Пры канцы траўня Менск наведала дэлегацыя італьянскіх палітыкаў і навукоўцаў. Фармальнай мэтай візыту быў удзел у сэмінары «Вучыцца ў Эўразьвязу: падтрымка дэмакратычных рэформаў», нефармальнай — сустрэча зь беларускімі ўрадоўцамі.

26—28 траўня ў Белдзяржунівэрсытэце чакалі міністра Мартынава і загадкавага «сыньёра Панькова» з Адміністрацыі прэзыдэнта. Але ні аднаго, ні другога не дачакалі. Слабым суцяшэньнем былі ўкраінскія дыпляматы ды прадстаўнікі беларускіх банкаўскіх колаў. А сярод італьянцаў быў генэральны дырэктар МЗС Італіі др.Люка Біялята і ганаровы прэзыдэнт Дзяржаўнае Рады Італіі Люіджы Фэрарыс.

Італьянцы аптымістычна ацанілі пэрспэктывы разьвіцьця нашай краіны і будучыню беларуска-эўрапейскіх стасункаў, але заяву Бэрлюсконі аб хуткім уступленьні Беларусі ў ЭЗ яны пракамэнтаваць не пасьпелі, бо частку выкладчыкаў БДУ больш цікавіла палітыка Зьвязу ў дачыненьні да Расеі. Гэта выклікала пратэст з боку студэнтаў, і дыскусіі былі тэрмінова спыненыя перапынкам на каву.

Працягваючы рабіць камплімэнты нашай краіне, прафэсар Фанара з Мэсынскага ўнівэрсытэту разьвеяў ілюзіі што да роўнасьці ў Эўразьвязе. Ня варта думаць, што там скрозь аднолькавы ўзровень жыцьця. Краіны ЭЗ роўныя ў спаборніцтве, але выжывае мацнейшы.

Удзельнікі сэмінару пагадзіліся, што Беларусь можа далучыцца да ЭЗ, скарыстаўшыся «грэцкім варыянтам». Грэцыю пасьля крывавай дыктатуры «чорных палкоўнікаў» прынялі ў 1981 г. у Эўрапейскую супольнасьць, не чакаючы выкананьня ёю эўрапейскіх патрабаваньняў у сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сфэры, каб не дапусьціць яе збліжэньня з савецкім блёкам.

Язапат Змысла

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0