Усё выглядала, як у той колішняй трагедыі ў бухце Новарасійску. Капітаны «Адмірала Нахімава» і «Пятра Васева» трымаліся абранага курсу, хоць і бачылі, што караблі неўзабаве сутыкнуцца. Абодва да апошняе хвіліны спадзяваліся, што сустрэчны карабель зьменіць курс. У выніку сотні людзей загінулі. У нашым выпадку сутыкнуліся прэм’еры. Ніхто не загінуў, але ўражаньне сапсаванае.

Нашы тэатры, асабліва музычныя, якія нячаста цешаць публіку навінамі, ахвотна прэзэнтуюць новыя працы пры канцы сэзону. Папярэдняя прэм’ера ў Опэры — «Багема» Пучыні ў пастаноўцы пермяка Георгія Ісаакяна — адбылася 20 чэрвеня 2002 г., яшчэ ў мінулым сэзоне. Музычны тэатар крыху больш прадукцыйны: 6 сьнежня 2002 г. ён прадставіў рок-опэру «Юнона і Авось» у пастаноўцы растоўскага рэжысэра Яўгенія Хандака. І вось новыя прэм’еры: у Опэры — «Хаваншчына» Мусарскага ў сцэнічным прачытаньні Маргарыты Ізворскай-Елізар’евай; у Музкамэдыі — «Каралева чардашу» Імрэ Кальмана ў рэжысуры Барыса Ўторава. Адбыліся яны ў адзін дзень — 29 траўня. Нібы абодва тэатры існуюць у нейкай ізаляванай прасторы, ня дбаючы ані пра посьпех, ані пра грошы, ані пра гледачоў-заўсёднікаў.

Мне адразу згадаўся канцэрт тэнара Сяргея Драбышэўскага ў Опэры 8 траўня. Было пагодна, пяць выходных запар. Большасьць патэнцыйных слухачоў разьехаліся за горад. Між тым Драбышэўскі, саліст Марыінскага тэатру, варты ўвагі. У Менску ён выступае нячаста, а калі да яго ставіцца гэткім чынам — увогуле зьнікне з нашага небасхілу, як гэта ўжо здарылася з многімі беларускімі сьпевакамі.

Канцэртам Драбышэўскага ахвяравалі, кажуць, дзеля сцэнічных рэпэтыцыяў «Хаваншчыны». Але дзеля чаго ахвяравалі «Хаваншчынай»? Небывалы выпадак: на прэм’еры было шмат пустых крэслаў. Бо частка публікі аддала перавагу апэрэце. Там і музыка знаёмая, і буфэт цікавейшы. Туды ж накіраваліся й працаўнікі Опэры, стомленыя бясконцымі прагонамі «Хаваншчыны». Гэткім чынам, удзельнікі прэм’ернага спэктаклю апынуліся без падтрымкі «сваіх». Можна было б падумаць, што кіраўніцтва Опэры імкнулася «зарэзаць» рэжысэра. Але ж пастаноўку «Хаваншчыны» ажыцьцяўляла сама спадарыня Елізар’ева, і яна ж, напэўна, прымала рашэньне наконт дня прэм’еры.

Музычнаму тэатру недарэчны расклад прэм’ераў нашкодзіў яшчэ болей, чым Опэры. Міністэрскае начальства, кансэрваторская прафэсура і высокакваліфікаваныя аматары палічылі за лепшае паслухаць «Хаваншчыну». Да таго ж у Менску нямнога добрых аркестравых музыкаў, і многія зь іх вандруюць па «чужых» аркестрах, узмацняючы іх у выпадку патрэбы. «Хаваншчына» патрабуе вялікага аркестру; у «Каралеве чардашу» таксама дзьвюма скрыпкамі не абыдзешся. У выніку супадзеньне прэм’ераў зашкодзіла настрою і якасьці гучаньня.

Юлія Андрэева

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0