Нядаўна Беларусь наведаў дэпутат украінскага парлямэнту, сябра фракцыі В.Юшчанкі «Наша Ўкраіна» Ўладзімер Бондар. Ён браў удзел у міжнародным моладзевым сэмінары «Стратэгія зьменаў» і наведаў рэдакцыю «НН». Паводле словаў дэпутата, ва Ўкраіне сёньня адчуваецца недахоп інфармацыі пра падзеі ў Беларусі. Мы ж папрасілі У.Бондара распавесьці пра сытуацыю ва Ўкраіне напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2004 г.

«НН»: Ці пойдзе Леанід Кучма на трэці тэрмін?

У.Б.: Наўрад ці. Канстытуцыя не дазваляе, а каб яе зьмяніць, Кучма ня мае падтрымкі 2/3 парлямэнту. Прэзыдэнт рыхтуе перанос выбараў. Але, зноў жа, парлямэнт яго ў гэтым не падтрымае.

«НН»: Наколькі моцныя ўплывы Расеі на палітычную сытуацыю ва Ўкраіне?

У.Б.: Большасьць нашых сур’ёзных прадпрыемстваў сёньня належаць расейскаму капіталу. Ён уплывае на палітыку праз лабіраваньне сваіх інтарэсаў. Апроч таго, Кучма моцна залежыць ад Расеі, шукае там паразуменьня. Каб працягнуць тэрмін свайго прэзыдэнцтва, ён паступаецца эканамічнымі інтарэсамі Ўкраіны.

Дый многія палітычныя сілы Ўкраіны карыстаюцца паслугамі расейскіх піяр-агенцыяў для распрацоўкі ўласнай стратэгіі. Расейскія паліттэхнолягі працуюць на ўкраінскім палітычным рынку і пэўныя свае ідэі закладаюць празь дзейнасьць гэтых партый.

«НН»: Як «Наша Ўкраіна» зьбіраецца супрацьстаяць гэтаму ўплыву?

У.Б.: Наступным крокам у барацьбе з прарасейскімі ўплывамі будзе вылучэньне кандыдата ў прэзыдэнты — Віктара Юшчанкі. Ён, калі быў прэм’ерам, ставіў на першы плян інтарэсы Ўкраіны, а не якой іншай дзяржавы. Наш блёк якраз і вызначаецца тым, што займае не прарасейскую, не празаходнюю, а праўкраінскую пазыцыю.

«НН»: Чый бок возьмуць левыя сілы на выбарах? Ці будуць яны праводзіць свайго кандыдата?

У.Б.: Левыя сілы ва Ўкраіне неаднародныя. Камуністычна арыентаваныя людзі, якіх ва Ўкраіне цьвёрдыя 20%, не прагаласуюць у першым туры за В.Юшчанку. Больш памяркоўныя прыхільнікі партыі Аляксандра Мароза, людзі нацыянальна сьвядомыя, якія трымаюцца клясычных сацыял-дэмакратычных поглядаў. Яны могуць падтрымаць нашага кандыдата, а гэта каля 10% выбарцаў Украіны.

«НН»: Ці магчымыя фальсыфікацыі на выбарах?

У.Б.: Перад мінулымі выбарамі мы прынялі новае выбарчае заканадаўства. Яно зрабіла немагчымымі фальсыфікацыі на ўзроўні выбарчых камісіяў, што цяпер фармуюцца з прадстаўнікоў палітычных партый.

«НН»: Які ўплыў маюць улада і апазыцыя на электронныя СМІ ва Ўкраіне?

У.Б.: Улада мае вельмі вялікі ўплыў — праз пасярэдніцтва фінансавых структураў, якія кантралююць тыя СМІ. Таму гаварыць пра прысутнасьць апазыцыі на экранах не даводзіцца. Тое самае можна сказаць і пра буйныя газэты. Апазыцыя працуе толькі з пэўнымі рэгіянальнымі каналамі, выдае рэгіянальную прэсу.

«НН»: Зь якімі палітычнымі сіламі ў Беларусі Вы кантактуеце?

У.Б.: Мы сустракаліся з прадстаўнікамі БНФ, але гэта адна апазыцыйная палітычная сіла, хоць і самая сур’ёзная з нашага пункту гледжаньня. Іншыя палітычныя сілы, якія мелі б уплыў і былі празаходнія, праэўрапейскія і прадэмакратычныя, нам невядомыя. А мы хацелі б зь імі мець кантакты, у тым ліку і на рэгіянальным узроўні.

«НН»: Як бы Вы ацанілі такія кантакты ў рамках праекту эўрарэгіёну «Буг»?

У.Б.: Эўрарэгіён «Буг» стварылі Валынская вобласьць Украіны, Берасьцейская вобласьць Беларусі і Люблінскае ваяводзтва Польшчы. Дзейнасьць гэтага аб’яднаньня цяпер набывае асаблівае значэньне, бо да нашых межаў падыходзіць Эўропа.

Гутарыў Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0