Камітэт дзяржкантролю атрымаў права праслухоўваць тэлефоны і памяшканьні, чытаць звычайную і электронную пошту. У кожным з нас сядзіць вораг народу, сабатажнік і ангельскі шпіён. Прыняты палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні законапраект «Аб унясеньні зьменаў у Закон Рэспублікі Беларусі аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці» дае паўнамоцтвы весьці апэратыўна-вышуковую дзейнасьць аж васьмём структурам: органам унутраных справаў, дзяржбясьпекі, памежных войскаў, службе бясьпекі прэзыдэнта, мытным органам, органам замежнай выведкі і камітэту дзяржкантролю.

Калі раней ведамства Тозіка мела права цікавіцца толькі бухгальтэрыяй, дык цяпер упаўнаважана зьбіраць любую інфармацыю пра прадпрыемствы і арганізацыі. «Гэта можна скіраваць супраць любых нязгодных з палітыкай рэжыму — прадпрымальнікаў, дырэктараў», — мяркуе адвакат Алег Воўчак.

Зьмены тычацца й павелічэньня тэрмінаў вядзеньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці. З санкцыі генпракурора зьвесткі аб злачынных групоўках, арганізацыях, а таксама аб карупцыі могуць цяпер правярацца два гады. Раней гэты тэрмін не перавышаў паўтара году — і тое ў выключных выпадках.

Падставамі для сачэньня, як запісана ў законе 1999 г., застаюцца крымінальная справа або зьвесткі аб прыкметах злачынства, зьдзейсьненага ці заплянаванага, аб асобах, якія падрыхтавалі, зьдзейсьнілі альбо зьдзяйсьняюць злачынства; зьвесткі аб падзеях альбо дзеяньнях, што ствараюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы краіны. Законам прадугледжваецца праслухоўваньне памяшканьняў, кантроль паштовых і тэлеграфных паведамленьняў, праслухоўваньне тэлефонаў, зьняцьце інфармацыі зь любых тэхнічных каналаў сувязі (электроннай пошты, мабільнікаў і г.д.). Гэтыя матэрыялы могуць пасьля выкарыстоўвацца ў судзе як доказ, а таксама служыць падставай для ўзбуджэньня крымінальнай справы. Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч кажа, што, улічваючы сёньняшнюю практыку, можна зрабіць выснову, што ў краіне ўжо вядзецца апэратыўна-вышуковая дзейнасьць без узбуджэньня крымінальных справаў, ажыцьцяўляецца негалосны нагляд за грамадзянамі.

Павелічэньне тэрміну вышуку да пяці гадоў прадугледжваецца толькі для адной групы злачынстваў — «супраць міру, дзяржавы і бясьпекі чалавецтва». У новым КПК упершыню вылучаная такая экзатычная група злачынстваў.

Больш хадавым, у сьвятле апошніх падзеяў з СМІ, можа апынуцца пункт «злачынствы супраць дяржавы і парадку ажыцьцяўленьня ўлады і кіраваньня».

У Беларусі парлямэнт ня мае магчымасьці правяраць працу органаў апэратыўна-вышуковай дзейнасьці, тады як у суседніх дзяржавах існуюць спэцыяльныя парлямэнцкія камісіі кантролю за спэцслужбамі.

Вераніка Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0