15 Траўня

Інфляцыя большая за прагнозную

У красавіку спажывецкія цэны пабольшалі на 2% (у сакавіку — на 1,8, у лютым — на 1,9). З пачатку году яны падрасьлі на 10,3% (у студзені—красавіку 2002 г. гэты паказьнік склаў 16%). Прагнозны паказьнік інфляцыі на 2003 г., хутчэй за ўсё, будзе перавышаны.

Прагнозы аналітыка Нацбанку

У 2004 г. грашова-крэдытная палітыка Беларусі будзе мець дзьве асаблівасьці, заявіў дырэктар дэпартамэнту манэтарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанку Аляксандар Лабанаў. Першая — прывязка курсу рубля да расейскіх грошай. Другая — плянаваная адмова ад эмісійнага крэдытаваньня Нацбанкам дэфіцыту бюджэту. Праўда, на гэта трэба дадатковыя бюджэтныя рэсурсы, крыніца якіх пакуль ня вызначаная.

«Памяць Леніна» прападзе

Гаспадаркі Віцебскага раёну па прапанове мясцовых уладаў разьвітваюцца з савецкімі назвамі. Калгас-камбінат «Зьвязда» ператворыцца ў ЗАТ «Ліпаўцы» (так звалася вёска, спаленая ў вайну). Калгас «Заклік» ператворыцца ў сельскагаспадарчы вытворчы каапэратыў «Мазолава», калгас «Перамога» — у СВК «Сушчава», «Памяць Леніна» — у СВК «Палудзеткі», «Запаветы Ільліча» — у СВК «Яроміна», «Шлях Леніна» — у СВК «Курына». Пазбудуцца камуністычных назоваў і многія іншыя гаспадаркі.

Узмацненьне «Белгазпрамбанку»

Даччыныя арганізацыі ААТ «Газпрам», што маюць фінансавыя патокі на тэрыторыі Беларусі, павінны ў двухмесячны тэрмін перайсьці на банкаўска-фінансавае абслугоўваньне ў ААТ «Белгазпрамбанк». Робіцца гэта з мэтай «канцэнтрацыі фінансавых рэсурсаў». Разьлікі падчас продажу ў Беларусь прыроднага газу мусяць ажыцьцяўляцца толькі празь «Белгазпрамбанк».

«Белтрансгаз» не аддаюць

Урад па-ранейшаму зьбіраецца пакінуць сабе 50% плюс адну акцыю, яшчэ 1% перадаць супрацоўнікам «Белтрансгазу», а рэшту запрапанаваць «Газпраму». Расейцы на гэта катэгарычна ня згодныя, але іх ціск пакуль ня даў плёну.

Рост абанэнтскай сеткі МТС

Колькасьць абанэнтаў МТС перавысіла 10,4 млн. чалавек. 8,4 млн. жывуць у Расеі, 1,9 — ва Ўкраіне. У Беларусі іх 116 тысячаў.

Эўропа без «залатых акцыяў»

Эўрапейскі суд — найвышэйшы арбітражны орган ЭЗ — прызнаў незаконнай сыстэму «залатой акцыі», што дазваляла ўрадам краінаў ЭЗ уплываць на рашэньні прыватных кампаніяў. Найбольш скасаваньне «залатой акцыі» закране Вялікую Брытанію і Гішпанію, дзе зь яе дапамогай рэгуляваліся ключавыя сэктары нацыянальнае эканомікі.

«Руснафта» набыла частку «Слаўнафтахіму»

Кампанія «Руснафта», якой кіруе былы прэзыдэнт «Слаўнафты» Міхаіл Гуцарыеў, набыла 40% акцыяў «Слаўнафтахіму». Кантрольны пакет акцыяў застаўся ў руках «Слаўнафты». «Слаўнафтахім» займаецца перапрацоўкай вуглевадароднай сыравіны на «Паліміры» ды «Азоце».

Боты з залатой акцыяй

Саўмін пастанавіў увесьці «залатую акцыю» ў ААТ «Абутакгандаль». Дзяржава валодае толькі 8% акцыяў кампаніі, 35% належыць яе супрацоўнікам, а 57% — фізычным асобам. Дзьве з тых фізычных асобаў апошнім часам пачалі актыўна скупляць акцыі, што напалохала Міністэрства гандлю. Цяпер у ААТ зьявіцца прадстаўнік дзяржавы, які будзе мець права вэта падчас прыняцьця важных рашэньняў.

Камбайны для амігас

«Гомсельмаш» ды фірма «Аграіндустрыяль» (Аргентына) плянуюць падпісаць дылерскае пагадненьне. Аргентынская фірма будзе цягам трох год распаўсюджваць кормаўборачныя камбайны «Гомсельмашу» ў Лацінскай Амэрыцы. Сума кантракту — 6 млн. даляраў. Леташні кантракт на мільён даляраў сарваўся праз дэфолт у Аргентыне.

У Віцебску паменее маршрутак

Улады Віцебскай вобласьці пастанавілі абмежаваць колькасьць прыватных маршрутных таксовак. З больш чым тысячы «прыватнікаў» застануцца толькі 400 — тыя, хто мае самыя новыя машыны ды касавыя апараты. Уладальнікі маршрутак зьбіраюца пратэставаць — хто мітынгаваць, хто класьці дошкі зь цьвікамі пад колы канкурэнтаў.

«Атлянт» асвойвае пральныя машыны

«Атлянт» пачаў вырабляць пральныя машыны-аўтаматы. Дэталі для іх набываюць у італьянскай фірмы «Merloni», якая прадае сваю бытавую тэхніку пад маркай «Ardo». Сёлета выпусьцяць 20 тыс. машынаў. Калі гандаль пойдзе добра, плянуецца выйсьці на зборку паўмільёна пральных машынаў у год.

Лікёр бязь меры

Выявілася, што Менскі завод безалькагольных напояў з 14 лютага выпускаў лікёр з выключаным лічыльнікам электроннага ўліку гатовай прадукцыі. На дырэктара склалі адміністрацыйны пратакол, сканфіскаваўшы 114 тысячаў бутэлек лікёру.

АК; БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0