На беларуска‑польскай мяжы затрыманыя чатыры прадстаўнікі беларускай апазыцыі. Як паведаміў увечары 24 чэрвеня Першы канал, у ноўтбуках у апазыцыянэраў былі знойдзеныя дапаможнікі па тэрарызьме. Электронныя дапаможнікі, па зьвестках тэлеканалу, знаходзіліся ў схаваных файлах. Сюжэт пра затрыманьне апазыцыянэраў быў паказаны ў праграме «Панарама тыдня».
«У чатырох актывістаў радыкальнай беларускай апазыцыі, якія навучаюцца ў Польшчы, на мытні былі адабраныя два ноўтбукі з электроннымі дапаможнікамі па тэрарызьме», — паведаміў Першы канал.
Барыс Гарэцкі |
Паводле зьвестак тэлеканала, у схаваных файлах аднаго з затрыманых, знойдзеных у ноутбуку, знаходзілася электронная энцыкляпэдыя мін і ўзрывальнікаў, «Настольная кніга тэрарыста», матэрыялы па правядзеньні тэрактаў, а таксама «100 спосабаў самагубства». Пра земесьціва другога ноўтбука, адабранага ў затрыманых, нічога не паведамляецца.
Як паведамляе «Інтэрфакс», па факце выяўленьня электронных дапаможнікаў па тэрарызьме на беларуска‑польскай мяжы былі затрыманыя прэсавы сакратар незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Барыс Гарэцкі, актывіст Гарадзенскай ячэйкі фронту і два сябры Партыі БНФ.
У дачыненьні да актывістаў «Маладога фронту» раней ужо ўсчыналіся крымінальныя справы па артыкуле «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі».
Як высьветліў прэсавы цэнтар Хартыі‑97, насамрэч апазыцыянэры на волі. Прэсавы сакратар «Маладога фронту» Барыс Гарэцкі вылецеў у Страсбург, каб узяць удзел у сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая праходзіць з 25 да 29 чэрвеня. Відаць, сюжэт па БТ паказаны з мэтай дыскрэдытацыі актывіста ў вачах сусьветнай супольнасьці.
Як паведаміў прэсаваму цэнтру Хартыі‑97 адзін зь лідэраў «Маладога фронту» Антур Фінькевіч, моладзевых актывістаў насамрэч затрымлівалі, аднак некалькі месяцаў таму. Тады ў Гарэцкага сапраўды быў адабраны ноўтбук, які дагэтуль не вярнулі.
Сытуацыю Хартыі‑97 пракамэнтаваў праваабаронца Ўладзімер Лабковіч:
Уладзімер Лабковіч |
Прагляд інфармацыі, якія захоўваецца на ноўтубуках, можа ажыцьцяўляцца толькі з санкцыі пракурора. Так што тое, што паказала БТ, — відавочная правакацыя, скіраваная на тое, каб дыскрэдытаваць нацыянальныя сілы апазыцыі. Працэсуальныя дзеяньні, якія неабходныя, не праводзіліся. Я не сумняваюся, што такіх матэрыялаў на самой справе не было. Актывісты «Маладога Фронту» — глыбока рэлігійныя людзі, яны ня могуць быць прыхільнікамі гвалтоўнага зрынаньня ўлады. Іх маральныя й духовыя прынцыпы не дазволілі б мець такія матэрыялы. Менавіта таму гэтых людзей і вырашылі зьняславіць. Сыстэма працуе гэтаксама, як у 2006 годзе, перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Пасьля пацукоў старшыні КДБ Сухарэнкі, канфіскацыі нейкіх матэрыялаў, якіх ніхто ня бачыў, абвінавачваньняў назіральнікаў за выбарамі ў тэрарызьме, ужо нікога нічым ня зьдзівіш. Гэта трэба разглядаць як палітычную гульню, у выінку якой з апазыцыі спрабуюць зрабіць амаральных людзей, гэта звычайнае навешваньне ярылыкоў. Якія‑кольвек спробы адстаяць свой гонар і годнасьць у дачыненьні БТ ніколі ня мелі посьпеху».