Папа Ян Павал II прызначыў новага каталіцкага ярарха ў Расею. Беларус Кірыла Клімовіч заменіць епіскапа Ежы Мазура ў Іркуцку. Фактычна, ужо год дыяцэзія была «абезгалоўленая», бо ў красавіку 2002-га польскі грамадзянін Мазур, без тлумачэньня прычынаў, быў пазбаўлены расейскай візы й выдалены за межы Расеі. Цяпер ён прызначаны біскупам Элцкай япархіі ў Польшчы. Пасьля гэтага і іншых скандалаў з забаронай польскім сьвятарам уезду ў Расею, Ватыкан змушаны ставіць на расейскую дыяцэзію беларуса, які ня мае такіх праблемаў зь пераездам мяжы.

Біскуп Клімовіч
Біскуп Клімовіч
Біскуп Клімовіч быў дапаможным біскупам кардынала Сьвёнтака. Ён нарадзіўся ў 1952 г. у Казахстане. Дзіцем разам з бацькамі выехаў у Польшчу. Вышэйшую духоўную адукацыю атрымаў у Ольштыне (Польшча), тамсама служыў вікарыем каля дзесяці гадоў. У ліпені 1990 г. Клімовіч быў прызначаны ў Беларусь, настаяцелем і дэканам у Глыбокае. Дапаможным біскупам К.Клімовіч стаў у кастрычніку 1999-га. Ён абслугоўваў Менска-Магілёўскую архідыяцэзію. Клімовіч вольна гаворыць беларускай, польскай, расейскай ды італьянскай мовамі. Ён з тых маладых рыма-каталіцкіх сьвятароў-беларусаў, якія атрымалі добрую адукацыю й прыхільна ставяцца да беларушчыны. Камусьці ён бачыўся пераемнікам Казімера Сьвёнтака.

Прэсавая служба Ватыкану распаўсюдзіла паведамленьне, што прызначэньне «біскупа Кірылы Клімовіча дазволіць дыяцэзіі Сьв.Язэпа ў Іркуцку працягваць духоўнае і царкоўнае разьвіцьцё ў сьвятле Эвангельля Хрыстовага». Дыяцэзія Сьв.Язэпа ахоплівае ўсю усходнюю Сібір і складаецца зь пяці дэканатаў: Іркуцкага, Краснаярскага, Якуцкага, Уладзівастоцкага і Магаданскага. Яна аб’ядноўвае 43 зарэгістраваныя прыходы, дванаццаць дзейных касьцёлаў і дваццаць адну капліцу. Асаблівасьць дыяцэзіі — велізарная аддаленасьць асобных прыходаў (напрыклад, Тувы і Чукоткі). Таму праца для біскупа ва ўсходняй Сібіры даволі цяжкая, хоць і пэрспэктыўная ў плянах росту ў касьцельнай ярархіі. Адолець яе можа толькі сапраўды моцны біскуп.

Алег Тачоны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0