У Нацыянальным дзяржаўным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа сумятня. 28 траўня намесьнік міністра адукацыі Казімер Фарына прадставіў выкладчыкам новую дырэктарку — Тамару Шчарбачэвіч. Паводле загаду міністэрства, яна распачынае працу з 29 траўня. Стваральнік і нязьменны кіраўнік ліцэю Ўладзімер Колас можа пакінуць ліцэй. Фактычна У.Колас выконваў дырэктарскія абавязкі, але фармальна лічыўся намесьнікам дырэктара — такія былі ўмовы джэнтэльмэнскага пагадненьня між ліцэем і былым міністрам Стражавым, складзенага пад ціскам сумнапамятнага Замяталіна.

Паводле словаў К.Фарыны, агулам міністэрства разглядала 10 кандыдатураў на пасаду дырэктара. Была сярод іх і кандыдатура У.Коласа, але яна «не задаволіла кіраўніцтва». Т.Шчарбачэвіч нарадзілася ў Койданаве, мае дзьве вышэйшыя адукацыі: культасьветработніцы (БУК) і гісторыка (БДПУ імя Танка). Працавала настаўніцай, потым намесьніцай дырэктара СШ №68, кіравала СШ №172. Паўтара году таму стала начальніцай аддзелу прагназаваньня разьвіцьця адукацыі пры абласным мэтадычным кабінэце.

Новая кіраўнічка прыйшла ў ліцэй пад самае заканчэньне навучальнага году, што вялікая рэдкасьць. Праўдападобна, гэта вынік раздражненьня дзейнасьцю Ўладзімера Коласа, які за апошні час зладзіў Усебеларускі сход інтэлігенцыі і ўвайшоў у аргкамітэт руху «За годнае жыцьцё».

Канфлікт мае даўнія карані: яшчэ ў 1998 г. чыноўнікі хацелі забраць у навучальнай установы будынак і памяняць кіраўніцтва, але навучэнцы з бацькамі распачалі доўгую кампанію пратэсту і перамаглі. Пяць гадоў доўжылася замірэньне: улады не чапалі гэтай узорнай беларускамоўнай установы, што рыхтуе гуманітарную эліту, але пасада дырэктара заставалася вакантнай.

У сераду адбылася сустрэча новапрызначанай дырэктаркі з настаўнікамі. Т.Шчарбацэвіч паказала сябе ня самым прывабным чынам. Гаварыць па-беларуску ёй было складана — зьбівалася на расейскую, а на закіды адказвала: «У нас в государстве двуязычие, и его никто не отменял». Да гэтага візыту яна ні разу не была ў ліцэі й нават не азнаёмілася з статутам установы.

Адзін зь ліцэістаў сказаў мне: «Нам зьмены недаспадобы. Колас файны дзядзька. У чацьвер мы разьвесім па ўсім ліцэі лёзунгі «Чужая мачыха горшая за роднага бацьку». Для Міністэрства гэта можа стаць неспадзяванкай. Разьвязваючы пытаньне пры канцы траўня, яно яўна разьлічвала, што перад экзамэнамі ліцэісты не заварушацца.

Выкладчыкі ўспрынялі ў штыхі прызначэньне чалавека, чужога нацыянальнай культуры і традыцыям, што складаюць зьмест навучаньня і дух ліцэю. На іх думку, Мінадукацыі дзеля нейкіх сваіх кабінэтных разборак правакуе зрыў выпуску элітнае нацыянальнае школы, сьведама падсылаючы кіраўніком неспэцыяліста ў гарачы экзамэнацыйны час.

Улады хацелі б падштурхнуць выкладчыкаў да арганізаванага групавога сыходу з установы, мяркуючы, што сьледам за імі сыдуць і вучні-завадатары. Такая задача спрашчаецца тым, што ў ліцэі ня больш за 15 штатных выкладчыкаў, астатнія 20 — сумяшчальнікі, выкладчыкі ўнівэрсытэтаў, супрацоўнікі Акадэміі навук, якія і складаюць галоўны навуковы патэнцыял ліцэю, але фінансава ад выкладаньня на Кірава, 21 ня дужа залежаць.

У цяперашняй сытуацыі, на думку У.Коласа, апошняе слова павінна быць за выкладчыцкім калектывам ліцэю. Сам заснавальнік кажа, што прыме волю калегаў. Але пры гвалтоўным прызначэньні новага дырэктара Колас сыдзе.

На бацькоўскім сходзе вырашана зьвярнуцца да прэм’ера Навіцкага з просьбай адмяніць загад Міністэрства. Бацькі мелі распачаць пратэсты ў чацьвер. А галоўнае слова, паводле Статуту, — за Радай ліцэю, у якую ўваходзяць і выкладчыкі, і бацькі, і вучні. Менавіта яна ў 1998 г. прыняла рашэньне аб масавым пратэсьце.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0