Саюз эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў зьвярнуўся да старшыні Камітэту па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Станіслава Бука зь лістом, у якім паведамляе, што ня можа прыняць на сябе абавязкі, устаноўленыя законам «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях». Фактычна, баптысты — найбольшая пратэстанцкая канфэсія Беларусі — абвесьцілі аб пачатку грамадзянскага непадпарадкаваньня, накшталт таго, якое праславіла вернікаў гэтай канфэсіі ў савецкі час.

Баптысты занепакоеныя тым, што закон «неправамерна абмяжоўвае права грамадзянаў на свабоду сумленьня і веравызнаньня, а таксама перашкаджае рэалізацыі права свабодна распаўсюджваць свае рэлігійныя перакананьні і дзейнічаць у адпаведнасьці зь імі». У законе закладзеная «дыскрымінацыя рэлігійных грамадаў і грамадзянаў паводле прыналежнасьці іх да традыцыйнай і нетрадыцыйнай рэлігіі, што зьяўляецца антыканстытуцыйным. ...Некаторыя нормы, закладзеныя ў законе, несумяшчальныя з рэлігійнымі перакананьнямі вернікаў», — падсумоўваецца ў звароце. Найбольш турбуе баптыстаў абмежаваньне мінімальнае колькасьці грамады 20 асобамі. Саюз ЭХБ просіць С.Бука знайсьці прымальны шлях да вырашэньня гэтае праблемы.

СМ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0