Успомнім пра Беласточчыну

Сталі вядомыя вынікі польскага перапісу. 50 тыс. чалавек залічылі сябе да беларускай нацыянальнасьці. Болей, чым чакалася. Болей, чым украінцаў і літоўцаў у Польшчы разам узятых. Але меней, чым лічылася ў савецкі час. Нямала беларусаў, трэба думаць, знайшлося сярод найбольшай нацменшасьці ў Польшчы — 775 тыс. чалавек «ніякай нацыянальнасьці», што не дэкляравалі ніякай этнічнай прыналежнасьці. І зь сьвечкаю беларусаў ня знойдзеш цяпер у каталіцкай і яшчэ сто гадоў таму суцэльна беларускай Сакольшчыне — асыміляваныя цалкам. Лапік беларускасьці ў Польшчы сьціснуўся да праваслаўных паветаў. І ўсё ж 50 тыс. сьведамых беларусаў — гэта сіла. Ня йдзе на глум праца «Нівы», «Czasopisu», БАСу, Беларускага саюзу ў Польшчы etc.

Ня так даўно і «НН» купілася на чутку, што, маўляў, беларусамі запісаліся толькі 20 тыс. Папрасілі камэнтару ў Сакрата Яновіча, а ён адказаў болем на боль: у нас кожны дзясяты прызнаецца ў беларускасьці, а і ў вас такая самая доля беларусаў, беларускіх па культуры, а не па пашпарце.

Хопіць нам недаацэньваць сілу беларускай сьвядомасьці. Зацісьнутыя нефартуннымі акалічнасьцямі, беларусы застаюцца супольнасьцю, вернай сваёй нацыі. Шкодзіць толькі слабасьць дзяржавы — Рэспублікі Беларусі. Бо ад каго беларусы Беласточчыны маюць найменш падтрымкі, дык гэта ад суайчыньнікаў з-за мяжы. Калі не лічыць дэпутата Сычэўскага, якога ў Менску прымаюць ня столькі як беларуса, колькі як мэнтальнага лепэраўца, хто яшчэ заслужыў увагу менскага ўраду і пасла Латушкі? Сакрат Яновіч атрымаў прэмію імя Дравіча з рук Квасьнеўскага, а не «За духоўнае адраджэньне». Бо інакш прыйшлося б прыслухоўвацца і да меркаваньня беларусаў замежжа — ня толькі да пункту гледжаньня Сычэўскага, але і Гэніка Вапы, напрыклад, які імкнецца зрабіць зь Беласточчыны беларускі П’емонт.

Падтрымка беластоцкіх беларусаў, у адрозьненьне ад разьмяшчэньня гандлёвага прадстаўніцтва дзесьці ў Благавешчанску, ня дасьць імгненнага эканамічнага зыску, але гэта цярплівая выбудова тае супольнасьці, безь якой ня будзе трывалай дзяржавы.

Хто ў Менску займаецца вывучэньнем Беласточчыны? Інстытуту беларускіх дасьледаваньняў у Акадэміі навук няма, як і Інстытуту Беларусі пры МЗС. Выходзіць, усе і ніхто. Зрэшты, у Акадэміі навук няма ні Інстытуту расейскіх дасьледаваньняў, ні Інстытуту эўрапейскіх дасьледаваньняў, хоць як можна выбудоўваць доўгатэрміновую расейскую палітыку без стратэгічнага вывучэньня Расеі? Лукашэнкава адміністрацыя робіць стаўку на ведамасныя аналітычныя цэнтры. Мо гэта і эфэктыўна для кароткатэрміновага прагнозу ці душэньня, але які ад іх плён там, дзе трэба ўкладаць і тварыць. Гэтая дробязь — адзін з адломкаў большага выбару — як разбудоўваць дзяржаву: празь дзяржапарат ці праз супольнасьць, замкнёна ці адкрыта, і ці будаваць увогуле.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0