Прарыў у графіцы, заняпад у ілюстраваньні

У віленскім Цэнтры сучаснага мастацтва экспануецца выстава «Графіка». Сотня твораў эстампу, малюнку, кніжнай ілюстрацыі, фатаграфіі ды іншых красамоўна сьведчыць, што краіна выходзіць ня толькі на палітычнае збліжэньне з Эўропай. Выстава дэманструе годнасьць і творчы патэнцыял, зь якім ня сорамна далучыцца да Зьвязу.

Адметна, што літоўскі эстамп даўно пераадолеў беларускую праблему недахопу цынкавых пласьцінаў ды літаграфскіх камянёў, якія дзеля рэжыму эканоміі з кожным годам становяцца ўсё меншага фармату. Хутка наша графіка ператворыцца ў паўсюдны міні-прынт, у якім мы сапраўды дасягнулі міжнароднага прызнаньня. Літоўскія творцы перайшлі на дошкі, фанэру ды іншыя асновы, якія далі магчымасьць ня толькі пашырыць палітру фактураў ды эфэктаў, але і дасягнуць шматмэтровых фарматаў.

Асобным разьдзелам дэманстраваліся модныя цяпер творы з паперы ручнога вырабу — вялізныя і маленькія інсталяцыі, станкавыя лісты, малюнак якіх утвараецца з суплётаў і напластаваньня рознакаляровых валокнаў цэлюлёзы. У выстаўных залях гарэлі нават сьвяцільні, зробленыя з паперы.

Але асабліва ўразіла асобная міжнародная экспазыцыя «Кніга-2003», якая адбываецца ў рамках выставы «Графіка». Дзясятак мастакоў з усяго сьвету прадстаўляюць унікальныя кнігі, зробленыя ў адзінкавых экзэмплярах. Як строі ад куцюр’е, якімі мы захапляемся толькі на паказах мод. Пасьля выставы тыя кнігі разыдуцца па калекцыях музэяў і прыватных асобаў.

Што тычыцца кніжнай ілюстрацыі, дык тут мы можам паспрачацца зь літоўцамі за першынство. У параўнаньні зь іншымі гэты разьдзел на выставе сьціплейшы колькасна і якасна. Вядома, тут ёсьць самыя разнастайныя тэхнікі выкананьня і вобразы, але гэта далёка ня тое багацьце, якое было раней. Магчыма, даступнасьць кампутара пазбавіла мастакоў кнігі неабходнасьці проста маляваць. Таму прыемна адзначыць вартасьці нашых «тачыльшчыкаў».

Дзяніс Раманюк