Кажуць, што ў адзін з самых напружаных момантаў беларуска-расейскіх адносінаў апошніх гадоў маскоўскія паліттэхнолягі атрымалі заданьне вывучыць палітычны патэнцыял найбольш вядомых асобаў беларускай дыяспары ў Расеі. Шукаўся кандыдат у пераемнікі Аляксандру Лукашэнку. Не выключалася, што адпрацаваную на Каўказе схему (апошні прыклад — выбары новым прэзыдэнтам Інгушэціі генэрала ФСБ з Масквы) давядзецца скарыстаць і ў Беларусі. Пакуль не давялося. Але выявілася, што некалькі ўраджэнцаў нашай краіны граюць не апошнюю ролю ў расейскай палітыцы.
Інтэгратары
Пераважная большасьць беларусаў, якія працуюць у расейскіх уладных структурах, — зацятыя прыхільнікі інтэграцыі Беларусі і Расеі. Уладкаваўшыся ў Маскве, гэтыя людзі разьвіталіся з рэшткамі свае беларускасьці, сталіся актыўнымі праваднікамі расейскай геапалітыкі.
Першы намесьнік старшыні Савету Фэдэрацыі Расеі — 45-гадовы беларус з палескім прозьвішчам Гарагляд. Ягонай першай марай была авіяцыя (ён, як і лётчык Чкалаў — Валеры Паўлавіч), але давялося стаць палітыкам. Шлях Гарагляда ў расейскую эліту быў няпростым. Ён скончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут, займеў эканамічную адукацыю. Працаваў у вайскова-касьмічнай галіне, быў камсамольскім функцыянэрам, узначальваў маскоўскі гаркам. Пасьля падаўся ў турыстычны бізнэс, але ненадоўга — абралі дэпутатам у Дзяржаўную Думу. З 1994 г. ён кіруе апаратам камітэту Савету Фэдэрацыі па бюджэце і фінансавых справах. Пасьля яго прызначаюць прадстаўніком адміністрацыі Сахалінскай вобласьці ў Савеце Фэдэрацыі. Быў лідэрам парлямэнцкай групы «Фэдэрацыя», віцэ-сьпікерам палаты. У студзені 2002 г. Гарагляда прызначаюць першым намесьнікам старшыні Савету Фэдэрацыі. Палітык любіць спорт, захапляецца футболам і тэнісам.
Ня так даўно Савет Фэдэрацыі, спадзеючыся набыць падтрымку Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, хацеў адабраць будынак у маскоўскай мэрыі. Тады Гарагляд супакойваў грамадзкую думку, кажучы, што ня хоча пакрыўдзіць сталіцу, а імкнецца толькі «стварыць нармальныя ўмовы для арганізацыі работы верхняй палаты». Цікава, што ў гэтай сытуацыі ён апынуўся па розныя бакі «фронту» зь іншым беларусам Францам Каўрыгам, які ва ўрадзе Масквы кіруе камітэтам па рэфармаваньні абаронных прадпрыемстваў.
Каўрыга нарадзіўся на Маладачаншчыне, недалёка ад купалаўскай Вязынкі. Працаваў на менскім заводзе электронна-вылічальных машынаў — пачынаў сьлесарам, а скончыў гендырэктарам. З пасады дырэктара Берасьцейскага электрамэханічнага заводу быў забраны ў Маскву. Там ён хадзіў у намесьніках міністра радыёпрамысловасьці і старшыні Дзяржкампрацы СССР. У постсавецкай Расеі Ф.Каўрыга ўладкаваўся на працу ва ўрад Масквы. Адначасова з 1999-га ён узначальвае раду «фэдэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расеі», арганізацыі адназначна праўрадавай (у Расеі існуюць таксама незалежніцкія арганізацыі беларусаў). Аўтаномія Каўрыгі выступае за найхутчэйшае стварэньне саюзнай дзяржавы і ня бачыць іншай будучыні для Беларусі.
Яшчэ адным вядомым інтэгратарам-беларусам зьяўляецца 45-гадовы Франц Клінцэвіч, ураджэнец вёскі Крайванцы на Ашмяншчыне, дэпутат Дзяржаўнай Думы ад выбарчага блёку «Мядзьведзь», сябар фракцыі «Адзінства». У сярэдзіне 1970-х ён працаваў школьным настаўнікам крэсьленьня, працы і фізкультуры ў сваёй роднай вёсцы. Пасьля сканчэньня Сьвярдлоўскай вышэйшай вайскова-палітычнай вучэльні Клінцэвіч служыў афіцэрам-палітработнікам, меў кваліфікацыю перакладчыка з мовы дары (адна зь дзьвюх афіцыйных моваў Аўганістану). У 1986—88 знаходзіўся ў Аўганістане, даслужыўся да рангу палкоўніка, мае ўзнагароды (ад Беларусі — ордэн «Знак Пашаны»). Ф.Клінцэвіч скончыў вайскова-палітычную акадэмію імя Леніна, стаўся старшынём праўленьня Расейскага саюзу вэтэранаў Аўганістану. Цяпер наш зямляк узначальвае праўленьне Народна-патрыятычнай партыі. Зразумела, што патрыёт ён расейскі. Відавочна, мае «дах» у спэцслужбах. Апошняя яго ініцыятыва — стварэньне ў Екацярынбургу газэты для «крутых хлопцаў з сталёвымі нэрвамі» — «Русский ветеран».
«Два Францы-запраданцы», як з крыўдаю выказаўся пра іхную дзейнасьць актывіст беларускае незалежніцкае суполкі ў Маскве.
Навуковец Жарэс Алфёраў, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, на будучых парлямэнцкіх выбарах у Расеі будзе зноў балятавацца ад камуністаў. Алфёраў нарадзіўся ў 1930 г. у Віцебску. Віцэ-прэзыдэнт Расейскай акадэміі навук. У палітыцы вагаецца паміж прапрэзыдэнцкімі палітычным сіламі і левымі. 57-гадовы беларус Мікола Біндзюкоў з Ноўгараду ўваходзіць у кіраўніцтва КПРФ, абіраўся па яе сьпісах у склад Дзяржаўнай Думы Расеі. У Думе розных скліканьняў звычайна працуе ў камітэце па справах СНД. Акрамя таго ён філёзаф паводле адукацыі, кандыдат навук. У прапрэзыдэнцкай фракцыі «Адзінства» актыўна працуе беларус Мікола Ботка, філёляг паводле адукацыі. Яшчэ ён мае свой бізнэс пад Гатчынай — кіруе Прамыслова-будаўнічай групай «БіК».
Алігархі
Ня менш за названых палітыкаў вядомыя «алігархі». У лютым 2003 г. амэрыканскі штотыднёвік «Форбс» надрукаваў сьпіс мільярдэраў сьвету з 476 асобаў. Патрапіў у іх лік і расейскі беларус Алег Дзерыпаска (1,5 млрд. даляраў), які сярод мільярдэраў Расеі займае 7-е месца. 35-гадовы Алег зьяўляецца прэзыдэнтам Расейскага нацыянальнага камітэту Міжнароднай гандлёвай палаты. Грошы ён пачаў зарабляць яшчэ ў студэнцкія гады, калі вучыўся на фізфаку МДУ (вядомы факт: нейкай дзяржаўнай кампаніі прадаў дзясяткі тонаў цукру). Тады ж Дзерыпаска працаваў фінансавым дырэктарам мітычнага ТАА «Вайсковая фінансава-інвэстыцыйная кампанія», брокерам на біржы. У 26 гадоў ён стаў дырэктарам Саянскага алюміневага заводу, заснаваў інвэстыцыйна-прамысловую групу «Сібірскі алюмін». У склад апошняй уваходзяць два дзясяткі заводаў у Расеі, Арменіі і ва Ўкраіне. У 2000 г. Дзерыпаска ачоліў кампанію «Расейскі алюмін». З гэтага часу беларуса Дзерыпаску пачалі называць «алюміневым каралём» Расеі. У 2001 г. А.Дзерыпаска ажаніўся з дачкой былога кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Валянціна Юмашава Палінай. Палітыкай Дзерыпаска займаецца пакуль толькі ў якасьці спонсара праўрадавых палітычных сілаў.
Сярод алігархаў — ураджэнцаў Беларусі найбольш вядомы Анатоль Чубайс. Ён з Барысава — нарадзіўся там у 1955 г. у сям’і вайскоўца. Паводле адукацыі інжынэр, у 1982—90 г. — дацэнт Ленінградзкага інжынэрна-эканамічнага інстытуту.
Чубайсаў «зорны пэрыяд» пачаўся пасьля таго, як ён зрабіўся эканамічным дарадцам мэра Ленінграду Анатоля Сабчака. У 1991 г. Чубайс робіцца старшынём Дзяржкамітэту Расейскай Фэдэрацыі па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю. Пад ягоным кіраўніцтвам распрацоўвалася праграма прыватызацыі. А.Чубайс працаваў намесьнікам прэм’ера Расеі, міністрам фінансаў, старшынём праўленьня РАТ «AЭС Расеі», цяпер — член рады дырэктараў. Зь ліпеня 2000 г. ён — прэзыдэнт Электраэнэргетычнае рады СНД, сябар праўленьня Расейскае рады прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. Анатоль Чубайс — сустаршыня партыі «Саюз правых сілаў». Мае імідж «непатапляльнага» палітыка. Нягледзячы на ўсе энэргапраблемы і нянавісьць да яго простых расейцаў, алігарх па-ранейшаму ля стырна.
Варта таксама згадаць і Аркадзя Вольскага, прэзыдэнта Расейскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. Вольскі нарадзіўся ў 1932 г. у Добрушы. Бацькі — настаўнікі. У маладосьці займаўся спортам: Вольскі — майстар спорту па боксе і фэхтаваньні, чэмпіён Беларусі па боксе. У пачатку 1950-х зьехаў на вучобу ў Маскву, дзе й застаўся. Пачынаў з працы ў ліцейным цэху маскоўскага аўтазаводу імя Ліхачова, а ў пачатку 80-х ужо быў памочнікам генсака КПСС Андропава па пытаньнях эканомікі. У 1990 г. А.Вольскі ачоліў Навукова-прамысловы саюз СССР (папярэднік Расейскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў), які надоўга перажыў сам Савецкі Саюз. Ён мае імідж чалавека, які вырашае складаныя палітычныя праблемы (Нагорны Карабах, Чачэнія ды інш.). Пры гэтым кіруецца прынцыпамі: ня здраджваць сябрам, ня браць хабару і не губляць прыстойнасьці.
Старшыня рады дырэктараў «Масбізнэсбанку» Віктар Буката паходзіць зь Пінску, дзе нарадзіўся ў чэрвені 1939-га, напярэдадні другой сусьветнай вайны. Яе часта згадвае ў сваіх інтэрвію Буката, бо падчас нямецкай акупацыі ён ледзь не загінуў, запомніўся і голад першых пасьляваенных гадоў. Віктар Буката марыў стаць геолягам, але лёс пакіраваў яго ў банкіры. Кар’еру ў Маскве пачаў у 1970-я з пасады намесьніка старшыні Будбанку СССР. У 1988 г. стаў старшынём праўленьня Банку жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і сацыяльнага разьвіцьця СССР. Апошнія пяць гадоў кіруе «Масбізнэсбанкам».
Буката любіць расейскую клясычную музыку, творы расейскіх пісьменьнікаў, а на беларушчыну забыўся.
Сілавікі
Яшчэ ў савецкія часы беларускія «кадры» ў Маскве лічыліся самымі стараннымі. І цяпер у Расеі могуць адшукацца дзясяткі беларусаў, якія займаюць (альбо займалі) уплывовыя пасады ў войску, міліцыі, ФСБ. Тут і касманаўты-генэралы Ўладзімер Кавалёнак ды Пятро Клімук, і «галоўны дэсантнік» Расеі генэрал-палкоўнік Георгі Шпак, і намесьнік камандзіра Балтыйскага флёту віцэ-адмірал Васіль Апановіч, і многія іншыя. Беларусы служаць ня толькі ў Маскве, але і ў расейскай правінцыі. Ад сьнежня 2001 г. органамі ўнутраных спраў Валгаградзкай вобласьці кіруе 48-гадовы генэрал-маёр Пятро Чыпура. Ён не хавае свайго беларускага паходжаньня. А валгаградзкі губэрнатар Мікалай Максюта неяк прызнаўся: любіць Чыпуру менавіта за тое, што ён беларус, як і сябар ягонай вобласьці Аляксандар Рыгоравіч... Цікава, што Чыпура не выпадкова «выплыў» з Самары ў Валгаград. Ён мае надзейны «дах» у Маскве, у міністэрстве. Сярод ягоных «куратараў» — генэрал Міхаіл Нікіфараў.
Дысыдэнты
Гэтыя людзі, зразумела, ні на што ўжо не прэтэндуюць і ўсур’ёз расейскімі ўладамі не разглядаюцца. Зорныя часы дысыдэнтаў прыйшліся на канец 80 — пачатак 90-х, калі яны спрычыніліся да краху камуністычнай імпэрыі.
Лідэрка партыі «Дэмакратычны саюз Расеі» Валерыя Навадворская нарадзілася 17 траўня 1950 г. у Баранавічах. Упершыню яе арыштавалі ў 19 гадоў за «антысавецкую агітацыю і прапаганду». Пасьля былі «псіхушкі», суды, распаўсюд самвыдату, спроба ў 70-я стварыць падпольную партыю для барацьбы супраць КПСС. У 1988 г. яна заснавала арганізацыю «Дэмакратычны саюз», у тыя часы вельмі актыўную, якая цяпер трансфармавалася ў партыю. У траўні 1991-га Навадворская трапіла за краты за зьнявагу гонару і годнасьці прэзыдэнта СССР і дзяржаўнай сымболікі. Толькі параза жнівеньскага путчу 1991 г. зрабіла яе свабоднай. Яна і цяпер застаецца ў апазыцыі расейскай уладзе, час ад часу, праўда, яе падтрымліваючы, калі трэба змагацца супраць «чырвона-карычневых». Пра Беларусь Навадворская не забываецца і калісьці нават зьбіралася ствараць партызанскія аддзелы на выпадак расейскай акупацыі.
Яшчэ адзін былы савецкі дысыдэнт паходзіць з Заходняй Беларусі — гэта Віктар Аксючыц. Ён нарадзіўся ў 1949 г. у вёсцы Варданцы Маладачанскага раёну ў сялянскай сям’і. У 1964 г. паступіў у Рыскую мараходную вучэльню, аднак не давучыўся, служыў на Балтыйскім флёце. Пасьля вучыўся на філязофскім факультэце Маскоўскага ўнівэрсытэту, у 1978 г. стаў асьпірантам катэдры замежнай філязофіі, пісаў дысэртацыю на тэму тагачаснага замежнага пратэстанцтва. У 1979-м В.Аксючыц выйшаў з КПСС, пачаў займацца распаўсюдам рэлігійнага і палітычнага самвыдату. За гэта яго выключылі з асьпірантуры. Аж да 1987 г. Аксючыц працаваў на сэзонных работах у калгасах ды саўгасах Сібіры, Далёкага Ўсходу, Казахстану. У часы перабудовы ён шмат друкаваўся за мяжой, выдаваў «літаратурна-філязофскі часопіс расейскай хрысьціянскай культуры «Выбар». У 1990 г. Аксючыц становіцца дэпутатам Вярхоўнага Савету Расеі, узначальвае Расейскі хрысьціянскі дэмакратычны рух, удзельнічае ў розных «патрыятычна-праваслаўных» кааліцыях. Цяпер Аксючыц працуе памочнікам у Барыса Нямцова, хваліцца, што ўвёў яго ў палітыку. Яшчэ В.Аксючыц займае пасаду дацэнта Дзяржаўнай акадэміі славянскай культуры, выдае кніжкі, у якіх выступае як праваслаўны фундамэнталіст. Што да асабістага жыцьця, дык у біяграфіях, напісаных непрыяцелямі В.Аксючыца, адзначаецца: «часта жанаты, адна з жонак — кіраўніца габрэйскага тэатру».
Калі б у Беларусі быў іншы палітычны рэжым, «маскоўскія землякі» маглі б зьмяніць сваё стаўленьне да яе незалежнасьці і хутка «перабудавацца». Будучы ў Расеі «варагамі», многія зь іх не хацелі б губляць сувязяў і з Бацькаўшчынай. Можна прыгадаць хоць бы той факт, што ў жніўні 1991-га бел-чырвона-белы сьцяг у залю беларускага парлямэнту разам з Лукашэнкам уносіў касманаўт Кавалёнак.
Цяжка сабе ўявіць на першых ролях у фінскай ці нямецкай палітыцы чалавека, які вырас у іншай краіне. Няма лепшага сьведчаньня таго, што Расея застаецца больш савецкай, як нацыянальнай дзяржавай, чым склад расейскае палітычнае эліты. Гэтыя колы ня трацяць надзеі поўнага аднаўленьня ўплыву Масквы ў страчаных ускраінах сьледам за экспансіяй расейскага капіталу. Калі беларускія эліты пагодзяцца ажыцьцявіць пілётны варыянт такой інтэграцыі, у Менску, нібы ў Грозным, побач з «нацыянальным лідэрам» зьявіцца і маскоўскі дарадца. У гэтым выпадку ім напэўна стане нехта з вышэйакрэсьленага сьпісу.
Алег Тачоны