якая заключаецца ў тым, каб ня быць падобнымі ні на адзін нармальны народ cьвету, а найперш — каб ня быць падобнымі на сябе саміх. «Любі чужое аж да пакланеньня, сваё любі — да самазабыцьця», — сказаў паэт. Так яно ў нас і было за савецкім часам. Праўда, з усяго чужога пакланяліся мы толькі Расеі, яе вялікай культуры, яе праўдзівай гістарычнай дактрыне, яе магутнай мове. Але і сваё — любілі.

Часам літаральна — да самазабыцьця, гэта значыць забываючы родную мову, гісторыю і культуру. Так было да 1995 году, да першага рэфэрэндуму, калі ўсё дзяржаўнае ў нас стала люстэркам прыватных густаў Аляксандра Лукашэнкі. Зь ягоным прыходам сваё любіць перасталі. Сваё нараклі чужым, нацыяналістычным, бээнэфаўскім і ўжо ніяк не дзяржаўным. Затое да самазабыцьця закахаліся ў Расею, яе культуру, яе гістарычную дактрыну, яе мову.

У нас як нацыі і ў нашай дзяржавы цяпер нічога свайго няма. Мы вызваліліся ад яго гэтаксама, як ад свайго навязьлівага вясковага паходжаньня вызваляліся нашы гараджане першага пакаленьня. Яны ўсімі сіламі імкнуліся «разгаварываць па-гарадзкому» і страшна саромеліся, калі ў іхнай гаворцы праскокваў беларусізм. Ці ня кожны беларус майго пакаленьня згадае, як цяжка пасьля летніх канікулаў, праведзеных у вёсцы, зь яго выбівалі гэтыя мілыя «г» і «ч», што імгненна прыставалі да языка, нібы пакліканыя аднекуль з глыбіні нашых дзіцячых душ.

Сёньня мы — самая ўнікальная нацыя ва ўсім цывілізаваным сьвеце. Мы з такой лёгкасьцю зьнішчаем уласную спадчыну, нібы тыя камсамольцы-бязбожнікі, што ў 30-я гады руйнавалі цэрквы і выкідалі з бацькоўскіх хат абразы. У параўнаньні з тымі ж расейцамі ці палякамі, латышамі, літоўцамі, украінцамі (усе — нашы суседзі) мы ўсё робім наадварот. Можа быць, гэткая ўнікальнасьць і дае нам падставы для гонару, але ці лепей мы ад гэтага жывём? Ці ясьней за тых жа суседзяў бачым будучыню — сваю і сваіх дзяцей? Ці пачуваемся багатымі — духоўна і матэрыяльна? Ці болей нас шануюць у сьвеце?

Свая мова, гісторыя і культура — у прынцыпе, толькі гэтым розьніцца цывілізаваны народ ад таго, які — не зусім. Гэта значыць, усе нашыя суседзі — ад нас. Можа быць, мы вылучаемся нейкай новай рэвалюцыйнай тэорыяй і заўтра ўвесь сьвет зразумее наша самаадрачэньне ды кінецца таксама заганяць свае мовы і культуры ў апазыцыю ды перапісваць свае гісторыі так, каб сабе самім там адводзілася самае ўбогае і непрывабнае месца? Тады — у нас вялікая місія. А мэсіям заўжды няпроста. І трэба цярпець. Наўрад ці нам пашчасьціць жыць у тым «сьветлым заўтра». Таму застаецца спадзявацца на ўнукаў, якія пабачаць... Зрэшты, што яны пабачаць пасьля нас, сваіх дзядоў, калі мы самі пасьля сваіх ва ўпор ня бачым нічога? Мы самаадракліся, закладаючы гэткі прынцып паводзінаў на ўсю будучую гісторыю, на ўсіх сваіх унукаў, якім нічога не застанецца, як самаадрачыся сьледам. А гэта значыць, што і яны жыць будуць ня лепей за нас — ані духоўна, ані матэрыяльна.

Вы скажаце — гэта ж тупік! Што нам замінае быць такімі, як усе, —нармальнымі, пасьпяховымі, багатымі і паважанымі, прынамсі сярод суседзяў? Нам замінае ўсенародны рэфэрэндум 1995 году, калі мы адракліся ад сваіх спадчынных каштоўнасьцяў — роднай мовы, самадастатковай гісторыі і культуры. Нам замінае дзяржаўная палітыка, што абапіраецца выключна на ірацыянальныя хоцькі-няхоцькі аднаго чалавека. Нам замінае акадэмічная навука, што тыя хоцькі-няхоцькі абгортвае ў форму навукападобных сэнтэнцыяў.

Апошні прыклад — артыкул акадэміка Падлужнага, дырэктара Інстытуту мовазнаўства, у часопісе «Беларуская думка», які менавіта такімі сэнтэнцыямі стракаціць: «Кожнаму з тых, хто зьяўляецца шчырым прыхільнікам беларускай мовы, неабходна абмежаваць свае жаданьні распаўсюдзіць яе ўжываньне ва ўсіх сфэрах, а толькі ў тых, дзе можна дасягнуць поспеху ўжо сёньня»...

Інакш кажучы, акадэмік прапануе «шчырым прыхільнікам» абмежаваць сваю «шчырую прыхільнасьць». Мне гэта нагадала колішнюю рэкамэндацыю А.Лукашэнкі беларускаму народу — устрымацца ад ужываньня мяса. А яшчэ я паспрабаваў уявіць сабе такую фразу, зьвернутую да любога з нашых суседзяў — латыша, літоўца, паляка, расейца, украінца. Рэакцыяў магло б быць толькі дзьве: чалавек нічога не зразумеў і паглядзеў на акадэміка як на дзівака; чалавек адказаў неакадэмічным словам, жэстам або рухам. У нас жа сэнтэнцыя надрукаваная ў прэзыдэнцкім часопісе і зьяўляецца настойлівай рэкамэндацыяй для тых, хто праводзіць дзяржаўную палітыку.

Ну, а што адказаў бы акадэміку беларус? Напрыклад я. Я — «шчыры прыхільнік», хоць мне зусім не падабаецца, што спадар Падлужны дае нейкую кваліфікацыю звычайнаму носьбіту беларускай мовы, які карыстаецца ёю дома, зь дзецьмі і ў дачыненьнях зь дзяржаўнымі службамі. Ёсьць, ведаеце, такія людзі, што не пайшлі на самаадрачэньне. І як гэта ні дзіўна, але пачуваюцца яны нармальнымі людзьмі. Тут акадэмік Падлужны нагадаў мне расейскага турыста ў Парыжы, які, пабачыўшы францускае дзіця, зьдзіўлена ўсклікнуў: «Такой маленький, а уже по-французски говорит!»

Нас, «таких маленьких», у Беларусі зусім нямала. І галоўная праблема наша — якраз у дачыненьнях зь дзяржаўнымі «сфэрамі». Калі беларускі службовец ня здольны на наш, грамадзянаў Беларусі, зварот па-беларуску адказаць на дзяржаўнай беларускай мове. Спадар Падлужны прапануе нам зь піэтэтам ставіцца да элемэнтарнага невуцтва выпускнікоў беларускіх школаў на дзяржаўных пасадах. Гэта як бы ў савецкія часы нам прапаноўвалі маліцца на папулярную таблічку «Ушла на базу». Па вялікім рахунку, менавіта чынавенскае невуцтва прычыняе нам, беларускамоўным, найбольш нязручнасьцяў ва ўласнай краіне. Астатняе — садкі і школы, кнігі і газэты — мы ствараем сабе самі, нават пры тым неверагодным ціску, які робяць на нас дзяржаўныя органы. Але Бог зь імі. Перажывём. Толькі ня трэба прымушаць нас самаабмяжоўвацца. Мы на гэтай зямлі дома. Лягічна было б самаабмежавацца прадстаўнікам іншых моваў і культураў, у якіх ёсьць мэтраполіі. У беларусаў іншае мэтраполіі няма.

Зрэшты, я зусім не пра тых палякаў ды ўкраінцаў, што жывуць у Беларусі, і не пра расейцаў, якія ў нас — вышэй за ўсіх, самыя прывілеяваныя. Я нават не пра тое, што родную мову трэба было б неяк паважаць, прынамсі ў акадэмічным Інстытуце мовазнаўства. Я пра тое, што шлях нацыянальнае выключнасьці, якім Беларусь ідзе на чале з А.Лукашэнкам, прывёў нас у цывілізацыйны тупік. І ўсё болей людзей у Беларусі разумеюць, што наша краіна і дзяржава — стаяць на месцы. Каб рушыць далей, варта перастаць быць самымі разумнымі і пачаць жыць паводле агульнапрынятых законаў, прыярытэтаў і каштоўнасьцяў. Як гэта ні цяжка — жыць нармальна.

Сяргей Дубавец