Тры гады таму ў Магілёве судзілі Васіля Быкава. Дакладней, судзілі газэту «Тыднёвік Магілёўскі» і аднаго зь яе аўтараў, які ўзяўся бараніць творы Быкава ад купкі камуністаў. Тыя лічылі, што гэтыя творы трэба выключыць з школьных праграм, бо яны «скажаюць праўду пра вайну».

Дванаццаць гадоў таму камуністычная сыстэма дагніла і развалілася. Гэты развал адбыўся б значна раней, але дапамог нямецкі фашызм, які разьвязаў другую сусьветную вайну. На яе можна было сьпісаць эканамічныя правалы, а неабходнасьцю бараніць радзіму ад агрэсара ўзьняць народны энтузіязм. Што і было зроблена.

Перамога ў вайне, якую самаахвярна здабыў народ, нягледзячы на глупства і шкодніцтва сваіх навязьлівых правадыроў, стала адзіным рэальным дасягненьнем камуністычнага пэрыяду. Дасягненьнем, у якім ні кроплі камуністычнай заслугі не было. «Заслугай» камуністычных лідэраў былі толькі шматмільённыя чалавечыя страты. Але камуністы прыватызавалі Перамогу. Сьпешна сталі распрацоўвацца ваенныя міты.

Міталёгія ўкладалася ў вушы ідэолягам, настаўнікам, журналістам, пісьменьнікам. Апошнія павінны былі выконваць партыйную замову — ствараць оды, раманы, аповесьці і даводзіць іх да вушэй народных масаў. Праблему для партыйных ідэолягаў стваралі сумленныя пісьменьнікі, якія асьмельваліся пісаць і гаварыць пра вайну праўду. Васіль Быкаў — самы прыкметны з такіх пісьменьнікаў. Ён — разбуральнік камуністычных мітаў аб вайне, апошняга апраўданьня ідэалёгіі. Ён прадраўся праз утаймавальнае павуціньне, дасягнуў шырокай вядомасьці, і яго ўжо нельга было змарнаваць у ГУЛАГу ці выштурхнуць за мяжу. Не ўдалося яго залагодзіць і ганаровымі званьнямі. І пачалося цкаваньне, якое ня скончылася і па сёньня.

Ужо і маналітнай КПСС няма, і пра Палітбюро ўжо шмат хто ня помніць, але некаторыя з былых камуністаў працягваюць ранейшае змаганьне. Вольныя дні пэнсійнага жыцьця ці пасада, якая дае някепскі заробак ды пакідае шмат вольнага часу, — і вось разварочваецца бурная дзейнасьць: ствараюцца нейкія саюзы-асацыяцыі, ад іх імя рассылаюцца пісьмы-патрабаваньні — у міністэрствы, у Акадэмію навук, у Адміністрацыю прэзыдэнта, куды толькі можна — з подпісамі «старшыня асацыяцыі», «вэтэран-падпольшчык» для моцы. Пісьмаў шмат, хаця аўтары часьцей адны і тыя ж, і ствараецца ўражаньне масавасьці патрабаваньняў. А каб падмацаваць такое ўражаньне, зьбіраюцца «круглыя сталы» для абмеркаваньня гэтых пісьмаў, што і статус пісьмаў узвышае, і стварае бачнасьць масавай падтрымкі (ня важна, што людзі казалі на сходзе, важна, што яны прысутнічалі). Большасьць вэтэранаў, якіх намінальна ўцягваюць у такія асацыяцыі, не падазраюць, якія мэты прыкрываюцца іхнымі імёнамі. І калі ім паведамляеш, зьдзіўляюцца і абураюцца.

Гэтыя акцыі маюць на мэце, пад выглядам барацьбы за патрыятызм, вярнуць у школьныя праграмы літаратурныя творы, складзеныя адпаведна напаўзабытым камуністычным мітам, і забараніць творы, што супярэчаць мітам, вярнуць камуністычны погляд на гісторыю. І вось ужо міністэрства вымушана рэагаваць на «патрабаваньні вэтэранаў» абмежаваць вывучэньне твораў Быкава.

Але быкаўская праўда прарастае праз накіданае ідэалягічнае сьмецьце і прымушае думаць аб змаганьні высакародзтва і подласьці ў душы кожнага чалавека — падчас вайны ці ўжо й безь яе. І тое, што савецкія ідэолягі лічылі геройскім, сёньня можа зьмяніць ацэнкавы знак.

Вось рэальная сытуацыя. Фашысты, заняўшы вёску, пакідаюць у ёй гарнізон зь пяці чалавек і ідуць далей. Папярэджваюць жыхароў: калі гарнізон будзе зьнішчаны, то вёска будзе спалена і жыхары яе пастраляныя. Ноччу прыходзяць два дзясяткі партызанаў, справіцца з маленькім гарнізонам ім няцяжка, у справаздачы наверх яны смакуюць падрабязнасьці, як голыя гітлераўцы выскоквалі з вокнаў і напорваліся на штыкі. А тое, што вёска спалена і жыхары яе пазабіваныя фашыстамі?..

А тое, што прыдуманаму Куляшовым камсамольцу, які замярзаў, прыціскаючы да сэрца білет, ёсьць рэальны антыпод — малады партызан, які пад пагрозай расстрэлу адмаўляўся ўступаць у камсамол (пра гэты выпадак расказвала «НН»)? «Гэта адзінкавы выпадак!» — крычала мне сівая жанчына, былая партызанка. Нібыта куляшоўскі камсамолец быў выпадкам масавым.

Таямніцы вайны яшчэ чакаюць сваіх уніклівых дасьледчыкаў. І творы В.Быкава — як паходні для такіх дасьледчыкаў.

Міхась Булавацкі, Магілёў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0