У цэнтральным і ўсходнім Палесьсі — моцная засуха. Пасьля 16 траўня на тэрыторыі ад Століна да Добрушу выпала ўсяго некалькі мілімэтраў ападкаў. Дзе-нідзе прайшлі два-тры невялічкія дожджыкі, але яны толькі пыл прыбілі.
Сытуацыя ўскладняецца невялікай колькасьцю ападкаў у першай палове траўня, які выпалі ў нашых мясьцінах, хоць па ўсёй краіне былі ліўні.
На глебе месцамі ўтварыліся трэшчыны, празь якія выпараецца апошняя вільгаць. Асабліва пацярпелі ячмень, авёс і жыта. У Лельчыцкім, Ельскім і Брагінскім раёнах значную плошчу гэтых культур ужо пакасілі на кармы для быдла. Што будуць рабіць далей, пакуль ня вырашылі. Прыехала камісія з адпаведнага міністэрства, каб падлічыць страты ды сьпісаць пэўны працэнт пазыкі ў сувязі зь цяжкім становішчам.
Пры канцы траўня тэмпэратура месцамі даходзіла да +33 °С, а ў ноч на 4-га чэрвеня на глебе было ад 0 да –2 °С. Пацярпелі прыватныя гаспадаркі, бо паліваюць амаль кожны дзень, а вось як уберагчыся ад маразоў?
Хаця Белгідрамет і абяцае кароткачасовыя дажджы, сытуацыю яны могуць палепшыць толькі часткова.
Юры Фралоў, Гомель