У прыбіральні цягніка Менск—Берасьце ўжо маюцца папяровыя ручнікі й туалетная папера — рэч кагадзе нечуваная. Ёсьць і міндзюрка для вадкага мыла, але самім мылам яшчэ не запраўленая. За вокнамі цягніка краіна патанае ў сьмецьці. У звалкі ператвораныя ўсе лесапалосы, яры і кар’еры ў ваколіцах населеных пунктаў. Пакуль дрэвы не прыбраліся ў зялёны ўбор, гэтая парнаграфія бессаромна бялее, чарнее сярод зварушанай ральлі і рудых аблогаў. Зямля сьметнікаў — так, напэўна, думаюць эўрапейцы.

Але мінаеш Негарэлае, і сьметнікі зьнікаюць. Пераехалі ў Заходнюю Беларусь. Яшчэ гадзіна дарогі да Івацэвічаў, і зазелянеюць алешнікі. Па Шчары праходзіць нейкі кліматычны разлом. За Косавам-Палескім пачынаецца край вінаграду, абрыкосаў, пэрсікаў і гаматных заходнепалескіх гаворак.

Ці адрозьніваецца яшчэ Заходняя Беларусь ад Усходняй і чым? Адзін мастак напісаў у «Свободных новостях» катэгарычнае: нічым.

У Жабінцы на мосьце гіганцкі надпіс «НАТО здесь». Якое небеларускае мысьленьне: мазгавы беларус і па-расейску напісаў бы «НАТО тут». І ў той жа час выпіс сядзіць на сваім месцы, як уліты: калі NATO ў Малашэвічах і Беластоку, дык чаго б і ня ў Жабінцы?

На пад’езьдзе да Берасьця бэтонныя платы ўкрытыя графіці — высокае мастацтва, прыродны бумбамліт. «Як сьпеў — першы, каханьня, — зь якога і ўзьнікла зямля», — так пяе берасьцейскі ўнівэрсытэцкі рок-гурт «Сьцяна». У часы майго маленства такога не было. Сярод графіці ўсьцяж — Зубр, Край. Край, Зубр. Ніводнага разу — БРСМ.

* * *

Пінск у крызысе, выжывае на агурках. Паўночна-заходняя Беларусь, нязьменны беларускі heartland, нібы замёрла ў сваім разьвіцьці. А ў Берасьці — капіталізм. Пераможна прыватызаваны сэктар паслугаў і здэградаваная, амярцьвелая прамысловасьць — гіганты-заводы электрамэханічны, «Колератрон», «Мясамалмаш» здаюць свае неабсяжныя цэхі ў арэнду дробным камэрсантам. Якія зьбіраюць якую-небудзь мэблю, і толькі ўсяго. І дзякуючы гэтаму, усё ж, дачы пустуюць сотнямі. Людзі маюць уласныя «справы», працу і ня бачаць патрэбы страхавацца натуральнай гаспадаркай.

На рагу Машэрава й МОПРа (няма сэнсу перакладаць на беларускую, хоць мала застаецца тых, хто ведае, чым займаўся МАДР, на гранты якога, між іншым, існавала і КПЗБ), дзе ў часы майго дзяцінства знаходзілася ўбогая «садавіна-гародніна» зь зялёнымі замыканымі скрынямі пад кавуны абапал дзьвярэй, цяпер люксусовага дызайну аптэка. Працуе на тры акенцы з 7-й да 24-й. У Менску такога ня стрэнеш, бо ў Менску няма й такога капіталізму.

* * *

Берасьцейшчына, як і любы рэгіён, любіць землякоў. (Дзяўчынка з Расны, Алеся Шкурдода, нядаўна выйграла сусьветны конкурс дзяцей-выканаўцаў у Лос-Анджэласе — Берасьце на вушах стаяла.) Але кіраваць Берасьцейскай вобласьцю ў савецкі час традыцыйна ставілі віцебцаў ці магілёўцаў: апошнімі — Сакалова, Зеляноўскага. Слова «магілёўскі» выклікала ў мясцовых элітаў алергію ўжо тады. Затое свайго земляка Заламая берасьцейцы пасьля шанавалі надзвычай і мо таму ніяк не палюбяць чужынца Даўгалёва (ён з Рагачова). Самы нелюбімы губэрнатар краіны. Чаго пра яго толькі не распавядаюць. Ён і сам дае прыкурыць. Рапартуе на сэлектарнай нарадзе і ў мясцовай газэце аб сканчэньні сяўбы. Выяжджаю ў вёску — там сеюць ва ўсю. Праўда, вакол шашы сапраўды абсеяліся. Усё зноў як пры вялікім Машэраву, калі найбольш дбалі пра ахайнасьць агароджаў уздоўж шасеек.

У цэлым «пасяўная» мала цікавіць мясцовыя выданьні. У Берасьці зайздросная канкурэнцыя прэсы, рэгіянальныя газэты прадаюцца ў кожнай краме, на кожным аўтобусным прыпынку. Беларускамоўная «Народная трыбуна» найтаньнейшая. Каштуе 100 руб., мае наклад 13 тыс. асобнікаў. Няма незалежных беларускамоўных газэтаў. Пасьля прыняцьця новага закону аб рэлігіях страціла магчымасьць выходзіць і ўніяцкая парафіяльная «Царква», якую чыталі далёка за межамі парафіі. Цяпер асобныя парафіі ня маюць права выдаваць газэты, гэта можа рабіць толькі царква. Апошняя навіна: рэдактара дзяржаўнае «Зари» Пятра Цішука (былога намесьніка старшыні пінскага гарсавету дэмакратычнага скліканьня) зьнялі з пасады, не пратрымаўшы і 100 дзён. Прычынай звальненьня мог быць скандал: баранавіцкія актывісты апазыцыі судзіліся з газэтай, якая абылгала іх, і выйгралі працэс. А Цішук не падаў на апэляцыю. Яшчэ адна вэрсiя: напярэдаднi 85-е гадавіны БНР у газэце зьявiўся артыкул «Яна была ў нашай гiсторыi», нэрвова ўспрыняты ў аблвыканкаме.

Парлямэнцкі карэспандэнт самай папулярнай газэты, муніцыпальнага расейскамоўнага «Вечернего Бреста», які выходзіць накладам 33 тыс. асобнікаў на 300-тысячны горад, гутарыць з генэралам Фраловым. Той расказвае пра сваю паездку ў Францыю.

Берасьцейцы ж галасуюць «за дастойнае жыцьцё» коламі. Пятая частка людзей жыве з Польшчы — гандаль, мытня. У адрозьненьне ад дачнае, гандлёвая праца, як і прыватны капітал, спрыяе інтэлектуальнаму разьвіцьцю. Што стане пасьля ўвядзеньня візаў, ніхто не бярэцца прадказаць.

Дэпутаты з групы «Рэспубліка» ўсе збольшага з паўночнага Захаду. Фралоў з Горадні, Баслык з-пад Мядзелу, Парфяновіч і Скрабец зь Менску... Чаму ж не з капіталістычнага Берасьця?

Старэйшыя апазыцыянэры ў Берасьці застаюцца ізаляваным асяродкам. Людзі адыходзяць — на днях памёр мясцовы лідэр АГП Генадзь Самойленка. Згас ад раку, у перадсьмяротным лісьце абвінаваціў у сваёй гібелі спэцслужбы. Бо ад тае самае хваробы загінуў берасьцейскі лідэр БНФ Уладзімер Базан.

Ізаляцыі не адчуваецца затое ў асяродках моладзі. Тамака кіпяць ідэі. Апошняя задума каардынатаркі «Зубра» па Берасьцейшчыне Паліны Панасюк і кіраўніцы грамадзкае ініцыятывы «Стары горад» Ірыны Лаўроўскай — праект аднаўленьня бернардынскага кляштара, разбуранага расейцамі падчас будаўніцтва крэпасьці. Сапраўды мог бы выйсьці праект дзесяцігодзьдзя.

«Цяпер ужо не пара на адраджэнскія газэты, іх час прайшоў», — кажа мне адзін хлопец. Памыляешся, дружа. Адраджэнства адраджэнствам, а безь беларускага духу твая газэта нікому ня стане патрэбная.

Дэмакратычнаму руху на Берасьцейшчыне замінае нераспрацаванасьць такой мадыфікацыі нацыянальнай ідэі, якая б апаноўвала і беларусаў іншаэтнічнага паходжаньня. Этнічны нацыяналізм, які падзяляе людзей паводле запісу ў пашпарце, пакідае берасьцейцаў пераважна абыякавымі, а грамадзянскі пакуль нераспрацаваны. Пакуль.

* * *

Моўная русіфікацыя на захадзе і ўсходзе зайшла амаль аднолькава далёка, а вось русіфікацыя культурная на захадзе нашмат меншая. Таму і сьмецяць менш, і зямля дае лепшую аддачу. Гісторыя нібы разьліта ў духу прасторы. Колькі там у Берасьці ўніятаў? Ну, сто чалавек. Але пра ўніяцтва памятаюць. Маюць, так бы мовіць, на ўвазе.

У праваслаўнага ярэя Івана Грудніцкага хацелі забраць багаты прыход на Кавалёўцы. Начальства вінаваціла яго ў дарэмным разводзе і паўторнай жаніцьбе з малодкай. Ярэй закідаў духоўнаму кіраўніцтву разбэшчанасьць і несправядлівасьць. Зрэшты, гэта няважна, вечны канфлікт. Цікава іншае: калі прыціснула, Грудніцкі кінуўся куды? У Аўтакефальную царкву. А яе няма. Тады да ўніятаў. Толькі тыя не займаюцца перацягваньнем сьвятароў і ветліва адмовілі. Урэшце прыйшлося Грудніцкаму скарыцца і выехаць на сьціплы прыход у вёску. Так, мірам, справу замялі.

Замест уладыкі Сафронія, які ўцягнуўся ў вялікія канфлікты ў Берасьці й Ружанах, прыслалі новага япіскапа Івана. «Не дапусьцім уніятаў да царквы!» — узьнялі пратэст прыхаджанкі-дысыдэнткі. Хтосьці пусьціў пагалоску, што Іванаў родны дзядзька ўніяцкім біскупам у Рыме. Сапраўды, біскуп Хома апякуецца там сэмінарыстамі. У цэлым япіскапа Івана ў Берасьці прынялі добра, лічаць інтэлектуалам. Усьцешаныя ў Берасьці, дарэчы, і новым рэктарам Часноўскім — бо дэмакратычны, інтэлігентны, сталічны. Такія якасьці зноў у цане.

Самі ж уніяты збудавалі сабе на Рэчыцы капліцу і гасьцёўню над ёю. Цяпер яе не абмінае ніводны шаноўны госьць зь незалежных. Апошнімі былі кіраўнікі Саюзу пісьменьнікаў і рэдактары «Дзеяслова». Ці ўкленчаць падчас імшы, гадалі ўніяты? Айцец Ігар Кандрацьеў служыць паводле злацінізаванага, базыльянскага абраду, у якім вернікі падоўгу стаяць на каленях. Укленчылі.

* * *

Захад Беларусі ніколі ня быў багацейшы за ўсход, але заўжды быў больш стракаты этнічна, рэлігійна, дыялектна, нават разнастайны ляндшафтна, і ад таго больш адкрыты. Да непазьбежнага рыўку на Захад беларускі захад быў гатовы лепш. Можна сказаць — заўжды гатовы.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0