У Cпатканьні маладых літаратараў, што адбылося ў Менску з 1 да 4 траўня, узялі ўдзел фіналісты конкурсу імя Натальлі Арсеньневай, зладжанага Беларускім ПЭН-цэнтрам. 18 фіналістаў, абраных з 177 удзельнікаў, на чатыры дні занурыліся ў сьвет творчасьці. Падобныя літсэмінары для творчае моладзі ладзіў і ладзіць і Саюз пісьменьнікаў. У Доме творчасьці ў Каралішчавічах на такіх зборках перабывалі бадай усе цяперашнія вядомыя літаратары ды яшчэ плойма тых, хто так і застаўся незаўважаным. Верагодна, і з удзельнікаў сэмінару, зладжанага ПЭН-цэнтрам, — першага, які прайшоў не пад «дзяржаўным крылом», — ня ўсе стануць вядомымі літаратарамі.

Сёньняшніх маладых творцаў цяжка аб’яднаць, нават калі злучыць іх максымальна шырокім назоўнікам: пакаленьне нэкст, пакаленьне гіп-гопу, net-пакаленьне. Бо ў лічніку, як і належыць эпосе вялікага пераходу, розная эстэтыка.

Самы малады з сэмінарыстаў — Глеб Лабадзенка — навучаецца ў Беларускім ліцэі. Але ён ужо вядзе паэтычную старонку ў «Голасе Радзімы», «раскручвае ў ёй» (гэта ягоныя словы) яшчэ маладзейшых аўтараў. Рыгор Барадулін на сустрэчы з удзельнікамі сэмінару назваў Глеба сваёй надзеяй. Сапраўды, слова ў Глеба пяе само, а некаторыя вобразы настолькі запамінальныя, што пагражаюць разьбегчыся ад аўтара. Прынамсі, А.Хадановіч перасьцярог маладога творцу: «Выраз «папяровае лётала» з твайго вершу можа стаць мянушкай». Аднак Г.Лабадзенка не баіцца ні падобных мянушак, ні нават парадыстаў, якім знойдзецца багатая спажыва ў ягоных вершах.

Імя Вікі Трэнас грыміць па менскіх літаратурных асяродках. Гэтая маладая дзяўчына — нібы жывое ўвасабленьне традыцыйнай паэткі: сьветлавалосая хударлявая гадаванка філфаку. І разам з тым — поўная процілегласьць усялякай традыцыі: скандальна-шумная, з ноткамі адвольнай гістэрыкі ў вершах і падчас іх чытаньня. Кожнае ейнае зьяўленьне на сцэне суправаджаецца гучным пералівам сьвістка, частку вершаў яна чытае ўкленчыўшы. У жыцьці яна больш спакойная, чым на сцэне. Сама паэтка прызнаецца, што марыць стварыць культурніцкую суполку, у якой сабе адводзіць ролю арганізатаркі творчага працэсу.

Іншая мовазнаўца, Вальжына Морт, навучаецца ў Лінгвістычным унівэрсытэце. Ейныя паводзіны менш эмацыйныя, чым у В.Трэнас. Затое гэта цалкам кампэнсуецца экспрэсіўнасьцю лексыкі: нецэнзуршчына й слэнг проста-такі раскашуюць у ейных творах. Што выклікала шок і пратэст у старэйшых сяброў журы.

У Марыі Новікавай з Падсьвільля (Паазер’е) — іранічны жаночы голас. Сакратар Саюзу пісьменьнікаў Анатоль Івашчанка падкупаў сваім інтэлектуалізмам. Вясёлым санэтам на зададзеную тэму авацыю на выніковай вечарыне-кабарэ сарвала эфэктная бляндынка Валерыя Шугала — родная сястра Анатоля Брусевіча.

Адзіным расейскамоўным на Спатканьні быў паэт з Магілёва Дзьмітры Дзьмітрыеў. І шчыра цешыўся сваім посьпехам, у тым ліку й таму, што «ўпершыню трапіў у цалкам беларускамоўнае асяродзьдзе і цяпер добра разумею, як адчувае сябе беларускамоўны чалавек у цалкам расейскамоўным асяродзьдзі». Журы, паводле агульнага прызнаньня, «купілася» на верш, дзе згадвалася «адна шостая частка сушкі» ды «адна пятнаццатая частка радзімкі». Сам жа Дзьмітры з патасам чытаў на вечарыне: «Гордо по земле несу // то, что выносил в носу».

Агрэсіўны наступ аўтараў-нетрадыцыяналістаў, у творах якіх было шмат сэксу, гвалту і слэнгу, выклікаў у сэмінарыстаў-традыцыяналістаў хвалю абурэньня. Навошта гэта цягнуць у вершы, калі гэтага навокал і так дастаткова? Спрэчка вечная, і хутчэй маральная, чым літаратурная. Пагатоў, не на ўсіх нават удзельнікаў сэмінару «жорсткія вершы» зрабілі такое кепскае ўражаньне. Так, досыць традыцыйная ў сваёй творчасьці, жаноцкая, бы тая фіялачка, Юлія Шастак выказала нават жаданьне паспрабаваць свае сілы ў гэткай паэтыцы. Дарэчы, Юлія навучаецца на архітэктара. А самы яркі вобраз, створаны паэткай, — «каханьне, якое ішло горлам на белы сьнег».

Другі зь «нетыповых традыцыяналістаў» — віцяблянін Арцём Арашонак, аўтар хайку, што друкаваліся ў «НН». Як высьветлілася на сэмінары, Арцём апроч хайку піша карацелькі — афарыстычныя вершы ў прозе. А яшчэ — займаецца перакладамі на нямецкую і зь яе. Так, на нямецкую ён перакладае вершы Янкі Купалы, Алеся Разанава, а зь нямецкай — творы Бёля, Гесэ.

Перакладамі хоцькі-няхоцькі мусілі заняцца й іншыя ўдзельнікі сэмінару. Такім было адно з «хатніх заданьняў» (яшчэ трэба было напісаць прысьвячэньне Н.Арсеньневай, санэт на тэму, зададзеную радком зь вершу Н.Арсеньневай «Ня плачце... Не таму, што сьлёз шкада», а таксама пародыю ці эпіграму на адвольную тэму). Магчыма, пасьля ўдалых першых спробаў у нас пабольшае перакладчыкаў з польскае (Ю.Шастак), украінскае (А.Чубат, С.Прылуцкі), расейскае (Г.Лабадзенка) паэзіі. Выказаў цікавасьць да перакладу і Д.Дзьмітрыеў: «Мне хацелася б перакласьці па-беларуску Ўладзімера Гурвіча ці Генадзя Айгі».

Старшыня журы, доктар філялёгіі Міхась Тычына лічыць супольнай рысай наймаладзейшага пакаленьня творцаў дэпалітызаванасьць і пэўную безасабовасьць. «Нейкая глыбіня, структура прамаўляе іхнымі вуснамі, а не яны самі. Для мяне былі цікавымі і паказальнымі першыя спробы Дзьмітрыева пісаць па-беларуску — нягледзячы на тое што ён яшчэ не гаворыць па-беларуску, у яго выйшлі добрыя творы. Празь іх прамаўляе глыбінная аснова, прырода, гісторыя».

Якія парады давала тэмамі заняткаў (што доўжыліся да 12 гадзінаў у дзень) журы конкурсу? Актыўней спазнаваць сьвет і краіну ды насычаць творы ведамі, вучыцца выступаць на публіцы, кантактаваць з выдаўцамі й выданьнямі, практыкавацца ў несур’ёзных жанрах, перакладаць — і больш чытаць на замежных мовах, узбагачаць мову. Фіналісты ўспрымалі парады з здаровай доляй маладога скептыцызму. І насілі за сабой гітары.

Як вырашыла журы, з твораў фіналістаў конкурсу будзе ўкладзены зборнік.

Адам Воршыч,фота Андрэя Лянкевіча

P.S. Старонка вершаў удзельнікаў конкурсу будзе надрукаваная ў наступным нумары «НН».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0