Гэтая ўлада загіне aд фармалізму

19 траўня БТ залівалася ўра-патрыятычнымі рэпартажамі аб прыёме новых сяброў у піянэрскія арганізацыі. Багата казалі пра «гісторыю», «традыцыі». Маўчалі пра разнарадкі з аддзелаў адукацыі.

Раней у піянэры прымалі на дзень нараджэньня Леніна. Годнае альтэрнатывы Ільлічу цяпер няма. І таму не зусім ясна, навошта гэна піянэрыя. Над праблемай запаўненьня ідэалягічнага вакууму б’ецца ўся ўладная вэртыкаль. Пакуль беспасьпяхова. Чарговым сьведчаньнем таму — выступ Юр’я Сівакова перад студэнтамі Акадэміі фізвыхаваньня. Міністар перамяжаў цытаваньне Бурачка з панэгірыкамі «братняй Расеі».

Адзіная ўцямная ідэя, якую здолелі згенэраваць лукашысты, была агучаная міністрам адукацыі Брыгадзіным у часе рэктарскае нарады ў Горадні: мэта ідэалягічнага выхаваньня моладзі — «павага да дзяржаўнай улады». Файны грунт для аб’яднаньня нацыі — нацыі ўладапаслухмяных. «З даўных-давён, дарагія дзеткі, галоўнай каштоўнасьцю беларускага народу была ляяльнасьць да ўлады...»

Зь іншага боку, гаек таксама занадта не закруціш. Лукашэнка — асоба культавая, аднак уласнага культу асобы ўжо ня створыць. Клімат ня той. Дзьмуць моцныя заходнія вятры, Эўразьвяз, як той цмок з казкі, пралізвае адны жалезныя дзьверы за другімі.

«Калі ня можаш мяне любіць, хоць бы рабі выгляд», — вось і ўся ўладная ідэалёгія. Не відаць бляску ў вачох новапрызначаных «важатых», аж да галоўнага піянэра краіны Аляксандра Бабіцкага. Піянэрская арганізацыя ды БПСМ гадуюць канфармістаў. Як у часы Брэжнева—Машэрава, ад фармалізму і канфармізму дранцьвеюць адзін за адным чэлесы аўтарытарнага цела: і палітычная эліта, і калгасны лад, і нават юная піянэрыя.

Андрэй Скурко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0