Нямецкая авіякампанія «Люфтганза» зьбіраецца падключыць да Інтэрнэту ўсе самалёты, што лётаюць па доўгіх маршрутах.Распрацаваную канцэрнам «Боінг» інтэрнэт-сыстэму выпрабоўвае таксама авіякампанія «Брытанскія авіялініі».

Згодна з дамовай паміж «Люфтганзай» і «Боінгам», авіяканцэрн усталюе сыстэму «Канэкшн» на 80 самалётах, прычым ня толькі сваіх, але і на «Аэробусах», сваіх адвечных канкурэнтах. А да пачатку наступнага году Інтэрнэт будзе даступны ва ўсіх самалётах «Люфтганзы».

Нямецкая авіякампанія выпрабоўвае сыстэму «Канэкшн» з пачатку году. Першымі бясплатны Інтэрнэт атрымалі пасажыры бізнэс-клясы маршруту «Франкфурт—Вашынгтон». Аднак па меры павелічэньня колькасьці самалётаў з Інтэрнэтам карыстацца ім на дурня змогуць толькі пасажыры вышэйшай клясы ці тыя, хто мае права на скідкі. Усім астатнім давядзецца плаціць за доступ да сеткі. Цана на паслугу пакуль невядомая.

Пасажырам будзе прапанаваная неблагая хуткасьць злучэньня (да 20 мБ/с у выпадку прыёму дадзеных), а таксама выбар паміж кабэльным і бяздротавым спосабамі падлучэньня.

Аб укараненьні сыстэмы «Канэкшн» пачынаюць думаць таксама японскія і скандынаўскія авіяперавозчыкі. Амэрыканскім авіякампаніям, зьнясіленым фінансавымі праблемамі, пакуль не да таго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0