***

Анатоль ІВАШЧАНКА

* * *

вясной усюды знаходжу

згубленыя радкі

словы

літары

якіх не заўважаў пад сьнегам

* * *

накладаюцца новыя імёны

запісваюцца новыя назовы

слой за слоем

паўзьверх старых…

мы палімпсэсты

і хто цяпер скажа

калі была тая tabula rasa

Вольга КАЛЕНІК

Зь віленскіх мрояў

лябірынт не вяртае рэха

на крыжах павісае неба

ў ім пятля

для гузіка сонца

незашпіленая прастора

разьдзімаецца

хваляй дахаў

так расколіны ў цэгле двароў

за бліскучы фасад

моляцца

Глеб ЛАБАДЗЕНКА

* * *

І каровы бываюць з крыламі —

Адна на мільён.

Дзеўкі ўсе здаюцца мілымі,

Ды на ўсіх ня хопіць дзён.

Жменю часу не схаваеш ты

Сабе ў штаны.

А здараецца, б’юцца браты

І без вайны.

Дурань ведае — лепей зь сіламі,

Чымсь бязь сіл.

І каровы бываюць з крыламі,

І анёлы бываюць бяз крыл.

* * *

Ноччу я

Лічыў зоры.

Іх ужо больш,

Чым было ўчора,

Калі пад небам я спаў.

Але яшчэ покуль мала,

Каб падлічыць словы,

Што я табе не сказаў

І што ты мне

Не сказала.

Я гатовы.

Кацярына МАРГОЛЬ

* * *

…гэй, прачніся!

Сёньня я жвавая!

Сёньня я болей, чым проста

Малочнае выпарэньне…

Сёньня на флейце — я!

У пераходах — я!

З вачыма пакрыўджанага ваўчаняці — я!

Шукаю цябе на гарачым попеле...

Гэй, прачніся!

* * *

Сэрцаў няма

Сэрцаў

Сэрцаў

Сэрцы зьбеглі на перапынкі

Крылцы вуліц

Нябёсаў дзьверцы

Балючыя стрэмкі ў скронях будынкаў…

Вальжына МОРТ

* * *

На ўсім чым магла я вузлы завязала

Без вузла толькі шыя мая і самота

Птушкі сурочылі неба і неба лізала

Пер’е аблокаў да белай ікоты

Зноў папруся з табой не любіць свае словы

Свае думкі працягваць у іголчына вушка

З пункту А ў пункт Б не ідзе ні халеры

Усьміхайся аднак — раптам вылеціць птушка

Быццам бы караблі зь цёмнай гавані

Рукі выходзяць з кішэняў

І праводзяць працэс пагашэньня сустрэч

Канвэртацыю думак

Я шукаю галіну

Мне вузел вязаць ёсьць патрэба

Мабыць

Я скіну цябе зь дзявятага неба

А я скіну цябе з восьмага неба

А я скіну цябе зь сёмага неба

Скідай…

Сяргей ПРЫЛУЦКІ

Рандэву з краявідам

Ад ранку, калі на Міцкевіча

лістота, павольна і велічна,

нібы самагубца з даху ці

коміна, падае ўніз,

віжую, як людзі з торбамі,

двухгорбыя і аднагорбыя,

напружана крочаць натоўпамі

ў рабочы свой парадыз.

Міма самотных нарыкаў,

сьвятлафораў, сьметніц, ліхтарыкаў

на свае гіганцкія фабрыкі

няведама для чаго.

Не хапае ім, бач, арганікі.

Насалілі ім, бач, батанікі.

Усё карціць пабачыць Салёнікі,

Рым, Парыж і вяршыні гор.

Хоць ня ведаюць ні арабскае,

ні японскае, ні гішпанскае,

ні ангельскае, ні нямецкае.

Толькі «money» і «fuck».

Выдумляюць якіясь канструкцыі,

вырабляюць у ложках фрыкцыі,

песьцяць комплексы і амбіцыі,

пераблытаўшы «густ» і «смак».

Нехта звыкла капае гароды,

росьціць дзетак нязнанай пароды,

мацярыцца на ўладу й багоў ды

задуменна чэша пупок.

«Пераспала з Ільлём у амбары».

«Дзе вы бралі крупу?» — «На базары».

«Кажуць, хутка тут будуць татары».

Местачкова-сялянскі лубок.

Я ж ад верасьня і да верасьня

бесклапотна блукаю па беразе,

пазіраю ў ваду, куды ўлезеш ды

й ня вылезеш больш.

На абодвух бульварах прасторных,

у дварох пастарэлых і хворых,

дзе ўсе дрэвы прынялі пострыг,

ты як вош.

Назіраеш, бяздушны патрыцый,

як наўкола лайно іскрыцца.

І матыў зьніадкуль бярэцца,

як у злодзея нож.

Віка ТРЭНАС

Рух часу

Апошнія хвіліны сьцякаюць па маіх скронях.

Упершыню адчуваю, як рух валодае часам.

Вершаваная ржа пануе ў срэбных мроях.

Мяне зразумець складана.

Застанься са мною сам-насам.

Магчыма, боль дадасьць моцы тваім дыстрафічным крылам.

Шчырым пафігізмам прасякнутая іронія

Вымушае мой фатаздымак пакрывацца сумам і пылам.

Апошнія хвіліны сьцякаюць па маіх скронях.

Паданьне

У прыгожай краіне, створанай з пылу ібруду,

Дзе, як кажуць паданьні, сыходзіцца клінам наш сьвет,

Не бывае ніколі ні сьвятаў, ні казачных цудаў,

Але дзіва — там кожны жабрак і там кожны паэт.

Вершы паляць, як восеньню лісьце, попел робіць імгненьне,

А з імгненьняў разьюшаны вецер складае гады.

Праз стагодзьдзі блукаюць паэтаў ледзь бачныя цені.

Словы лісьцем барвовым на зямлі пакідаюць сьляды.

Аляксей ЧУБАТ

* * *

Хруснула;

Пад цяжкую столю падэшвы

Патрапіў;

Ён бег, шаргацеў па асфальце,

Ён быў басанож,

Спадзяваўся на добры погляд,

Хаця б на маўчаньне;

Пажоўклы кляновы лісток.

Закаханыя ў сьнег

Яны любяць гуляць па гурбах

І правальвацца па пояс,

Выцягваць адно аднаго,

Сьмяяцца халодным паветрам,

Кідаць камякамі сьнегу.

Яны закаханыя ў сьнег.

Юлія ШАСТАК

* * *

Зоркі ліхтароў.

Вечарам горад думае,

Што ён — неба.

* * *

Хай будзе ўзброены лірнік ліраю,

Адною ліраю і толькі ліраю,

Хай вой ніколі ня ўбачыць сьмерці,

Хай больш ніколі ня плачуць дзеці,

Хай над зямлёю маёю мірнаю

Узыдзе сонца,

і Бог — у сьвеце…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0