6 чэрвеня 2003 г.

Ігнат Дамейка цяпер яшчэ і дыназаўр. Чылійскія навукоўцы назвалі ў яго гонар новаадкрытую рэліктавую пачварыну зь сямейства тыраназаўраў. Дамейказаўр чылійскі жыў пры канцы крэйдавага пэрыяду, меў восем мэтраў у даўжыню і два ў вышыню ды харчаваўся лісьцем араўкарыі.

Зьміцер Піменаў і Вадзім Кабанчук узначалілі створанае ў Бэльгіі Беларуска-эўрапейскае задзіночаньне. Таксама 50 сем’яў новаэмігрантаў у Антвэрпэне стварылі новую грэка-каталіцкую парафію.

Барысаўскія зуброўцы пакляліся паставіць новы крыж на месцы расстрэлу ўдзельнікаў антысавецкіх выступленьняў 1920—30-х. Стары, перавязаны бел-чырвона-белым сьцягам, у ноч з 29 на 30 траўня хтосьці скраў.

Леанід Мальцаў загадаў дзеля эканоміі ліквідаваць Барысаўскі вайсковы шпіталь і стварыць на яго базе вайсковую паліклініку. З 152 дактароў і сёстраў туды возьмуць толькі 52. Ліквідаваныя таксама шпіталі ў Лідзе, Берасьці, Слуцку, Полацку, застанецца толькі супэрсучасны ў Менску.

Аляксандар Шаранкоў, дэпутат Гарадоцкага райсавету, склікаў у Езярышчы талаку, каб адрэстаўраваць плаціну на Обалі. Рака паглыбела, гэта дазволіць людзям плаваць.

Антон Ляшчэвіч і Юры Кашыра, ксяндзы-пакутнікі зь вёскі Росіца (Верхнядзьвінскі раён), сталі героямі фільму «Да хвалы Алтара». Стужку зьнялі Ірына Жарнасек і Андрэй Сухаржэўскі.

Біл Клінтан выказаўся за адмену 22-й папраўкі да Канстытуцыі ЗША, якая не дазваляе прэзыдэнту знаходзіцца ля ўлады больш за два тэрміны. А пасьля падсумаваў: «Да мяне гэта, відаць, ня будзе мець дачыненьня».

Абдурахман Мустафа, курд-юрыст, абраны бурмістрам Кіркуку, што на поўначы Іраку. Пры Хусэйну адсюль былі выгнаныя каля 200 тыс. курдаў, а на іх месцы паселеныя арабы з поўдня краіны.

Уладзімер Пронін, шэф маскоўскае міліцыі, выступіў за дэпартацыю з гораду ўсіх прастытутак. Іх у расейскай сталіцы сто тысячаў, таму без павелічэньня штату міліцыі яму не абысьціся.

Хідэка Арыма зь Японіі адсьвяткавала 101-годзьдзе на працоўным месцы — за стойкай свайго бару. Яна адзіны чалавек у сьвеце, які ў такім веку ўсё яшчэ ходзіць на працу.

Аляксандар Мазанаў, менскі дызайнэр, перамог на конкурсе Міністэрства прыродных рэсурсаў і Прадстаўніцтва ААН на найлепшы знак для маркіроўкі экалягічна чыстай прадукцыі. Ягоны варыянт — сылюэт лістка на фоне блакітна-зялёнага шару.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0