Ўладзімер Гардзеенка
Ўладзімер Гардзеенка
За саветамі ў кожным начальніцкім кабінэце вісеў абавязковы партрэт Леніна. У партыйных бонзаў яго дапаўняла выява чарговага «правадыра партыі», а зь сьценаў кадэбэшных і міліцэйскіх кабінэтаў пагрозьліва пазіраў «жалезны Фэлікс». Прэстыжна было мець у сябе не стандартную плякатную выяву, памножаную тысячнымі накладамі, а адмыслова намаляваны партрэт. Так, выявы Леніна аўтарства Міхаіла Савіцкага віселі ледзь ня ў кожным кабінэце ЦК КПБ. У сёньняшняй Беларусі няцяжка набыць партрэт Лукашэнкі — усьмешлівы ці больш суворы, памерам з паштоўку ці з насьценны плякат. Але ўсё гэта толькі фотавыявы. Мастакі не малююць «бацькі», хаця партрэты больш дробных начальнікаў ужо ёсьць.

На выставе Ўладзімера Гардзеенкі «Мы нарадзіліся тут», якая экспануецца ў менскім Палацы мастацтваў (да 28 красавіка), можна пабачыць партрэты кіраўнікоў Гарадзенскае вобласьці Зьмітра Арцымені і Аляксандра Дубка. Сам У.Гардзеенка кажа, што іх выявы яму замовіў аблвыканкам: «Я і Домаша маляваў. Арцыменю, праўда, не з натуры, але вось Дубко мне пазаваў, мы зь ім наагул сябравалі. Але дамалёўваць давялося ўжо пасьля ягонай сьмерці».

Ці сьведчаць гэткія «сацыяльныя замовы» пра тое, што ў нас складаецца новае сэрвільнае мастацтва? Або гэта ўсё яшчэ працяг старое савецкае традыцыі — дагаджаць уладзе?

Дырэктар Беларускага Калегіюму Алесь Анціпенка ўпэўнены, што сэрвільнае мастацтва сёньня ёсьць і дасталося яно нам у спадчыну ад савецкіх часоў: «Раз ёсьць Міністэрства культуры і няма арт-рынку, значыць, ёсьць і мастацтва, якое абслугоўвае патрэбы ўлады. Калі ёсьць манаполія на закуп твораў мастацтва, дык і мастакі вымушаныя падладжвацца пад густ дзяржаўных чыноўнікаў, якія закупляюць тыя творы. Пакуль ня ўзьнікне арт-рынак, ня будзе свабоды».

Мастак Артур Клінаў лічыць, што асэнсаванага сэрвільнага мастацтва ў Беларусі няма: «Ёсьць пэўная група мастакоў, аблашчаных уладай. Але сама гэтая група падаецца аморфнай і выпадковай. Нехта некаму патрапіўся на вочы — і быў набліжаны да ўлады. А патрапіўся б іншы — быў бы аблашчаны іншы».

Галоўнае — шчырасьць

Праблема адносінаў паміж мастаком і ўладай, на думку мастака Аляксея Марачкіна, мае некалькі аспэктаў: «Што рабіць мастаку, сьпеваку, які нарадзіўся ў час дыктатуры? Ці яму зусім не сьпяваць, не маляваць? У савецкія часы мастакі, якія хацелі пазьбегчы стварэньня сацрэалістычных карцінаў з апяваньнем тагачаснай ідэалёгіі, малявалі пэйзажы. Прыклад гэтаму — Масьленікаў, які захаваўся як мастак нават у тыя гады.

Зусім іншая рэч, калі таленавіты чалавек апявае ўладцу, але робіць гэта шчыра, паводле сьвядомага перакананьня. За гэта яму многае даруецца… Так, у часы Францускае рэвалюцыі Энгр маляваў узьнёслыя партрэты Напалеона. Але калі Азаронак апявае Лукашэнку, дык жа відаць, што ён проста прыслугоўвае». Мастакамі, якія спрабуюць паддобрыцца да сёньняшніх уладцаў, Марачкін называе Аляксандра Шастакова і Мікалая Апіёка: «Яны не малююць Лукашэнкі, але ствараюць партрэты Філарэта ды яго падначаленых».

Партрэты гарадзенскіх начальнікаў, створаныя У.Гардзеенкам, А.Марачкін ацэньвае досыць высока: «Паглядзіш на тыя партрэты і адчуваеш розьніцу. Там побач вісіць партрэт Сталыпіна, першага гарадзенскага губэрнатара. Сталыпін — гэта ж фігура! А тыя два чыноўнікі хоць і розныя з твару, але нечым падобныя. Ці іх гэта савецкая ўлада такімі падобнымі парабіла… Вось як выяўляецца талент мастака».

Сам У.Гардзеенка ня лічыць, што сваімі працамі абслугоўвае ўладу: «На ўсе гарадзенскія карціны дзяржава зрабіла мне замову — і што кепскага, калі ў выніку атрымаліся добрыя партрэты? Днямі выставу наведаў наш міністар замежных справаў, і яму вельмі спадабаўся менавіта партрэт Дубка. Іншым чыноўнікам беларускага і міжнароднага ўзроўню спадабаліся іншыя карціны. Але я ж маляваў ня толькі чыноўнікаў, але і мэханізатараў, і бакеншчыка, і доктара, і перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. Партрэт мэханізатара — пераможцы жніва — мне таксама замовіла дзяржава, і на міжнародным пленэры гэты партрэт потым заваяваў першае месца. Гэта ж добра, калі дзякуючы такім замовам ствараюцца сапраўдныя творы».

Мастак зазначае, што на ягонай выставе ёсьць ня толькі выявы «кананізаваных» чыноўнікаў, але і прыватны партрэт Валер’я Ціхіні: «Ён сам зрабіў мне замову напісаць ягоны партрэт. Перад выставай мяне перасьцерагалі: мо лепей не выстаўляць гэтай карціны. Але я лічу, што гэта варты чалавек і добры партрэт».

Ад Балаховіча да Язерскай

Званьне «заслужанага» ці «народнага», падораная майстэрня — улада гатовая плаціць творцу вельмі шчодра. «Неабходна пазбыцца званьняў кшталту «народны», «заслужаны», бо яны маюць мала дачыненьня ўласна да мастацтва», — мяркуе мастак Аляксей Кузьміч.

Шыкоўны падарунак — пэрсанальную мастацкую галерэю — менскія ўлады нядаўна зрабілі Леаніду Шчамялёву. Гэта была плата за маўчаньне: пасьля такога падарунку Л.Шчамялёў зьняў свой подпіс пад зваротам да інтэлігенцыі сабрацца на сход. «Мастакі часта сваім замоўчваньнем нейкіх тэмаў ствараюць камфорт для ўлады і тым патураюць, прыслугоўваюць ёй», — перакананы А.Марачкін. Ён згадвае, што Л.Шчамялёў маляваў партрэты Цёткі, Яўгена Куліка, першы ў Беларусі партрэт Станіслава Булак-Балаховіча. «А на апошняй ягонай выставе, што ладзілася да юбілею, нічога гэтага ўжо не было. Затое ёсьць партрэт Элеаноры Язерскай. Чалавек адчуў каньюнктуру. Ён ня хоча непрыемнасьцяў сабе, але ж стварае і ўтульныя ўмовы для ўлады».

Ці здольная цяперашняя ўлада стварыць такую ідэалёгію, пад якую будуць падладжвацца мастакі? На думку А.Клінава, гэтага й ня трэба. Сэрвільнае мастацтва не грунтуецца на нейкай ідэалёгіі: «Гэта проста задавальненьне густаў тых людзей, якія цяпер маюць уладу. Іхныя густы былі выхаваныя ў савецкай сярэдняй школе, і цяпер гэтыя людзі хочуць бачыць вакол сябе карціны такога ж узроўню».

А.Марачкін кажа, што стварэньне дзяржаўных канонаў кшталту колішняга сацрэалізму ані сёньня, ані пазьней немагчымае: «Усе ж будуць сьмяяцца! Пагатоў, сёньня нікога не прымусіш маляваць згодна зь нейкімі аднымі правіламі».

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0