Самыя цікавыя падзеі ў Опэры адбываюцца тады, калі асноўная частка трупы зьяжджае на гастролі. Вось і сёлета: ледзьве тэатар выправіўся ў Нямеччыну, як 12 чэрвеня ў будынку на Траецкай гары адбыўся канцэрт «Маладыя галасы Беларускай опэры».

Маладосьць у мастацтве — гэта стан, калі актор ці сьпявак яшчэ чакае на свае галоўныя ролі. У гэткім сэнсе маладымі апынуліся далёка ня ўсе ўдзельнікі канцэрту.

37-гадовая Вікторыя Курбацкая дэбютавала ў 1991 г. Сёньня яна сьпявае амаль усе сапранавыя партыі першага пляну. Падчас канцэрту Курбацкая засьпявала змрочную арыю Леаноры з «Трубадуру» Вэрдзі і грацыёзны моцартаўскі дуэт Цэрліны і Дон Жуана. У арыі яна знарок рабіла голас цяжэйшым, дзеля большага драматызму. Затое Моцарта сьпявала ў чвэрць сілы, каб прыстасавацца да сьціплых магчымасьцяў свайго партнэра — барытона Ўладзімера Громава. Можна спадзявацца, што з часам і ён здолее запоўніць сваім голасам прастору опэрнае залі. І тады яго музычнасьць, артыстызм, пранікнёнасьць сьпеву будуць належным чынам ацэненыя.

37-гадовая Алена Бундзелева засьпявала ў сцэне з «Паяцаў» з барытонам Аляксандрам Краснадубскім. Побач зь ім спн.Бундзелевай не было чуваць. Голас Краснадубскага — моцны, выразны і цёплы — цаляў проста ў сэрцы. Шкада, што гэтага сьпевака недастаткова выкарыстоўваюць у опэрах Вэрдзі і Пучыні.

Мэцца-сапрана Эльвіра Рыжановіч сьпявала арыю Кармэн, што прагучала ў яе выкананьні ня дужа пераканаўча. Тая роля больш пасавала б маладзенькай Вользе Кажгаліевай, у якой надзвычайны голас — сакавіты, тэмбрысты, палётны, амаль безь вібрата. У Опэры багата таленавітых мэцца-сапрана. Апрача Кажгаліевай, у канцэрце ўдзельнічалі Алена Сало і Аксана Якушэвіч. Сало, да нядаўняга часу больш вядомая як выканаўца народных песень і духоўнай музыкі, разам з Краснадубскім засьпявала дуэт Разіны й Фігара. Прыгожа, хоць і крыху «застаранна», акадэмічна. Аксану Якушэвіч мы зусім нядаўна бачылі ў ролі Марфы на прэм’еры «Хаваншчыны». На «Маладых галасох» яна засьпявала песьню Азучэны з «Трубадура». Мусаргскага Аксана выконвала як студэнтка, Вэрдзі — як майстар. Для яе палкага тэмпэрамэнту музыка Вэрдзі — родная стыхія. Мусаргскі — чужая.

Голас Тацяны Гаўрылавай, прыгожа афарбаваны, звонкі, з надзвычай пекнымі верхнімі нотамі, яе вытанчанае майстэрства сьпеву, інтэлігентнасьць і тонкасьць інтэрпрэтацыі вельмі прыдаліся ў арыі Разіны з «Сэвільскага цырульніка». Зрабіла ўражаньне й прыгожае лірычнае сапрана Настасьсі Масквіной. Але ёй не заўжды стае прафэсіяналізму.

Абодва басы, што ўдзельнічалі ў канцэрце, таксама выбралі для выкананьня расейскую музыку: больш дасьведчаны Зьміцер Капілаў засьпяваў арыю Мельніка з опэры Даргамыжскага «Русалка», судэнт Андрэй Кулінковіч — арыю Алека з аднайменнай опэры Рахманінава, скарыстаўшы цудоўную нагоду паказаць усю прыгажосьць свайго аксамітнага голасу.

У Опэры ёсьць шматабяцальныя галасы, найперш жаночыя, але няма маладога тэнара, гатовага ўзяць на свае плечы ўвесь цяжар бягучага рэпэртуару. Прычыны варта шукаць у Акадэміі музыкі. Бо гэта адзіная навучальная ўстанова, якая рыхтуе сьпевакоў для галоўнага тэатру краіны.

ЮА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0