Першае набажэнства ў новай беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў Бэльгіі адбылося 1 чэрвеня. У Антвэрпэн на службу, якую адправіў настаяцель беларускай місіі Ўваскрасеньня Хрыстовага айцец Ян Майсейчык, сабралася больш за паўсотні вернікаў з усіх куткоў Фляндрыі, а таксама зь іншых старон Эўропы.

Наведаў набажэнства й апостальскі візытатар для беларусаў замежжа айцец Аляксандар Надсан, дзякуючы куратарству якога ўзьнікла ўніяцкая грамада.

Грэка-каталіцкі прыход паўстаў на ініцыятыву саміх вернікаў-беларусаў, якія жывуць у краіне. А іх там каля сотні чалавек, якія жывуць ня толькі ў Антвэрпэне, але й у іншых гарадох Фляндрыі ды Валёніі. Літургіі часова адбываюцца ў мясцовым рыма-каталіцкім касьцёле. Аднак уніяцкая суполка мае спадзеў, што зь цягам часу храм можа быць цалкам перададзены ёй — абы вернікі наведвалі службы.

АШ