18—19 красавіка ў Сан-Сэбасьцьяне праходзіла канфэрэнцыя салідарнасьці зь незалежніцкім рухам баскаў, арганізаваная форумам баскіх дэпутатаў. Канфэрэнцыя была звычайная — з «праставонам» і іншай халявай. Хто хацеў — працаваў. Хто хацеў — паліў хаш, глядзеў футбол або клеіў сябровак. Паводзіны ўдзельнікаў ня вельмі хвалявалі арганізатараў.

У кожнага інтурыста, які наведвае краіну баскаў (Эскаўдзі), у мазгох a priori сядзяць сфармаваныя СМІ клішэ. Для адных баскі — мікраскапічны (два з паловай мільёны) мужны народ, які пад кіраўніцтвам баевікоў ЭТА і сяброў партыі «Батасуна» вядзе няроўны бой за незалежнасьць з гішпанскім Левіяфанам. Другія лічаць баскаў эўрапейскімі чачэнцамі: пры слове ЭТА прыгадваюць ня Бургаскі працэс*, а выбух 1987 г. у барсэлёнскім супэрмаркеце «Гіпэркор» (вынік — 21 нявінная ахвяра). Арганізавалі яго этарас (сябры ЭТА).

Чорна-белы малюнак краіны баскаў, пададзены ў мэдыях, не адпавядае рэальнасьці. Ёсьць баскі, чыёй жыцьцёвай формулай зьяўляецца слоган культавага нацыяналіста 20-х Сант’яга де Міябэ «Gora Escaudi et Muera Espagna» («Эскаўдзі, уставай, Гішпанія, памры»). Ёсьць баскі, якія бачаць свой край толькі часткай Гішпаніі. (Дарэчы, у мадрыдзкай эліце непрапарцыйна шмат выхадцаў з баскіх правінцый.) Нарэшце, ёсьць баскі, якія закладуць радзіму за новы «рэно-кліё» або кубік гераіну.

Палітычны гвалт, спажываньне і кар’ерызм там жывуць побач. Для журналістаў, судзьдзяў, палітыкаў і інтэлектуалаў ёсьць спэцыфічны кодэкс паводзінаў. Трэба «фільтраваць базар» і весьці сябе адпаведна, каб ня стаць ахвярай тэрарыстаў ЭТА ці мадрыдзкага Цэнтру.

Цудоўнай мадэльлю баскага сацыяльнага космасу быў Гернані — спальны прыгарад сусьветна вядомага курорту Сан-Сэбасьцьян, дзе адбывалася канфэрэнцыя. Звычайнае соннае мястэчка, якое запомнілася хіба што добрым танным сыдрам. Ужо потым, з францускай прэсы, я даведаўся, што наша Гернані — «гняздо нацыяналізму». Колькі існуе ў Гішпаніі дэмакратыя, столькі за перадвыбарчы сьпіс «Батасуны» тут галасуюць пад 40% выбаршчыкаў. Каб не дапусьціць прыходу да ўлады «батасунаўцаў», усе астатнія партыі складаюць адзін вялікі, ідэйна бязродны блёк. «Аднак не спрабуйце шукаць іх офісы: яны знаходзяцца ў бункерах або хаваюцца на кансьпіратыўных кватэрах. Інакш малойчыкі з «Jarrai» (маладафронтаўцы «Батасуны») закінуць ім у акно кактэйль Молатава». Гэта я вычытаў у мясцовай газэце. Пра тое, што адбываецца на вуліцах гарадка, нам ніхто не распавёў — ні арганізатары, ні мясцовыя жыхары. А што тут асаблівага? Сэляві.

Адметная кроў

«Хочаш зразумець сутнасьць баскага нацыяналізму — зьвярні ўвагу на паводзіны нацыяналістаў у гішпанскім асяродзьдзі», — параіў мне сябар-каталёнец. Сапраўды прыкольна. Баскі трымаюцца вельмі напружана, быццам увесь час чакаюць падвоху ад «гішпанцаў-акупантаў». Каталёнцы, у адрозьненьне ад іх, адкрытыя, жартуюць з «кастыльскіх крывасмокаў» і самі гатовыя быць аб’ектамі жартаў (анэкдоты пра іх — гішпанскі аналяг габрэйскіх ці ўкраінскіх).

Адкуль тая закамплексаванасьць? Вытокі баскага нацыяналізму — у традыцыйным вясковым ладзе жыцьця. Гермэтычнасьць баскай камуны захавалася праз стагодзьдзі дзякуючы складанасьці мовы, традыцыям фэадальнай аўтаноміі (фуэрас), байкам аб расавай чысьціні. Цікавы факт: згодна з мэдычнымі дасьледаваньнямі, у крыві баскаў высокая ступень Rh-адмоўнага фактару. Час ад часу гэта зьяўляецца сур’ёзнай праблемай для шлюбаў баскіх жанчын з гішпанцамі, што заўсёды перашкаджала асыміляцыі тубыльцаў. Міты пра выбраны богам, расава чысты, самакіроўны народ плюс каталіцызм леглі пры канцы ХІХ ст. у падмурак ідэалягічных распрацовак Сабіна Арана Гоіры і яго партыі нацыяналістаў (ПНБ).

ЭТА ўзьнікла як левая альтэрнатыва праамэрыканскай, пасіўнай у барацьбе з Франка ПНБ. Была пастаўлена пад сумнеў і сабінаўская «чысьціня расы». Ідэйны патрон ЭТА Фэдэрыка Крутвіг** прапанаваў новую мадэль нацыянальнай ідэнтычнасьці: ня кроў, але веданьне мовы. Баскаў ён прапанаваў лічыць сацыялістычнай нацыяй, якую прыгнятаюць калянізатары з Мадрыду. Аднак большасьць баскаў дагэтуль трымаецца Сабінавай «крэўнае» тэорыі. Паэт Габрыэль Арэсьці ў 60-х пісаў у вершы «Каменьне і зямля»: «Ni hilen naiz / nire arima galguko da, nire askazia galduko da / baina nire aitaren ezterak / iraunien du zitik (Я памру, маё каханьне і мае дзеці загінуць, аднак дом майго бацькі застанецца, дзе быў спачатку)».

Пасьля 11 верасьня ЭТА згубіла свой прэстыж і міжнародную падтрымку. Раней яна адкрыта трэніравала сваіх баевікоў у Францыі, Альжыры, Нікарагуа, Палестыне. Пасьля 11.09 ніводная краіна не рызыкуе даць ім прытулак. ЭТА — пройдзены этап баскага супраціву.

Дзень баска

Сьвята баскай нацыі — Aberi Eguna — адзначаецца ў апошні дзень Вялікадня. Паводле рытуалу, кожны баск мусіць выправіцца ў няблізкі сьвет — у вёску Маюр на поўначы Навары. У 1522 г. войскі гішпанскай кароны атакавалі непадалёк ад Маюру замак — апошнюю апору Наварскага каралеўства, што, як лічаць баскі, было іх першадзяржавай. Памяць пра гераічных абаронцаў маюрскага замку перажыла стагодзьдзі. У 1922 г. мясцовыя ўлады паставілі на месцы цытадэлі абэліск (міні-копію мэмарыялу зь менскай Плошчы перамогі). Штогод каля помніка адбываецца сьвяткаваньне.

Афіцыйная частка мерапрыемства ў Маюры — выступ дэпутатаў, мэра і народных калектываў — заняла дваццаць хвілінаў. Затое піцьцё, сьпевы і танцы на вуліцах вёскі расьцягнуліся на доўгія гадзіны. Тое ж самае адбылося ў Пульпоне (Ізрун), сталіцы Наварскага каралеўства, куды мы выправіліся з Маюру на маніфэстацыю. Калёна дэманстрантаў хуценька, быццам за ёй гнаўся бык, прабегла на цэнтральную плошчу, дзе, заслухаўшы дзьве (!) прамовы (па чатыры хвіліны кожная), растусавалася па барах дэгуставаць алькагольныя напоі і танчыць на вуліцах. Галоўнымі пэрсанажамі танцаў былі маладзёны з пафарбаванымі валасамі і вар’яцкім пірсынгам. Дрыгаючыся з панкамі ў рытме нейкага незразумелага народнага танцу, я ўсьвядоміў, у чым сіла супраціву баскаў: у штодзённай творчай сувязі паміж палітыкай і жыцьцём. На баскай мове гэта называецца «Abertzale Socialista».

Грамады не задушыш

Няма ў краіне баскаў вобласьці сацыяльнай актыўнасьці, куды б не пралезьлі незалежнікі: прафсаюзы (LAB), прэса ( штодзёньнік «Gora», накладам 50 тыс. асобнікаў), праваабарончы рух («Askatasuna»), маладзёвы рух («Sergi»), экалягічны («Gudariak»). Існуе нават рух за нацыянальную кулінарыю «Txoko», свае вулічныя хуліганы («Carre borooka») і нават нацыяналісты-гомасэксуалісты. «Abertzale Socialista» (сацыялістычныя патрыёты) лічаць, што сувэрэнітэт нацыі зьвязаны не зь дзяржавай, а зь дзейнасьцю грамадзянскіх ініцыятываў.

Праз грамадзкую дзейнасьць нацыяналізм выходзіць у палітычную сфэру. Забарона Батасуны ў лютым як «тэрарыстычнай арганізацыі» толькі ўзьняла нацыяналістычныя настроі. Асабліва гэта тычыцца палітыкаў. Яны відавочна вырашылі падмазацца да электарату «Батасуны», што зьбірала 15% галасоў. Цытую «El Mundo» ад 19 красавіка. Хабіэр Арзалюр, старшыня ПНБ: «Мы знаходзімся з Мадрыдам у стане вайны». Бэгонья Еразі, лідэр сацыялістаў з «Eusko Askartasuna» (EA), партнэр ПНБ па кааліцыі: «Тое, што нас вінавацяць у незалежніцкіх настроях, — найлепшы камплімэнт для маёй партыі». Яшчэ ў верасьні 2002 г. ПНБ прыняла праграму, адпаведна якой краіна баскаў павінна мець у Гішпаніі статус «Асацыяванай вольнай краіны». Дэ-факта гэта адпавядае пункту праграмы КАС 1977 г., за якую столькі змагалася ЭТА.

Ці можна перамагчы баскі трэці сэктар? У прававых рамках дэмакратычнай краіны — немагчыма. Восеньню 2002 г. з Мадрыду прыйшоў загад забараніць сетку бараў «Herrico Taberna», празь якую, быццам, ЭТА адмывае грошы. Загад выканалі. І што? Як быў, гэтак і стаіць у Сан-Сэбасьцьяне на вуліцы Kalea Juhan Bilbao бар «Herrico Taberna». Як прадвалі там усю незалежніцкую літаратуру, гэтак і ўцюхваюць, як зьбіраліся там падазроныя тынэйджэры, гэтак і зьбіраюцца.

Зьмянілася толькі адно. Цяпер кавярня належыць не кампаніі, а індывідуальнаму прадпрымальніку.

Лёлік Ушкін, Сан-Сэбасьцьян—Менск

* Бургаскі працэс — суд над актывістамі ЭТА ў г.Бургасе ў 1970 г., які выклікаў хвалю салідарнасьці зь вязьнямі-баскамі ва ўсім сьвеце.

**Дарэчы, Фэдэрыка Крутвіг з паходжаньня немец. Сярод заснавальнікаў арганізацыі ЭТА большасьць таксама складалі ня баскі, а этнічныя гішпанцы. І яшчэ цікава: амаль усе яны былі студэнтамі езуіцкага калегіюму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0