Маладая беларуская дэмакратыя пераносіць свой юнацкі ідэалізм на сфэру міжнародных адносінаў. Ад лідэраў апазыцыі і ўрадавых функцыянэраў можна пачуць, што «Захад павінен» або «мае маральны абавязак» дапамагчы разбудаваць памежную інфраструктуру, ці карміць грантамі, ці абараняць беларускую незалежнасьць.

Гэты ідэалізм пасьля абарачаецца горкім расчараваньнем. «Міжнародная арганізацыя, заміж працаваць на карысьць свайго сябра Беларусі, працуе для Масквы», — так адрэагавала на адну зь нядаўніх заяваў МВФ наша крыніца ў Радзе БНР — аўтарытэтным прадстаўніцтве беларускае дыяспары.

Што ж здарылася? Ці сапраўды ёсьць падставы для такога неспакою? 7 траўня, у часе тэлемосту між Менскам і вашынгтонскай штаб-кватэрай МВФ, намесьнік начальніка другога эўрапейскага дэпартамэнту Міжнароднаго валютнага фонду Томас Рычардсан і прадстаўніца МВФ у Беларусі і Літве Зузана Брыксіёва казалі пра хібы беларуска-расейскай грашовае інтэграцыі. У прыватнасьці, было падкрэсьлена, што жорсткая прывязка нашага рубля да расейскага можа мець «драматычныя вынікі» для міжнародных рэзэрваў Беларусі, рынку працы, які не зазнаў яшчэ структурных зьменаў і эканамічнае стабільнасьці ў цэлым. Экспэрты МВФ даюць рэкамэндацыі, як тых вынікаў пазьбегнуць. Прычым беларуска-расейскі грашовы саюз разглядаецца як рэч непазьбежная і, больш за тое, узаемавыгадная: «жорсткая фіксацыя і валютны саюз могуць станоўча адбіцца на разьвіцьці гандлёвых адносінаў, у прыватнасьці з Расейскай Фэдэрацыяй, якая зьяўляецца асноўным гандлёвым партнэрам Беларусі». А таксама: «У Беларусі няма рэальнай альтэрнатывы, акрамя як прывязка да расейскай валюты» (Рычардсан). Таму «беларускім уладам неабходна пераарыентаваць» настроі насельніцтва і макраэканамічныя разьлікі. Гэтыя заклікі і выклікалі шок у беларускіх незалежнікаў, як і кожны выпадак, калі мы пераконваемся, што наша незалежнасьць для чыноўнікаў якогась МВФ ці АБСЭ гэта зусім не «сьвятое». Але іначай наўрад ці магло быць.

У Беларусі цудоўна ведаюць, што альтэрнатыва прывязцы да расейскай валюты ёсьць. Ці большае небясьпека скасаваньня сувэрэнітэту краіны ад таго, што Захад пачаў лічыцца з рэальнасьцю расейска-беларускага саюзу? Ва ўмовах актывізацыі ціску Масквы з мэтай падпісаньня «канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы» гэта недарэмнае пытаньне. Мы зьвярнуліся па камэнтар да эканаміста Ўладзімера Калупаева. Ён мяркуе, што пытаньне ня вартае абмеркаваньня, бо расейска-беларускі саюз ня мае будучыні ў эканамічным пляне дзеля рознасьці нацыянальных эканамічных інтарэсаў, а таму рэкамэндацыі МВФ па тым, як нам лепей «прывязацца да Расеі», ня могуць быць практычна выкарыстаныя.

У заяве прадстаўнікоў МВФ ёсьць парады, зробленыя з улікам таго, што, нібыта, валютны саюз Беларусі і Расеі прадвызначаны. Аднак, паводле нашых прагнозаў, згода па ключавых інстытуцыянальных пытаньнях, пра неабходнасьць якой кажацца ў заяве, так і ня будзе знойдзена.

Прычына хаваецца ў асаблівай прыродзе саміх інтэграцыйных стасункаў паміж Беларусяй і Расеяй, незразумелай аналітыкам МВФ. Гэты саюз ёсьць ня чым іншым, як спробай рэанімацыі адносінаў, якія існавалі за савецкім часам, так званы «савецкі сындром». Пацьверджаньнем гэтаму служыць тое, што беларуска-расейская інтэграцыя прасоўваецца ў тых сфэрах і з тымі рэгіёнамі, дзе праблемы, якія выстаўляе новы час, вырашаюцца па-даўнейшаму — сацыялістычнымі мэтадамі.

Другая асаблівасьць, якімі вызначаюцца сёньняшнія інтэграцыйныя працэсы, — гэта наяўнасьць у дзяржаваў узаемных эканамічных інтарэсаў. Саюз з Расеяй дазваляе кіраўніцтву Беларусі захоўваць кантроль над дзяржаўным сэктарам эканомікі, кансэрваваць яго структуру і адкладаць працэсы прыватызацыі, што падаўжае існаваньне неканкурэнтаздольных і стратных прадпрыемстваў. Вызначальным фактарам эканамічнага росту за апошнія 10 гадоў зьяўляецца эмісійная грашовая палітыка і «мабілізацыйная» мадэль цэнтралізаванага кіраваньня, пакліканая прымушаць прадпрыемствы павялічваць аб’ёмы вытворчасьці любой цаной («гонка валу» без уліку выдаткаў, як за савецкім часам).

Нявыгадна нават уладзе

Увядзеньне расейскага рубля і шырокі перападзел уласнасьці з удзелам расейскага капіталу выбіў бы з-пад «беларускай эканамічнай мадэлі» дзьве асноўныя апоры — захаваньне грашовай эмісіі і дзяржаўнага сэктару эканомікі. Гэта выклікала б сыстэмны крызыс і, магчыма, зьмену палітычнага рэжыму. Таму да рэальных крокаў інтэграцыі, якімі зьяўляюцца ўвядзеньне адзінай валюты, стварэньне адзінага эмісійнага цэнтру, прыватызацыя і структурныя рэформы ў Беларусі з удзелам расейскага капіталу, справа ня дойдзе.

Калі ж расейскі рубель усё-такі будзе ўведзены ў абарачэньне на тэрыторыі Беларусі, гэта прынясе шкоду беларускай эканоміцы як у кароткатэрміновай, так і ўдоўгатэрміновай пэрспэктыве пры адсутнасьці адчувальных перавагаў.

Незалежна ад таго, які курс — намінальны ці рэальны — будзе абраны для абмену беларускіх рублёў на расейскія, прыкметна зьнізіцца цэнавая канкурэнтаздольнасьць нашай прадукцыі, што паставіць многія прадпрыемствы на мяжу банкруцтва (паводле самых пэсымістычных ацэнак, у такім стане можа апынуцца палова прадпрыемстваў). Дзяржава атрымае ад іх прыватызацыі значна меншыя прыбыткі ў бюджэт, чым магла б атрымаць пры захаваньні ўласнай валюты.

Эканамічны нонсэнс

Ва ўвядзеньні расейскага рубля адсутнічае ўсякі эканамічны сэнс і тэарэтычнае абгрунтаваньне. Расейскі рубель — гэта звычайная нацыянальная валюта слабай у эканамічным пляне краіны (ВУП у Расеі меншы, чым у Бэльгіі), якая знаходзіцца ў «брудным» плаваньні, то бок зьяўляецца нестабільнай і непрадказальнай. Расейскі рубель практычна не выкарыстоўваецца іншымі краінамі падчас міжнародных разьлікаў (удзельная вага Расеі ў сусьветным гандлі складае ўсяго каля 2%).

Розная скіраванасьць структуры беларускай і расейскай эканомік — перапрацоўная і сыравінная — пасьля ўвядзеньня расейскага рубля прывядзе да дыскрымінацыі беларускай эканомікі. Напрыклад, у выпадку падзеньня сусьветных цэнаў на нафту дэвальвацыя расейскага рубля будзе больш выгадная расейскай эканоміцы (падвысяцца прыбыткі ад экспарту сыравінных рэсурсаў) і будзе наносіць шкоду беларускай эканоміцы. Дэвальвацыя зьнізіць выгаднасьць прыцягненьня замежных інвэстыцый і імпарту абсталяваньня для мадэрнізацыі тэхналёгій, без чаго беларускім прадпрыемствам немагчыма будзе замацавацца на сусьветных рынках.

Далейшае паглыбленьне эканамічнай інтэграцыі Беларусі з Расеяй будзе яшчэ больш кансэрваваць тэхналягічную адсталасьць і нізкую эфэктыўнасьць беларускай эканомікі, перашкаджаць рэальнай інтэграцыі ў ТНК і прыцягненьню замежных інвэстыцый з заходніх краін. Саюз Беларусі з Расеяй не вырашае галоўнай праблемы беларускай эканомікі — росту вытворчасьці грамадзкай працы і тэхналёгій, без чаго немагчымы рэальны рост жыцьцёвага ўзроўню насельніцтва.

Наша мэта — эўра

Калі й прывязваць беларускі рубель да якойсьці замежнай валюты, каб дамагчыся доўгатэрміновых стабільных грошай у эканоміцы, дык цяпер у сьвеце ёсьць дзьве адносна стабільныя і прадказальныя валюты, якія выконваюць ролю сусьветных грошай, — эўра і даляр ЗША. Менавіта іх і можна разглядаць у якасьці валюты-прывязкі. Замежнаэканамічныя сувязі Беларусі за апошняе дзесяцігодзьдзе складваліся так, што найбольш распаўсюджанай замежнай валютай у нас пакуль зьяўляецца даляр ЗША. Аднак роля і значэньне эўрапейскага рэгіёну для Беларусі не адпавядае таму месцу, якое займае эўра ў яе замежнаэканамічных сувязях. У апошнія гады ў беларускай эканоміцы далярызацыя павольна зьмяняецца эўраізацыяй. Увядзеньне эўра зьмяніла геаэканамічнае становішча Беларусі, паколькі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве зрабіла нявыгадным захаваньне беларускага рубля. Калі б прывязку неабходна было рабіць цяпер, аптымальнай была б прывязка ў рэжыме валютнага кіраваньня (currency board) да кошыку «эўра—даляр» з суадносінамі 50:50. Па меры структурнай перабудовы беларускай эканомікі, дывэрсыфыкацыі замежнаэканамічных сувязяў будзе павялічвацца колькасьць угодаў з эўра на валютным рынку краіны, і з часам можна будзе казаць пра пераход на прывязку толькі да эўра.

Уладзімер Калупаеў, аналітычная група «Альтэрнатыва-ХХІ»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0