Сярод намінацыяў «Рок-каранацыі» быў і спэцыяльны прыз ад «НН». Атрымаў яго сёлета — за ўмацаваньне сяброўства між народамі Беларусі — музыка, ды-джэй і тэлевядоўца Аляксандар Памідораў.

25 красавіка 2003 г. — у дзень каранацыі — я адтачыла сваё красамоўства, падрыхтавала кароткі й энэргічны сьпіч, апранулася ў меру сьціпла і сэксапільна, памалявала твар і давяла да ладу фрызуру. Пасьля зайшлася ў рэдакцыю, дзе атрымала на рукі прыз — гіпэрклясную кнігу «Краіна Беларусь», а таксама грошы на кветкі.

Памідораў — асоба з тонкім і складаным унутраным сьветам, «шматслойны, бы цыбуля». Таму і кветкавая кампазыцыя мусіла быць экстраардынарнай. Кася Камоцкая выказала ідэю набыць зялёную галінку зь пяцьцю дасканалымі памідорамі. Пасьля мы вырашылі, што ікебана мусіць мець растаманскія калёры — і таматы былі ўкладзеныя за пругкія зялёныя голькі эўкаліпту, вакол вяночкам леглі жоўтыя хрызантэмы — найлепшыя ў Менску, яшчэ адным вяночкам дзяўчаты з кветкавай крамы ўклалі пышную расьліннасьць, якая нагадвала кроп і называлася падобна. Усё разам мы спавілі ў супэрскую паперу. Ад кампазыцыі было не адарваць вачэй. Да таго ж усе элемэнты ікебаны можна ўжыць у практычным сэнсе — эўкаліптам парыцца ў лазьні, памідоры і кроп зьесьці, а хрызантэмамі цэлы месяц упрыгожваць хату. Кветачніцы ж, калі ўведалі, каму мы зьбіраем букет, былі ўражаныя і шчасьлівыя: Памідораў іхны любімы ды-джэй. Значыць, «НН» не прамахнулася ў выбары і прыз дастанецца сапраўднаму народнаму артысту.

Пасьля мы выпілі па піву і накіраваліся ў «Казу», дзе мелася быць цырымонія. Я атрымала сапраўдную асалоду, лёгка мінуўшы суворую ахову. На ранейшыя каранацыі даводзілася прарывацца рознымі складанымі спосабамі.

Але тут мяне і чакаў удар! Сп.Памідораў нечага пакрыўдзіўся на арганізатара канцэрту сп.Цыбіна (ці наадварот) і адмаўляецца прыйсьці на цырымонію. Так я апынулася ў буфэце «Казы» з букетам і вялікай кніжкаю, як дурань зь дзьвярыма. Шматлікія музыкі і калямузыкі, якія абселі буфэт і абураліся несправядлівым разьмеркаваньнем «каронаў», суцяшалі мяне як маглі. Яны прапанавалі мне памідорамі ды псэўдакропам закусіць, а кнігу забраць сабе ў якасьці кампэнсацыі.

Але я патэлефанавала сп.Памідораву, які, выяўляецца, сядзеў непадалёк ад «Казы» ў аўтамабілі. Ён пагадзіўся прыйсьці. У суправаджэньні музыкаў, гукарэжысэраў, кінэматаграфістаў і журналістаў я стрэла Аляксандра на ганку «Казы». Пад ухвальныя воплескі й галёканьне аховы, якая трохі ссумавалася, стоячы бяз справы, прыз быў уручаны. Мой сьпіч быў яшчэ больш кароткі й энэргічны, чым меркавалася. Сказаўшы Памідораву, што яго цэніць «НН», што ён быў вельмі актыўны і пасьпяховы сёлета, пахваліўшы дыск і прыгадаўшы музычныя традыцыі народаў Беларусі, я палезла цалаваць ляўрэата, які выглядаў у той вечар так эфэктна і імпазантна, што ўтрымацца было немагчыма.

Хваляваньні, зьвязаныя з уручэньнем прызу, улегліся, Памідораў трыюмфальна далучыўся да буфэтнай браціі. Я была ў эўфарыі ад свайго сьціплага, але элеганцкага экшэну. А празь некалькі дзён на сайце Памідорава зьявіўся запіс, дзе ён выказвае любоў да пяці памідораў: «Вельмі прыемна было атрымаць спэцпрыз ад «Нашай Нівы». Супэр-кніга і супэр-ікебана зь пяцьцю памідорамі на адной галінцы!!! Нашыя прывітаньні і шанаваньні «Крамбамбулі» з нагоды перамогі па выніках мінулага году!»

Квіткі за кветкі я прынясу ў бухгальтэрыю пры першай нагодзе. Сьпірытусовыя напоі і жуйку, ужытыя мною пры выкананьні місіі, я набывала за свой кошт і кампэнсацыі не патрабую. Дзякую за высокі давер і дадзеную мне магчымасьць пазабаўляцца. У залі я таксама пабывала і адзначаю: удзельнікі «Крамбамбулі» былі сапраўды ў форме, пра што я скінула ім sms’ку.

Сьвятлана Курс

Рэдакцыя далучаецца да віншаваньняў удзельнікам «Крамбамбулі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0