Лёс пераможцаў у намінацыі «Адкрыцьцё году» аднолькавы: пасьля атрыманьня «рок-мэнзуркі» музыкі некуды зьнікаюць і на наступных каранацыях засьвечваюцца рэдка. З усіх адкрыцьцяў мінулых «Рок-каронаў» на буйных канцэртах сёньня пабачыш толькі двух-трох.

Сярод тых двух-трох — «The Stokes», пераможца 1997 г. Ён значна зьмяніў стылістыку, перайшоўшы ад рытм-энд-блюзу да поп-року. Нядаўна музыкі зьнялі неблагі кліп на песьню «Между Минском и Римом», зьяўляліся на БТ, бралі ўдзел у канцэрце супраць вайны ў Іраку.

Адкрыцьцё-2001 «Безь білета» сёлета намінуюцца на «Кліп году» з маляваным відэаролікам «Стоп-бізнэс». Пасьля дэбютнага альбому «На неба», супольнай працы зь Фінбергам над песьняй «Мая краіна — Беларусь» адносіны ў гурце разладзіліся. Толькі нядаўна «Безь білета» стабілізаваліся ў новым складзе. Музыкі запісваюць па частках альбом, выступаюць па менскіх клюбах (нядаўна адыгралі ў «NC»), зьбіраюцца ўлетку на фэстываль «Маладэчна-2003», зрабілі ўласны сайт www.bezbileta.com.

Адкрыцьцём мінулай каранацыі быў гурт «Імпэт». Вакалістка Дана абяцае, што пры канцы лета каманда выдасьць нарэшце свой дэбютны дыск. У 2002 г. «Імпэту» далі ўзнагароду ў сукупнасьці: за перамогу на «Басовішчы» і за песьню «Зусім няпроста», якая паўгоду круцілася на FM-станцыях. Пасьля прызнаньня «Імпэт» крыху прапаў: нешматлікія клюбныя выступы, адсутнасьць новага гіту калібру «Зусім няпроста», праблемы з складам (гітарыст Максім Ліпскі зьехаў на няпэўны час у Ізраіль).

У 2000 г. музычныя журналісты адзначылі адразу двух дэбютантаў: «Exist» і «ТТ-34». Як паведаміў дырэктар «ТТ-34» Сяргей Полаўцаў, гурт цяпер працуе над сынглам з чатырох песьняў, а пад восень абяцае зрабіць альбом. Канцэртуе пакуль у родным Гомелі, але, маючы на руках запіс, плянуе распачаць турнэ па маскоўскіх клюбах. «Гэта ня значыць, што мы арыентуемся толькі на Маскву, пэўных вэктараў мы для сябе не вызначаем», — кажа ён. Свой стыль музыкі акрэсьліваюць як «сучасная цяжкая музыка, народжаная асяродзьдзем, у якім мы жывём». То бок тым самым Гомелем.

Такой музыкі, як у «Exist», тут на той час ніхто ня граў. Усе найноўшыя модныя плыні, ад noise да гардкору, сынтэзаваліся ў творчасьці Юрася (Хобіта) Купрашова і Андрэя (Эндру) Восіпчыка. А вось зь іншымі музыкамі была праблема. Якія толькі бубначы зь імі ні йгралі! Быў нават Зьміцер Харытановіч, былы ўдзельнік «Hasta La Fillsta» і «Zet», які цяпер «бубніць» у «Лепрыконсах». «Exist» перамог на «Басовішчы», выдаў сынгл «Памыліўся», але пастаянныя праблемы з складам выклікалі распад гурту. «Exist» аднаўляўся на час перадвыбарных канцэртаў, але ўжо бяз Хобіта, з поп-сьпеваком Харлі ў якасьці вакаліста. Сам Хобіт зьехаў у Ірляндыю — зарабіць грошай. Як кажа Эндру, на радзіме «U2» Юрася апанавалі новыя музычныя ідэі, ён абяцае хутка вярнуцца і адрадзіць праект.

Нядоўга праіснавала й «Hasta La Fillsta» — адно з каранацыйных адкрыцьцяў. Вакалістка выехала ў Бэльгію, пра бубнача мы ўжо згадвалі, а гітарыст і басіст граюць у «Крамбамбулі» з Вольскім.

Цікавы лёс у гурту «Happy Face», пераможцы-99. Ён быў успрыняты на «ўра» пры канцы 90-х — у час асаблівай папулярнасьці гранджу, калі нават Вольскі выкарыстоўваў алюзіі з Курта Кабэйна. Маладачанскія хлопцы выдалі ангельскамоўны альбом «Grunge?!», адзначыліся шэрагам скандальных канцэртаў, прыдумалі самі вызначэньне свайму стылю — постграндж. Пасьля ўшанаваньня «рок-каронкай» стылю хлопцы не зьмянілі — як у музыцы, так і ў паводзінах. Асабліва гэта выявілася на адным з «Басовішчаў»: вядучы Аляксандар Памідораў нават не хацеў выпускаць гурт на сцэну. Пасьля было нудысцкае купаньне ў месцы актыўнага адпачынку жыхароў Гарадку, страта гітары, катаньне на польскім «мацыклеце з каляскай» і іншыя чыста кабэйнаўскія прыколы. Пасьля мода на грандж паступова сышла. А «Happy Face» застаўся. Сёньня іх можна пачуць на нешматлюдных клюбных вечарынах памяці Курта.

Яшчэ адзін ангельскамоўны праект, які быў ляўрэатам, — «Thank you Jesus» («Дзякуй богу», калі перакласьці адвольна). Каранямі гэтая каманда сягае да іншага адкрыцьця — году 1995-га. Тады журы адзначыла дэбют ангельскамоўнага гурту «Why Not». Амаль адразу пасьля цырымоніі яго лідэр Андрэй Краўчанка зьехаў у Лёндан, астатнія ж далучыліся да гурту «Буржуазія», выціснуўшы ранейшых музыкаў. Тыя «выціснутыя» і ўтварылі «Thank you Jesus», што граў узорны мэйнстрым-рок. Хлопцы зьдзейсьнілі пасьпяховую вылазку ў Нямеччыну, у выніку зьявіўся ці ня самы якасна запісаны альбом айчыннага року «Between No Distance». Гурт так і застаўся «праектам аднаго альбому», хоць колькі разоў музыкі яшчэ зьбіраліся разам. Пасьля бубнач зьехаў у Амэрыку, гітарыст сышоў у «Песьняры». Адзіны альбом стаўся рарытэтам, песьні «Thank you Jesus» можна скачаць хіба на сайце www.mp3.com.

«Адкрыцьцё году» — вялікае выпрабаваньне для маладой каманды. Тыя самыя «медныя трубы», якія могуць загубіць. Гэта не апошні, а толькі першы крок да прызнаньня, за якім мусяць быць наступныя. А той, хто спыняецца на гэтай прыступцы, — гіне.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0