Не сканчаецца паласа скандалаў вакол амэрыканскай газэты «Нью-Ёрк Таймз». Новы выпадак: украінская дыяспара ў ЗША патрабуе пазбавіць нябожчыка-журналіста Вальтэра Д’юранці Пулітцэраўскае прэміі.

Савецкая ўлада наўмысна выклікала ва Ўкраіне голад, каб задушыць сялянскі супраціў калектывізацыі. Д’юранці ж паведамляў 31 сакавіка 1933 г. з Кіева: «Ніякага голаду няма». Праз паўгоду ў наступнай дэпэшы з украінскай сталіцы ён сьцьвярджаў, што «ўсе паведамленьні наконт голаду — гэта перабольшаньне ці наўмысная прапаганда». І гэта праз год пасьля таго, як Д’юранці атрымаў самую прэстыжную журналісцкую ўзнагароду — прэмію Пулітцэра — за «бесстароньнія і аб’ектыўныя рэпартажы з СССР». Асаблівую славу прынесла яму інтэрвію з Сталіным, узятае ў 1929 г. Амэрыканскі журналіст назваў крамлёўскага тырана «найвялікшым палітыкам».

Нават сучасьнікі Д’юранці не пагаджаліся зь ягоным аптымізмам. Так, карэспандэнт брытанскай газэты «Манчэстэр Гардыян» Малькальм Магерыдж, рызыкуючы жыцьцём, сам зьезьдзіў ва Ўкраіну і апісаў жахі галадамору, пасьля чаго назваў Д’юранці «найвялікшым хлусам сярод журналістаў».

Калі Д’юранці ўдасца пазбавіць прэміі, гэта будзе першы такі выпадак з часу яе заснаваньня ў 1917 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0