Прыехалі, што называецца. Галоўны архітэктар сталічнага мэгаполісу Аляксандар Чадовіч паставіў матэрыяльную нерухомую гісторыка-культурную каштоўнасьць першай катэгорыі «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 30—40-х гадоў мінулага стагодзьдзя», разьмешчаную побач зь менскім мікрараёнам Зялёны Луг-7, у шэраг звычайных могілак. Такую сваю пазыцыю засьведчыў высокага рангу гарадзкі чыноўнік у інтэрвію «Комсомольской правде в Белоруссии» 8 траўня 2003 г.
Кароткае, два абзацы тэксту, выказваньне пра Курапаты сп.Чадовіча мае колькі супярэчнасьцяў. Спачатку ён кажа, што як «нормальный человек» разумее, «что это за место». Слушна ім адзначана праблема падзелу помніка гісторыі кальцавой дарогай на дзьве часткі.
Але, прапануючы ўтварыць на месцы масавых пахаваньняў адзіны мэмарыяльны комплекс, галоўны архітэктар Менску выявіў поўнае неразуменьне характару гэтага трагічнага месца. Ці думаў ён калі-небудзь, што курапацкі лес ёсьць адным суцэльным пахаваньнем?! Менавіта пахаваньнем, але ж ня могілкамі, якія маюць ці хаця б мелі рэгулярную пляніроўку, дзе магілы нейкім чынам пазначаны або іх можна дакладна акрэсьліць… Пытаньняў безьліч. Ня высьветліўшы ўсе іх да канца, адказ даць немагчыма.
Ахоўная зона Курапатаў у сотню мэтраў, што прапанаваў А.Чадовіч, патрэбна не для абароны трагічнага нэкропалю, а для забесьпячэньня рэалізацыі генэральнага пляну Менску. Паводле меркаваньняў праекціроўшчыкаў, тэрыторыя побач з пахаваньнямі, вакол якой сёньня разгараюцца дыскусіі, мае надзвычайную горадабудаўнічую каштоўнасьць. Тут генплянам вызначана ўзьвесьці жылы мікрараён з шматпавярховых будынкаў, падобны да суседняга Зялёнага Лугу ці якой-небудзь Малінаўкі. Для дзясяткаў, калі ня сотні тысяч будучых насельнікаў патрэбная будзе, па-навуковаму кажучы, рэкрэацыя. Гэту ролю выдатна выканае курапацкі лес, куды й сёньня наведваюцца аматары шашлыкоў ці сабакаводы з сваімі ўлюбёнцамі. І тады ніякіх валанцёраў ня хопіць, каб прыбіраць бітае шкло, плястыкавы посуд, цэлафан — шмат з таго, што пакідае чалавек пасьля своеасаблівага яднаньня з прыродай.
Такую пэрспэктыву Курапатам плянуе «нормальный человек» Аляксандар Чадовіч?
Хто ня верыць, няхай пройдзе па прыгарадных лясах уздоўж кальцавой дарогі ды побач зь мікрараёнамі, што прытуліліся да прыменскіх лясных зонаў. З упарадкаваньнем гэтых земляў не спраўляюцца спэцыяльна прызначаныя на тое службы. Менскі аблвыканкам такую праблему наважыўся вырашыць надзвычай проста: яго рашэньнем №307 ад 28 красавіка 2003 г. вызначана падрыхтаваць у найбліжэйшы час «Палажэньне аб парадку вылічэньня, уплаты і выдаткоўваньня збору зь землеўласьнікаў, землекарыстальнікаў і ўласьнікаў зямельных участкаў на ачыстку тэрыторый ад сьмецьця і ўтрыманьне іх у належным стане». Гэта ў дадатак да істотна зьмененых у бок падвышэньня ставак зямельнага падатку.
Як той казаў, з агню ды ў полымя. Нехта самазваламі будзе прывозіць сьмецьце, цешыцца шашлычкамі на ўлоньні матухны-прыроды, а плаціць будуць усе — перш за ўсё законапаслухмяныя грамадзяне, як гэта заўсёды й бывае ў нашай дзяржаве.
Пра знакаміты ўжо пасёлак Сонечны, што наважылася будаваць пры Курапатах фірма «Вігэўрабуд», гаворка асобная. Няма сэнсу, відаць, кранаць маральны бок гэтай справы: там, дзе грошы, маралі рабіць няма чаго. Дый мараль для многіх нашых суграмадзян ня ёсьць катэгорыя матэрыяльная, ад яе наяўнасьці ці адсутнасьці ім ня цёпла й не халодна.
Гаворка пра адкрыта-цынічнае парушэньне заканадаўства, бо ня выканана патрабаваньне аб вызначэньні ахоўных зон гісторыка-культурнай каштоўнасьці перад падрыхтоўкай «праектаў раённай пляніроўкі ці рэканструкцыі гарадоў ды іншых населеных пунктаў». І што ж, нехта панёс пакараньне за ігнараваньне закону? І ня блізка: ні маральнай, ні прававой адказнасьці не наступіла. Абаронцаў Курапатаў бяз дай прычыны можна і пад АМОНаўскія дубінкі пусьціць ды па аўтазаках парасьпіхваць. А тут нават участковы міліцыянэр не абмовіўся і словам. Нездарма даўно было сказана: рука руку мые, або крумкач крумкачу вока ня выдзеўбе.
Луцэя Баторынa