайцюшкевіча ў сьпіс ня трапілі.

Ва ўсіх асноўных намінацыях фігуруе Лявон Вольскі. На галоўны прыз прэтэндуюць «NRM», «Крамбамбуля» і «Палац», на альбом году — «Дом культуры» «NRM», «Журавы» «Тройцы» ды «Чужыя дзеўкі» «Палацу», на «Найлепшы кліп году» — «Абсэнт» «Крамбамбулі», «Юность» «Ляпіса Трубяцкога» і «Калыханка» Сашы зь Сірожам.

Намінанты на «Песьню году» мусілі мець пастаянную ратацыю ў ФМ-этэры — гучаць хоць цягам двух тыдняў раз на дзень. Таму выбар быў невялікі: «Абсэнт» («Крамбамбуля»), «Лямпа» («Імпэт») і «Вэб-дызайн» («J-mors»).

«Personal Depeche» мае шанцы толькі ў намінацыі «Прадусар году». Тут Халадзінскі, Макараў і Старповіч — стваральнікі «нашых дэпэшаў» будуць спаборнічаць з Ганнай Вольскай, прадусаркай «Крамбамбулі», і Арынай Вячоркай—Віталём Супрановічам, што зрабілі явай «Легенды Вялікага Княства». «Падзею году» аддалі без варыянтаў Першаму музычнаму каналу.

Ня будзе сёлета намінацыяў «Рок-князёўна» і «Музыка году», яны вычарпалі сябе. Затое ўручаць прыз найлепшаму рэгіянальнаму выканаўцу. У намінацыю «Адкрыцьцё году» вядомыя музыкі цяпер дапускацца не будуць. Ні «Крамбамбуля», ні Памідораў зь «Сьвятам пакрадзеным», ні «Гарацкія» Піта Паўлава шанцаў тут ня маюць.

Ці рэанімуюць новыя правілы самы буйны рок-фэст — пабачым 25 красавіка ў КЗ «Менск».

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0